Навошта ў Менск прыляцеў віцэ-прэм'ер ураду ў Пекіне? Ці сапраўды сёлета расейцы плануюць уцягнуць Беларусь у канфлікт супраць дзяржаваў NATO? Як Святлане Ціханоўскай удалося сустрэцца з палітычным кіраўнікамі важных еўрапейскіх дзяржаваў за адзін дзень? Пра гэта ў праграме «Прасвет» Сяргей Пеляса размаўляе са Змітром Міцкевічам і палітолагам, адмыслоўцам у галіне бяспекі Алесем Казаком
Сяргей Пеляса: У Менск нечакана прыляцеў чацвёрты віцэ-прэмʼер Дзяржаўнага Савету КНР. Лю Го Чжун наведаў Швейцарыю, дзе ўзяў удзел у нейкім саміце ААН. Па дарозе з Жэневы прыляцеў у Менск. Адкуль такая нечаканая пасадка кітайскага высокага чыноўніка ў Менску?
Алесь Казак: Магчыма, гэта працяг спробаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дамаўляцца і шматвектарнасці, пра якую апошнім часам даволі моцна мараць. Гэта пэўная відавочная зацікаўленасць Кітаю.
Сяргей Пеляса: Змітру, маршрут кітайскага чыноўніка, віцэ-прэмʼера ўраду Кітаю Лю Го Чжуна выглядае арыгінальна. Самалёт са Швейцарыі не паляцеў наўпрост у Менск. Ведаем, што, пасля таго як затрымалі ў беларускай прасторы «Ryanair» з Раманам Пратасевічам, увялі санкцыі і няма паветранага злучэння ў Беларусі з Еўропай. Гэты самалёт маглі тэарэтычна прапусціць. Кітайскі самалёт не паляцеў праз Польшчу ці Літву, а праз Нямеччыну, Балтыйскае мора і Латвію і прызямліўся ў Менску. Ёсць у цябе тлумачэнне, чаму гэты маршрут мог так выглядаць?

Зміцер Міцкевіч: Пытанне, з кім прасцей было дамовіцца. Верагодна, немцы не асабліва цікавіліся, у любым выпадку яны праз іх меліся ляцець. У Латвіі засталіся сувязі, і ім не трэба было ствараць лішніх праблемаў. Думаю, там няма настолькі жорсткай пазіцыі, што будуць перакрываць увесь кісларод рэжыму Лукашэнкі. Тым больш стасункі з Кітаем трэба захоўваць. Самы просты варыянт, без лішніх зрухаў.
,,Цікава, што пасадка адбывалася, як мы правяралі, без асаблівай патрэбы, бо без дазапраўкі гэты самалёт мог даляцець да Кітаю. Ён у Менску прызямліўся. Значыць, адмыслова хацелі паразмаўляць. Пераначавалі, каб сустрэчу правесці. Значыць, размовы былі сапраўды па справе, бо паказалі вельмі мала.
Сяргей Пеляса: Ёсць цытаты. Пракаментуем тое, што ён заявіў. Ягоныя заявы – гэта ціхі крык пра дапамогу. Не вельмі гучны і закамуфляваны. Заявы Лукашэнкі прасцей расшыфраваць, чым кітайскіх камуністаў. Яны заўсёды завуаляваныя. Мы спецыялізуемся на тым, што заявіў Лукашэнка. Ён заявіў аб праблемах у дачыненнях з Кітаем. Цытую: Лукашэнка канстатаваў, што на ўсепагодным шляху заўсёды ёсць складанасці і цяжкасці, але ў дачыненнях з Кітаем іх зусім не шмат. Сказаў, што ёсць жаданне рухацца далей і ўпэўнены, што тыя кантракты, якія б хацелі рэалізаваць, будуць рэалізаваныя. Ёсць нейкія кантракты, якія не рэалізуюцца. Ёсць стратэгічныя дачыненні, якія не зусім працуюць. У чым праблема?
Алесь Казак: Перадусім лагістыка. Беларусь – істотны пункт на мапе для Кітаю ў межах іх гандлёвых шляхоў. Пэўна, гаворка пра забавязанне ў пытаннях лагістыкі, бо гэты калідор транспартавых магчымасцяў даволі моцна звузіўся праз сітуацыю ў рэгіёне, напад Расеі на Украіну.
,,Украіна не можа абслугоўваць цягнікоў сваё чыгункаю з кітайскімі таварамі. Фактычна застаецца толькі Беларусь, і з гэтым трэба працаваць. Улічваючы, што перад уварваннем таксама адбывалася адпаведная разбудова інфраструктуры і рыхтаванне базы да гэтага. Гаворка пра тое, што планавалася і не зрэалізавалася.
Сяргей Пеляса: Перад уварваннем, маецца на ўвазе адкрытая агрэсія Расеі супраць Украіны ўвосень 2021 года, калі мігранты штурмавалі польскую мяжу і межы краінаў Балтыі, Лукашэнка прыняў дырэктыву № 9. Стратэгічны дакумент, які апісвае планы разбудаваць дачыненні з Кітаем. І там быў фантастычна план збудаваць новую лінію чыгункі ад Менску да мяжы з Польшчай еўрапейскай шырыні. Менск мог бы стаць хабам перавалкі ці мантажу кітайскіх тавараў, напрыклад, «BelGee». У Менску гэта б загружалася і без замены колаў у Берасці ішло на Захад. Да 2025 года меліся апрацаваць гэты праект, але не апрацавалі. Ці гэта не тое, пра што кажа Лукашэнка і менавіта з кітайскага боку праблемы? Чаму?
Зміцер Міцкевіч: Падобна, праблемы з боку Лукашэнкі, паколькі ўсё ж санкцыі, няма палітычнай стабільнасці. Кітай не ведае, што будзе далей. Кітай не мае ўплыву на тое, як Крэмль будзе ўплываць на Лукашэнку, ці не прыдумаюць новы віток агрэсіі. Што яшчэ цікава, чамусьці за апошні час мы не бачым рыторыкі, якая была раней, і словазлучэння «жалезныя браты». Кітайцы любяць такія знакі і сімвалы. У іхнай дыпламатыі ёсць дэфініцыя «жалезныя браты». Жалезных братоў усяго два – Беларусь і Пакістан. Калі з Пакістанам зразумела, што ў іх стратэгічныя стасункі развіваюцца і там усё добра, то цяпер з Беларуссю ўвогуле не ўсё добра. Бачна, што з кітайскага боку ёсць незадаволенасць. Таму, верагодна, Лукашэнка згадвае, што ёсць цяжкасці і трэба патлумачыць. Можа, ён кітайцам спрабуе прадаць байку, што гэта еўрапейцы ўводзяць санкцыі, а ён невінаваты. Бачна, што не задаволеныя гэтым абодва бакі. Толькі хто на каго будзе ціснуць? Хутчэй, кітайцы Лукашэнку будуць умовы выстаўляць.
Праграму цалкам можна паглядзець тут: