Распачаты з прыняцця новага закону працэс перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў у Беларусі набліжаецца да заканчэння. Апытаныя «Белсатам» эксперты мяркуюць, што ягоная мэта – зачыстка нелаяльных і кантроль тых, хто застанецца. У выніку ж беларусы страчваюць чарговы астравок свабоды, як і важныя сацыяльныя праекты, што гэтыя арганізацыі праводзілі.
У Беларусі 5 ліпеня канчаецца перыяд падачы рэлігійнымі арганізацыямі дакументаў для перарэгістрацыі. Гэта прадугледжана законам «Аб змяненні законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў» ад 30 снежня 2023 года. Сам жа працэс перарэгістрацыі мае завяршыцца да 1 студзеня 2026 года, калі выніковыя звесткі ўнясуць у Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Згаданы закон вельмі моцна ўскладніў рэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў, павялічыў колькасць асобаў, якія мусяць быць заснавальнікамі рэлігійных суполак, увёў дадатковыя абмежаванні да іх кіраўніцтва і абмежаваў магчымасць утварэння рэлігійных аб’яднанняў. Вернікі выказвалі занепакоенасць, што закон пазбавіць магчымасці існавання невялікія рэлігійныя суполкі і арганізацыі, пры гэтым падаўшы ўладам вялікія аб’ёмы інфармацыі пра вернікаў. На гэта ж намякаў і ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
Частка агульнай тэндэнцыі
Наталля Васілевіч з «Хрысціянскай візіі» адзначыла ў каментары «Белсату», што хоць сам працэс і называецца перарэгістрацыяй рэлігійных арганізацыяў, дэ-факта гэта іх рэгістрацыя нанова:
,,«Іх усіх дэ-факта пазбаўляюць юрыдычнай асобы, і цяпер трэба зарэгістраваць новую юрыдычную асобу».
Віталь Рымашэўскі, лідар фракцыі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў у Каардынацыйнай радзе, мяркуе, што задача перарэгістрацыі – паставіць рэлігійныя арганізацыі пад кантроль, а тых, хто «не адпавядае фармату лукашэнкаўскай палітыкі», – знішчыць і закрыць. Паводле яго, найперш зачышчаюцца тыя арганізацыі, кіраўнікі якіх выявіліся нелаяльнымі да ўладаў у 2020 годзе. Пад рызыкаю, паводле яго, таксама неправаслаўныя рэлігійныя арганізацыі, знішчэнне якіх прасоўваецца адэптамі «русского мира».

«Я думаю, што значная частка рэлігійных арганізацыяў не пройдзе перарэгістрацію, і гэта паказвае, што перарэгістрацыя была рэпрэсіўным захадам. Гэта можна даказаць праз знішчэнне вялікай колькасці рэлігійных арганізацыяў і гэтым можна апераваць», – сказала Васілевіч.
Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацыяў ёсць часткай зачысткі грамадскага поля, якую ўлады Беларусі ладзяць пасля пратэстаў 2020 года. Гэтак, раней было ліквідавана 12 з раней дзейных 15 палітычных партыяў. Таксама, паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», былі знішчаныя 275 грамадскіх арганізацыяў. Цяпер жа дайшла чарга і да рэлігійных.
Як праходзіць перарэгістрацыя?
Прадстаўніца «Хрысціянскай візіі» падкрэсліла, што перарэгістрацыя праходзіць «даволі непразрыста». На яе думку, гэта робіцца наўмысна, каб перашкодзіць праваабаронцам і журналістам ацэньваць працэс, адзначаць трэнды і тэндэнцыі. Адсутнасць звестак адносна перарэгістрацыі экспертка параўнала з хаваннем уладамі статыстыкі смерцяў ад каронавіруса, што рабілася, «каб не было бачна, наколькі правальнай стала палітыка па барацьбе з COVID у Беларусі». Да таго ж, улады Беларусі спрабуюць паказваць сябе абаронцамі рэлігіі, і ім «нявыгадна, каб канкрэтныя лічбы сведчылі пра адваротнае», сказала Васілевіч.

Каталіцкі святар, які ўзначальвае адну з каталіцкіх парафіяў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, расказаў, што ў яго праблемаў з перарэгістрацыяй не ўзнікла. Праўда, давялося пашукаць дадаткова людзей, каб назбіраць 20 людзей замест ранейгышых 10 для перарэгістрацыі – пагадзіліся дапамагчы тыя каталікі, якія самыя не ходзяць у касцёл.
Паводле святара, у некаторых выпадках перарэгістрацыі чыноўнікі «чапляліся да кожнай коскі і літары» і «па пяць разоў вярталі дакументы», хоць часам і самыя ішлі насустрач вернікам і дапамагалі з падрыхтоўкай дакументаў.
