Аналітыка

Лукашэнка паляцеў з раптоўным візітам у Кітай. Ці ёсць дасягненні ў супрацы?

Пекін, Кітай
Пекін, Кітай. 5 лістапада 2024 года. Фота: Deposit / East News
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка чакае сяброўскай і нават «сямейнай» сустрэчы з Сі. Мяркуючы з кітайскіх медыяў, гэтай сустрэчы ў Кітаі не асабліва чакаюць. А мяркуючы са статыстыкі гандлю і апошніх навінаў, Беларусь не надта цікавая Кітаю, нягледзячы на абвешчанае «ўсёпагоднае і ўсёабдымнае стратэгічнае партнёрства».

Чытайце таксама:
Нацыянальны сцяг Кітайскай Народнай Рэспублікі лунае на ветры на фоне жылых будынкаў, 20 мая 2025 года ў Чунцын, Кітай. Фота: Cheng Xin/Getty Images

Кітай робіць стаўку на Аляксандра Лукашэнку?

Аляксандр Лукашэнка 2–4 чэрвеня наведвае Кітайскую Народную Рэспубліку з працоўным візітам, паведаміла ягоная прэс-служба. У Пекіне чакаецца сустрэча з кіраўніком Кітаю Сі Цзінь Пінам – прэс-служба Лукашэнкі анансуе, што гэта будзе «традыцыйная дружалюбная сямейная сустрэча».


Лукашэнка і Сі, як гаворыцца ў анонсе, «абмяркуюць стан і перспектывы развіцця беларуска-кітайскіх стасункаў, іх максімальнае напаўненне практычным зместам за кошт рэалізацыі супольных праектаў і пашырэння шматбаковых ініцыятываў, у цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні міжнароднай супрацы».


У кітайскіх дзяржаўных навінах амаль няма згадак пра візіт Лукашэнкі. Хіба газета «Global Times» дала кароткі анонс са спасылкаю на БелТА (якое мае кітайскую версію) і згадкаю таго, што Лукашэнка хваліць беларуска-кітайскія стасункі, гатовы супрацоўнічаць з Кітаем у праектах праграмы «Адзін пояс – адзін шлях» і падтрымлівае прынцып «адзінага Кітаю», то бок не прызнае незалежнасці Тайваню. Расказваюць пра гэта значна менш, як пра кітайскую імпрэзу «Гарбата для гармоніі свету» ў Менску. Падобна, Кітай значна больш цікавіцца Расеяй і спыненнем вайны ва Украіне. Нават да прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, як выглядае з кітайскіх медыяў, у Кітаі большая ўвага, чымся да візіту Лукашэнкі.


Візіт у Кітай адначасова анансаваны і неанансаваны. Лукашэнка яшчэ ў снежні 2024 года казаў, што «ёсць запрашэнне кітайскага кіраўніцтва пабываць у Кітаі», некалькі разоў пра гэта нагадваў і адзначаў, што гэта будзе «да выбараў». Але тады так і не дабраўся. Версіі былі розныя: ад непрымальных да Кітаю праблемаў са здароўем Лукашэнкі да ягонага антыкітайскага дэмаршу. А перад тым Лукашэнка чамусьці не паляцеў у Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях».


Адзін бок хоча другому не надта цікава?


Беларуская даследчая сетка добрасуседскай палітыкі выдала агляд вонкавай палітыкі Беларусі ад Розы Турарбекавай і Лізаветы Дубінкі-Гушчы. Паводле аналізу, Кітай для Беларусі – другарадны партнёр пасля Расеі. 


Уплыў Кітаю ў Беларусі пераважна эканамічны, але Кітай прапануе толькі абмежаваную эканамічную дыверсіфікацыю. Гэтак, улады Беларусі бачаць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк як кластар высокатэхналагічных інавацыяў, але для Кітаю ён найперш лагістычны цэнтр, а з лагістыкаю – праблемы праз санкцыі і перашкоды, звязаныя з вайною ва Украіне. З абмежаванай гандлёвай статыстыкі вынікае, што Кітай не замяніў і наўрад ці заменіць Еўропу ў якасці асноўнага эканамічнага партнёра Беларусі.


Уступленне Беларусі ў ШАС – хутчэй, неабходнасць ва ўмовах амаль поўнай ізаляцыі ад Еўропы, але абвешчанае «стратэгічнае партнёрства» з Кітаем кантрастуе з рэальным узроўнем палітычнага ўзаемадзеяння. Кітай у Беларусі выкарыстоўвае «мяккую сілу» для павелічэння культурнага і эканамічнага ўплыву, але амаль не дадае палітычнай аўтаноміі ці стратэгічнага балансу ды застаецца толькі патэнцыйнаю супрацьвагаю Расеі. 


