навіны

Беларусь збіраецца ўзяць ільготны крэдыт у КНР. Чаму гэта дрэнная ідэя?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: newgrodno.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: newgrodno.by
podpis źródła zdjęcia

Беларускія ўлады збіраюцца ўзяць ільготны крэдыт у Кітаі. Адпаведная пастанова апублікаваная на прававым інтэрнэт-партале «Pravo.by».

Савет Міністраў Беларусі 23 студзеня ўхваліў адпаведны праект рамачнага пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Кітайскай Народнай Рэспублікі аб наданні ільготнага крэдыту нашай краіне.

Адказваць за правядзенне перамоваў і падпісанне пагаднення будзе Міністэрства фінансаў. У той жа час мэта, сума і іншыя звесткі пра крэдыт у дакуменце не ўдакладняюцца.

Як адзначыла ў сваім каментары для «Белсату» кіраўніца ўсходнеазіяцкага прадстаўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай лігі Украіны Марыя Макаровіч, у Кітаі існуе практыка даваць крэдыты на заведама стратныя праекты – такія, за якія краіны ніколі не здолеюць разлічыцца і будуць вымушаныя выплачваць не толькі сам крэдыт, але і штрафы і пені.

,,

«Кітай большы крэдытор, чым МВФ. Амаль кожны трэці праект, што яны крэдытуюць, заведама стратны. Такім чынам яны ўзмацняюць свой уплыў і могуць ціснуць на краіны датычна змякчэння ўмовы аплаты ці наадварот», – заўважыла Марыя Макаровіч.


Суразмоўніца «Белсату» адзначыла, што не мае звестак пра тое, які крэдыт збіраецца браць Беларусь у Кітая, але заўважыла, што агулам крэдыт з Кітая – гэта «дрэнная, небяспечная для эканомікі і бяспекі ідэя».

Марыя Макаровіч падкрэсліла, што любыя пагадненні з кітайскімі крэдыторамі і інвестарамі ўтрымліваюць пункты пра неразгалошванне і канфідэнцыяльнасць інфармацыі.

,,

«То бок сачыць за такімі праектамі і рухам грошай у іх складана праз адсутнасць інфармацыі, бо яна не публікуецца. Гэта дадаткова правакуе з'яўленне большай колькасці карупцыйных кейсаў з боку краіны, што атрымлівае крэдыт. Бо грамадства не здольнае эфектыўна кантраляваць гэтыя грошы і выдаткі», – заўважыла кіраўніца ўсходнеазіяцкага прадстаўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай лігі Украіны.


Нагадаем, што ў 2016 годзе Беларусь атрымала паўтара мільярда долараў ад Дзяржаўнага банку развіцця Кітаю на будаўніцтва горнаўзбагачальнага камбінату «Слаўкалій». У снежні 2019 года паведамлялася таксама, што Кітай вылучыць Беларусі тэрміновы крэдыт на суму 3,5 мільярда юаняў (больш за 500 мільёнаў долараў), тады яго назвалі «беспрэцэдэнтным».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10