,,«З ініцыятывы некаторых ксяндзоў яны самыя ліквідавалі парафіі. Хоць некаторыя можна было і не ліквідаваць», – адзначыў святар, прывёўшы ў прыклад закрыццё каталіцкай парафіі ў менскіх Шабанах.
Ліквідацыю шэрагу абшчын падчас перарэгістрацыі Васілевіч звязала ў тым ліку з дэмаграфічнымі працэсамі ў беларускім грамадстве: як са змяншэннем агульнай колькасці насельніцтва, гэтак і са зніжэннем арганізаванай рэлігійнасці тых, хто застаецца. Шмат якія асобы, якія раней – у 1990-2000-я – былі заснавальнікамі рэлігійных абшчынаў, цяпер не могуць гэтага зрабіць, бо памерлі або з’ехалі за мяжу. У выніку часам даводзіцца адмаўляцца ад некаторых супольнасцяў, аб’ядноўваць іх паміж сабой і гэтак далей, асабліва калі гэта не мае ніякіх маёмасных наступстваў.
У нарвежскай праваабарончай арганізацыі «Forum 18», якая вывучае парушэнне свабоды сумлення на постсавецкай прасторы, у сваю чаргу паведамілі «Белсату», што, паводле іх звестак, часам падчас перарэгістрацыі вернікаў распытвалі пра іхнае стаўленне да кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна. Але пакуль праваабаронцы не здолелі праверыць, наколькі гэта шырокая практыка – ці гэта афіцыйная палітыка, ці мясцовая ініцыятыва. У «Forum 18» не выключаюць, што такім чынам людзей могуць не наўпростава распытваць пра іхнае стаўленне да вайны ва Украіне або да Аляксандра Лукашэнкі.
Ліквідаваныя могуць быць сотні
Некаторыя рэлігійныя арганізацыі – як парасонавыя (Беларуская праваслаўная царква, Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі), гэтак і асобныя парафіі і ўстановы – ужо прайшлі перарэгістрацыю. Але ў цэлым ацаніць на гэты момант яе паспяховасць даволі цяжка.
Сайт упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў станам на сярэдзіну 2025 года змяшчае звесткі толькі на 1 студзеня 2024 года. Ёсць інфармацыя пра колькасць зарэгістраваных рэлігійных абшчынаў і на сайтах аблвыканкамаў, але не аднастайная. Гэтак, Магілёўскі аблвыканкам дае інфармацыю станам на 1 лютага 2023 года, а сайт Берасцейскага аблвыканкаму хоць і апублікаваў свае звесткі 27 студзеня 2024 года, але яны на тры абшчыны адрозніваюцца ад тых, што на сайце ўпаўнаважанага.
Тым не менш, некаторыя аблвыканкамы ўсё ж абнавілі свае звесткі пасля 2024 года. Гэтак, Віцебскі падае колькасць зарэгістраваных рэлігійных абшчынаў станам на 1 студзеня 2025 года: у рэгіёне іх дзейнічае 525 з 18 канфесіяў. Праўда, ручны падлік паказвае, што абшчынаў трохі менш – 524. Калі параўнаць гэта са звесткамі сайту ўпаўнаважанага за год да таго, то колькасць зарэгістраваных абшчын скарацілася на 41 (7,3 %). У прыватнасці, ліквідаваныя 20 праваслаўных абшчын, 9 – рыма-каталіцкіх, чатыры – хрысціянаў веры Евангельскай (пяцідзясятнікі; ХВЕ), па дзве – адвентысцкія і лютэранскія, а таксама па адной абшчыне хрысціянаў поўнага Евангелля (харызматы; ХПЕ), Новаапостальскай царквы, мусульманаў і прагрэсіўнага юдаізму.
У Менскай вобласці, адзначае Katolik.life, колькасць зарэгістраваных рэлігійных абшчынаў за год скарацілася з 714 да 708. Праўда, на сайце Менскага аблвыканкаму звесткі нашмат ніжэйшыя, хоць і дата, на якую яны пададзеныя, не паведамляецца. Сам артыкул «Меншчына этнаканфесійная» быў апублікаваны яшчэ 16 верасня 2024 года. Параўнанне ж колькасці зарэгістраваных абшчын са звесткамі з сайту ўпаўнаважанага дае падставы меркаваць, што артыкул адлюстроўвае сітуацыю ўжо па факце перарэгістрацыі. Прынамсі за 2019-2024 гады, звесткі пра якія можна знайсці ў архіўных копіях сайту, такой нізкай колькасці зарэгістраваных абшчын на Меншчыне не было.
Такім чынам, пасля 1 студзеня 2024 года колькасць зарэгістраваных абшчын у Менскай вобласці зменшылася на 43, або на 6 %: з 714 да 671. У прыватнасці, было ліквідавана 35 праваслаўных абшчын, 4 пяцідзясятніцкія, па 2 рыма-каталіцкія і прагрэсіўнага юдаізму, 1 хрысціянаў поўнага Евангелля, а таксама зарэгістраваная 1 новая абшчына артадаксальнага юдаізму.
