«Geely» і «BelGee» за люты маюць 48,3 % ад усіх прададзеных машынаў у Беларусі. Месяцам раней яны адставалі ад расейскіх «Lada», якія тады мелі 39,7 % рынку.
Беларуская аўтамабільная асацыяцыя апублікавала статыстыку продажу легкавых аўтамабіляў у Беларусі за люты 2025 года. За месяц прадалі 4598 машынаў – на 7 % больш, чым у мінулым месяцы, і на аж 83 % больш, чым у лютым 2024 года.
Самая прадаваная марка – кітайская «Geely», калі лічыць разам з «BelGee», то бок «Geely» беларускай зборкі. На іх у лютым прыпадала 48,3 % ад усіх прададзеных легкавікоў (дакладных лічбаў не прыводзяць, але гэта каля 2220 прададзеных машынаў). Самы папулярны тып легкавікоў – кросоўвэры.
У студзені ж на першым месцы была расейская марка «Lada» – яны занялі 39,7 % рынку, калі было прададзена 4299 машынаў за месяц, то бок «Ладаў» за студзень прадалі каля 1707, а «BelGee» яшчэ менш. А ў снежні, калі за месяц прадалі аж 7205 легкавікоў, «Geely» мела 53 % рынку.
З чым звязанае часовае падзенне продажаў «Geely», аўтамабільная асацыяцыя не паведамляе. Таксама як не раскрывае, якія маркі ідуць наступнымі паводле папулярнасці за «Geely» і «Lada».
Агулам на рост продажаў машынаў уплываюць з’яўленне новых мадэляў і наяўнасць розных крэдытных і лізінгавых праграмаў, пісала аўтамабільная асацыяцыя месяц таму.
Разам з тым, аўтамабільная асацыяцыя адзначае, што лютаўскія падвышэнне ўтылізацыйнага збору і забарона на «псеўдавалютны лізінг» для фізічных асобаў не адбіліся на дылерскіх продажах, бо дылеры маюць на складах значны запасы раней увезеных машынаў. Ды ў бальшыні тых запасаў хопіць не больш як на паўтара месяца – да канца вясны запасы могуць быць вычарпаныя, а цэны на новыя машыны могуць вырасці.
Адзначаюць таксама рост долі «зялёных» машынаў у дылерскіх продажах: за люты на электрамабілі і гібрыды прыйшлося 12,6 % ад продажаў машынаў дылерамі.
Нядаўна «BelGee» купіла ліцэнзію на мадэль электрамабіля «Geely EХ50». Машыну хочуць зрабіць «напраўду беларускай», але цяпер «лакалізацыя вытворчасці» складае толькі каля 70 %. Прадаваць беларускі электрамабіль збіраюцца за 25-30 тысяч долараў. Прэзентаваць даўно анансаваны «беларускі электрамабіль» збіраюцца ў траўні. Адметна, што электрамабілі «Geely EХ50» (але не «Белджы») ужо прадаюцца ў Беларусі.
«BelGee» працуе не толькі на беларускі, але і на расейскі рынак. Са словаў дырэктара «BelGee», у 2024 годзе было прададзена больш за 90 тысяч машынаў гэтага заводу. А расейская статыстыка паказвае, што за мінулы год у Расеі прадалі 34 637 «BelGee» (супраць 149 118 «Geely», значная частка якіх таксама збіраецца ў Беларусі).
Што да Беларусі, папулярнасць «BelGee» тлумачыцца дзяржаўным падтрыманнем і льготным крэдытаваннем – нават у часы вострага крызісу крэдыты на «Geely» давалі. Быў час, калі дзяржаўныя кампаніі і кампаніі з дзяржаўнай доляй, большай за 50 %, мусілі прасіць адмысловы дазвол, каб купіць машыну іншай маркі. Спрыяе кітайска-беларускай марцы і адсутнасць канкурэнцыі з заходнім аўтапрамам праз абмежаванні на імпарт, уведзеныя пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Алесь Наваборскі belsat.eu