Ад візіту варта чакаць прыгожых словаў і мінімальнага эфекту


Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін кажа ў каментары «Белсату», што ад візіту чакае перадусім хвалю абмеркаванняў у медыях, беспадстаўныя заявы пра тое, што «Кітай можа замяніць для Беларусі Расею», а таксама «маляванне» Лукашэнкі на экране побач з Сі. Нечага радыкальнага, як разрыву Лукашэнкі з Крамлём ці вызвалення палітвязняў, чакаць не варта. Красулін не бачыць падставаў да абмеркавання чагосьці істотнага між Лукашэнкам і Сі.

,,

«Тут нічога мяняцца не будзе, – прадказвае Красулін. – Мяняцца будзе на фронце расейска-ўкраінскай вайны, на перамовах паміж Расеяй і Украінай. Гэтаму, вядома, больш увагі варта надаваць, чымся візіту».


У Кітаю Беларусь выклікае пэўны інтарэс. Кітаю пакуль яшчэ цікавы транзіт кітайскіх тавараў у Еўропу праз Беларусь – і цікавая ліквідацыя перашкодаў на мяжы Беларусі і Еўразвязу. Цікавая таксама прысутнасць Кітаю пад межамі Еўразвязу і NATO, бо NATO ўвесь час дэманструе сваю прысутнасць ля «зоны інтарэсаў» Кітаю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Але інтарэсы Кітаю і Расеі не перасякаюцца ў Беларусі, Кітай нават зацікаўлены ў тым, каб Беларусь была блізкая да Расеі.


Для Лукашэнкі візіт у Кітай цікавы найперш увагай у медыях, прысутнасцю побач з другім чалавекам у свеце пасля Доналда Трампа. Лукашэнка можа казаць пра інвестыцыі ў Беларусь, магчымасці продажу беларускай прадукцыі ў Кітай, але Кітай не цікавіцца беларускімі прадпрыемствамі, не бачыць перспектываў інвестыцыяў. Беларуская эканоміка проста не мае чаго прапанаваць Кітаю:


«Лукашэнка за 31 год кіравання давёў беларускую эканоміку да стану, калі яна можа яшчэ пастаўляць калійныя ўгнаенні ці драўніну на вонкавыя рынкі, – разважае Красулін. – Можа яшчэ прадукцыю сельскай гаспадаркі... Толькі тут, як мы толькі што пераканаліся, пастаўляць можам. Толькі вось што тады застанецца для ўнутранага спажывання?»

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком «CITIC Group» у Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком «CITIC Group» у Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года. Фота: president.gov.by

Кітай некалі цікавіўся беларускім сухім малаком, згадвае Красулін. Але гэтую нішу цяпер можа перакрыць вытворчасць у Кітаі, а Беларусь усё больш кажа, што можа прадаваць тое сухое малако ў Пакістан ці Экватарыяльную Гвінею.


Супраца Беларусі і Кітаю, адзначае Красулін, выклікае на Захадзе сапраўдную занепакоенасць – не тую мэмную «глыбокую занепакоенасць», якая ні да чаго не прыводзіць. Захаду важна не дапусціць выхаду за «чырвоныя лініі»: каб Беларусь не зрабілася «дзіркаю», праз якую ў Расею ідуць падсанкцыйныя тавары, а «штосьці падказвае», што значны рост экспарту кітайскай электронікі ў Беларусь – не для ўнутранага беларускага спажывання. Анансаваныя пастаўкі кітайскіх ракетаў для беларускіх комплексаў «Паланэз» выклікаюць чуткі пра тое, што «Паланэзы» потым пойдуць у Расею. Кітай, на думку Красуліна, разумее, што гэта «чырвоная лінія».

,,

«Кітай будзе стрымліваць сябе, каб не зрабіць гэтага неасцярожнага кроку, і каб ягоныя цудоўныя эканамічныя стасункі з краінамі Захаду, у якіх ён зацікаўлены значна больш, як у рэжыме Аляксандра Рыгоравіча, не пацярпелі», – мяркуе Красулін.