Агулам толькі ў дзвюх вобласцях не прайшлі перарэгістрацыю 55 праваслаўных абшчын, 11 – рыма-каталіцкіх, 8 – пяцідзясятніцкіх, 3 – прагрэсіўнага юдаізму, па 2 – адвентыстаў і лютэранаў, па 1 – ХПЕ, мусульманаў і Новаапостальскай царквы. Але дадалася адна абшчына артадаксальнага юдаізму. Разам былі ліквідаваныя 84 абшчыны, або 2,5 % усіх зарэгістраваных у Беларусі.
Паводле колькасці зарэгістраваных абшчынаў беларускія канфесіі адкаціліся недзе на дзесяцігоддзе, калі не больш. Праваслаўная царква цяпер на ўзроўні 2017/2018 года, Рыма-каталіцкі касцёл і хрысціяне веры Евангельскай – прыблізна 2014-га, а адвентысты – на ўзроўні пачатку 1990-х. А гэта яшчэ без уліку звестак з Берасцейскай, Гарадзенскай, Гомельскай і Менскай вобласцяў, а таксама Менску.
На Віцебшчыне і Меншчыне ў сярэднім перарэгістрацыю не прайшлі 6,5 % абшчын, калі перавесці гэтыя адсоткі ў маштаб краіны, то агулам у Беларусі могуць быць ліквідаваныя каля 220 рэлігійных абшчын. Гэта адкіне рэлігійнае жыццё краіны на пачатак 2010-х. Праўда, месцамі, як напрыклад, на Шчучыншчыне перарэгістрацыю праходзяць усе мясцовыя рэлігійныя абшчыны. Так што, на гэты момант наўпрост экстрапаляваць звесткі з двух рэгіёнаў на ўсю Беларусь не атрымліваецца.
Не толькі абшчыны, але і служэнні
Суразмоўцы «Белсату» падкрэслілі, што перарэгістрацыя закранае не толькі рэлігійныя абшчыны або іх аб’яднанні, але і іншыя рэлігійныя арганізацыі.
,,«Рэлігійныя арганізацыі – гэта таксама і сацыяльныя службы, моладзевыя служэнні, ініцыятывы, якія працуюць з групамі рызыкі (з алкаголікамі, наркаманамі). Гэта велізарная частка грамадзянскай супольнасці, якая, на жаль, заўсёды заставалася па-за ўвагай і ейная роля недаацэньвалася нават незалежнымі медыямі, грамадзянскімі супольнасцямі і дэмакратычнымі палітыкамі. Але для Беларусі яны неацэнную карысць для развіцця грамадзянскай супольнасці прыносяць», – сказаў Рымашэўскі.
Васілевіч адзначыла, што ў выпадку, калі такія рэлігійныя арганізацыі не пройдуць перарэгістрацыю, незразумела, што будзе з іхнай дзейнасцю і іхнымі праектамі, колькі людзей пацерпяць ад іх закрыцця. Як і агулам, што будуць рабіць з маёмасцю ліквідаваных рэлігійных арганізацыяў – ці яе будуць забіраць, перадаваць іншым рэлігійным супольнасцям або рэлігійнаму аб'яднанню.
У цэлым, дадала прадстаўніца «Хрысціянскай візіі», у Беларусі ўся дзейнасць (сацыяльная, гуманітарная, адукацыйная, асветніцкая, культурная), і так «вельмі істотна скарачаецца», як і публічная прастора для любой нізавой ініцыятывы ў краіне. І ўсё, што выходзіць за расстаўленыя ўладамі «сігнальныя сцяжкі», «адразу маркіруецца як рызыкоўнае і небяспечнае».

Раўненне на Расею
Рымашэўскі мяркуе, што беларускія ўлады хацелі б збудаваць свае стасункі з рэлігійнымі арганізацыямі паводле расейскай мадэлі, якая ў сваю чаргу бярэ прыклад з нацысцкай Нямеччыны.
,,«У Савецкім Саюзе збольшага цэрквы ўспрымалі як ворагаў, і задача ўлады была іх знішчыць. А ў нацысцкай Нямеччыне задача была якраз падпарадкаваць цэрквы і зрабіць іх рэтранслятарам дзяржаўнай прапаганды. І тое ж самае зараз робіць паспяхова, на жаль, Крэмль», – сказаў ён, нагадаўшы, што вайну з Украінай у РФ падтрымліваюць прадстаўнікі самых розных рэлігійных арганізацыяў.
У Беларусі, паводле яго, сітуацыя пакуль іншая, але ўлады робяць усё, каб «незалежная царква ў Беларусі была знішчаная».
Макар Мыш belsat.eu