«Белсат» – праект дзеля дэмакратызацыі, які шмат чым нагадвае такія медыйныя прадпрыемствы, як «Радыё Свабодная Еўропа» ці «Голас Амерыкі», што паспяхова закладалі асновы свабоды і грамадзянскай супольнасці ў Польшчы ў камуністычны час. Таму тэлеканал імкнецца гарантаваць беларусам і грамадзянам іншых постсавецкіх краінаў доступ да незалежнай інфармацыі, дакладных ведаў пра гісторыю, даць поўную карціну падзеяў у свеце, а таксама стварае прывабныя культурныя і забаўляльныя праекты на роднай мове.З моманту заснавання тэлеканалу журналісты «Белсату» робяць праграмы на беларускай мове, што застаецца важнай адметнасцю каналу ў медыйнай прасторы Беларусі. Афіцыйныя ўлады варожа ставяцца да праяваў беларускасці ў грамадскім жыцці, і «Белсат» паслядоўна працуе над папулярызацыяй роднай мовы – не толькі праз сталую прысутнасць у эфіры, але і праз прамоцыю беларускай культуры і падтрыманне адукацыйных ініцыятываў. Пры гэтым запрошаныя ў студыю госці вольныя выбіраць для сябе паміж беларускаю мовай і дагэтуль пераважнай расейскай. Пасля анексіі Крыму і акупацыі Данбасу Расеяй узнікла неабходнасць у тым, каб «Белсат» пашырыў сваю прапанову для расейскамоўных людзей, якія жывуць у іншых постсавецкіх краінах.