Усё будзе акуратна і дыпламатычна, а што трэба, будзе акуратна прыхавана, рэзюмуе суразмоўца. Але прыхаванае не будзе «далёка сягаць», каб выпадкова не парушыць больш важных эканамічных сувязяў. Пагрозы Беларусі Еўропе мо і падабаюцца Кітаю, але не падабаецца перспектыва іх рэалізацыі і перашкоды «Поясу – шляху».


У якім стане цяпер кітайска-беларускія стасункі


Чытайце таксама:
Аляксандр Лукашэнка і Лі Шан Фу 17 жніўня 2023 года. (Фота: president.gov.by)

Міністр абароны Кітаю знік неўзабаве пасля візіту да Лукашэнкі

Беларусь і Кітай наладзілі дыпламатычныя стасункі яшчэ ў 1992 годзе. Лукашэнка лятаў у Кітай 14 разоў, у другой палове 2010-х – штогод. Беларусь двойчы наведвалі кіраўнікі Кітаю: Цзян Цзэмінь у 2001-м і Сі Цзінь Пін ў 2015-м; у 2010-м Сі таксама прылятаў у статусе намесніка старшыні КНР. 


У 2021 годзе Лукашэнка падпісаў спецыяльную дырэктыву пра развіццё стасункаў з Кітаем. У 2022-м Кітай абвясціў пра «ўсёпагоднае і ўсёабдымнае стратэгічнае партнёрства» з Беларуссю. Беларусь бярэ ўдзел у кітайскай ініцыятыве «новага шаўковага шляху» – праграме «Адзін пояс – адзін шлях» (на шляху, праўда, сталі санкцыі і напаўзакрытыя межы), з 2024-га ўваходзіць у Шанхайскую арганізацыю супрацы. 


Да 2006 года Беларусь больш экспартавала ў Кітай, чымся імпартавала адтуль, але з 2006-га пачаўся імклівы рост імпарту з Кітаю. У 2024-м экспарт склаў толькі $ 1,81 млрд, а імпарт быў у 3,6 разу большы – $ 6,58 млрд. Пры гэтым экспарт у Кітай знізіўся прыкладна на траціну ў параўнанні з 2023 годам. Імпарт з Кітаю павялічыўся на $ 0,75 млрд. 


Гэта праблема для Беларусі: вонкавы гандаль «вымывае» валюту з краіны, праз амерыканскія мыты экспарт кітайскіх тавараў у Беларусь можа яшчэ больш вырасці, а пастаўкі ўгнаенняў у Кітай прыносяць Беларусі ўсё менш грошай. Для Кітаю Беларусь – кропля ў моры: за мінулы год Кітай наэкспартаваў тавараў на $ 3577 млрд. Экспарт у Беларусь – адна тысячная частка экспарту Кітаю ў краіны ASEAN (Паўднёва-Усходняй Азіі). Да таго ж Кітай перамагае Беларусь на расейскім рынку, выцясняе беларускіх экспарцёраў.


Кітай шмат інвестуе у Беларусь: ён на трэцім месцы пасля Расеі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Дакладных лічбаў не называлі, але за апошнія пяць гадоў кітайскія інвестыцыі ў Беларусь выраслі ў 2,6 разу. Самыя прадаваныя машыны ў Беларусі – «Belgee», то бок кітайскія «Geely» беларускага збору часткова з беларускіх дэталяў. Самая «распіяраная» вайсковая распрацоўка Беларусі – рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз» – спачатку стваралася пад кітайскія ракеты, толькі потым была пераабсталяваная пад беларускія.


Кітайскія інвестыцыі як мінімум спрэчныя. Былі праблемы з акупальнасцю Кітайска-беларускага індустрыйнага парку «Вялікі камень», ён не выконваў пастаўленых мэтаў. Напрыклад, у 2022 годзе анансавалі, што ў кітайска-беларускім парку «Вялікі камень» будуць вырабляць пажарныя дроны, але з таго часу навінаў пра запуск вытворчасці не было. Кітайскі стадыён у Менску мелі дабудаваць да канца 2023-га, але адкрыццё толькі анансуюць на гэтае лета. Кітаі ахвотна дае крэдыты на заведама стратныя праекты, каб узмацняць свой уплыў праз ціск.


Выглядае, Кітай цікавіцца вайсковаю супрацаю з Беларуссю, але цікавасць умераная. І Кітай як мінімум не супраць таго, што Беларусь пастаўляе ў Еўразвяз сваю падсанкцыйную драўніну пад выглядам кітайскай, але не відаць, каб Кітай шырока і ўсебакова дапамагаў Беларусі абыходзіць санкцыі.


Алесь Наваборскі, Аліна Скрабунова belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10