навіны

Спецыяльны трыбунал па адказнасці за агрэсію супраць Украіны створаць бліжэйшым часам

Лідарка дэмакратычных сілаў і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Лідарка дэмакратычных сілаў і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

29 красавіка ў Варшаве адбылося пасяджэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету з удзелам беларускай дэмакратычнай лідаркі і кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай. На парадку дня сярод іншага стаялі пытанні прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы, а таксама ўстанаўленне месцазнаходжання спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Журналістам «Белсату» ўдалося паразмаўляць з адным з прадстаўнікоў АПК да пачатку пасяджэння.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ў рэдакцыі «Белсату». Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская: «Мы заўжды выступалі за дыялог з прадстаўнікамі рэжыму» навіны

Пасяджэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету адбылося ў Варшаве ў сувязі з прыездам Святланы Ціханоўскай на саміт «Ініцыятывы трох мораў», які праходзіць у польскай сталіцы гэтымі днямі.

Само пасяджэнне кабінету адбывалася за зачыненымі дзвярыма – як адзначылі журналістам перад пачаткам, на ім меліся закрануць шэраг важных тэм беларускага парадку дня.

Адна з тэмаў – прыцягненне Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых да крымінальнай адказнасці за здзейсненыя злачынствы. «Белсат» да пачатку пасяджэння закрануў гэтую тэму ў размове з намеснікам кіраўніцы АПК па транзіце ўлады і кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

Палітык расказаў, што зараз яго каманда вядзе працу па пяці асноўных напрамках прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа і супраць Украіны.


Вываз украінскіх дзяцей спыніўся


Першы напрамак – гэта справа, звязаная з незаконным вывазам украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

,,

«Можам канстатаваць, што па выніках таго прававога ціску, які ўжывала ў тым ліку і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, са студзеня бягучага года мы не фіксуем больш груп украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, якіх па загадзе Лукашэнкі вывозілі на тэрыторыю Беларусі для індактрынацыі. Так што пагроза адказнасці – выдача ордэра на арышт — мае свой уплыў», – адзначыў Павел Латушка.


Але гэта не азначае, што Лукашэнка не павінен быць прыцягнуты за ўжо здзейсненыя злачынствы вывазу украінскіх дзяцей, падкрэслівае палітык.

Другі напрамак – гэта адказнасць за злачынствы супраць беларускага народа. Па словах Латушкі, на сённяшні дзень офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ўжо разглядае сітуацыю ў Беларусі, «яна афіцыйна знаходзіцца ў парадку дня офіса пракурора».

«Мы перадалі разам з праваабарончымі арганізацыямі шмат сведчанняў, доказаў, фактаў здзяйснення транснацыянальных злачынстваў у адносінах да беларусаў – як на тэрыторыі Беларусі, так і па-за яе межамі. І тут я магу сказаць, што, хутчэй за ўсё, ужо прынята рашэнне аб пачатку расследавання гэтай справы офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду. Магчыма, яно яшчэ не фармалізаванае – я не буду гэта пацвярджаць, але гэта азначае, што стоп-кран у цягніку, у якім ужо сядзіць Лукашэнка, фактычна дэмантаваны. Гэты цягнік ужо немагчыма спыніць. Калі распачнецца фармальна разгляд гэтай справы – значыць, будуць узбуджацца канкрэтныя крымінальныя справы», – сказаў Павел Латушка.  

Прадстаўнікі Аб'яднага пераходнага кабінету на пасяджэнні ў Варшаве. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Прадстаўнікі Аб'яднага пераходнага кабінету на пасяджэнні ў Варшаве. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Стварэнне спецтрыбуналу


Трэці напрамак – гэта стварэнне спецыяльнага трыбуналу па прыцягненні да адказнасці за агрэсію супраць Украіны.

Сярод крокаў, зробленых у гэтым напрамку, – унясенне спецыяльнай папраўкі пра тое, што Лукашэнка павінен несці адказнасць за наданне тэрыторыі Беларусі для расейскай арміі. Паводле словаў палітыка, стварэнне спецтрыбуналу плануецца на 9 траўня.

Павел Латушка пракаментаваў, што гэты спецтрыбунал будзе створаны на падставе пагаднення паміж урадам Украіны і Радай Еўропы. Юрысдыкцыя гэтага трыбунала – гэта фактычна нацыянальнае заканадаўства, якое будзе прымяняцца для разгляду спраў. Паколькі Украіна з 1 студзеня 2025 году з'яўляецца сябрам Міжнароднага крымінальнага суду, таму адказнасць за наданне тэрыторыі будзе прадугледжана і ў рамках нацыянальнага заканадаўства Украіны.

,,

«Значыць, тыя, хто ўдзельнічаў у гэтай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі, будуць у перспектыве несці адказнасць», – рэзюмаваў палітык. 


Лідарка дэмакратычных сілаў і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская вітае ўдзельнікаў пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Лідарка дэмакратычных сілаў і абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская вітае ўдзельнікаў пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Наступны напрамак – гэта універсальная юрысдыкцыя. І тут ужо ёсць прэцэдэнт: летась акружны суд у Варшаве фактычна даў магчымасць пракурорам распачаць справу, у рамках якой вядзецца расследаванне для прыцягнення да адказнасці тых прадстаўнікоў сілавога апарату Беларусі, якія здзяйснялі гвалт у дачыненні да беларусаў на тэрыторыі Беларусі.

Павел Латушка адзначыў, што зараз яго каманда вядзе супрацу з шэрагам юрыдычных бюро, адно з іх вядзе справы 15 беларусаў, пацярпелых ад рэжыму.

І нарэшце пяты напрамак – гэта адказнасць за парушэнне Канвенцыі супраць гвалту ў дачыненні да беларусаў. Тут праца вядзецца ў кантэксце магчымасцяў выкарыстання міжнароднага суду, адзначыў палітык. 

Кіраўнік НАУ Павел Латушка, выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Арцём Праскаловіч і кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Мацкевіч падчас пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат
Кіраўнік НАУ Павел Латушка, выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Арцём Праскаловіч і кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага кабінету Валерый Мацкевіч падчас пасяджэння Аб'яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 29 красавіка 2025 года. Фота: Белсат

Справа Мельнікавай і правакацыі спецслужбаў


Павел Латушка таксама падзяліўся апошняй інфармацыяй у справе зніклай спікеркі Анжалікі Мельнікавай.

Ён адзначыў, што на сённяшні дзень атрыманыя два афіцыйныя адказы ад камендатуры Варшаўскай паліцыі і ад Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. У іх Мельнікава разглядаецца як пацярпелая.

Вядома, што заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 189 параграф першы Крымінальнага кодэксу Польшчы – па факце незаконнага пазбаўлення волі. Таксама вядома, што следства вядуць польскія спецслужбы – Агенцтва ўнутранай бяспекі, адзначыў Латушка.

Палітык падкрэсліў, што 25 красавіка звярнуўся з чарговай просьбай аб сустрэчы з генеральным пракурорам Польшчы Адамам Боднарам, каб атрымаць больш дэталяў, датычных справы, звязанай са знікненнем і магчымым прымусовым утрыманнем Анжалікі Мельнікавай. Сустрэча пакуль не адбылася.

Латушка звярнуў увагу на тое, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не абмежаваны ніякімі забаронамі і імкнецца стварыць пагрозы для сябраў Каардынацыйнай рады і актывістаў дэмакратычных сілаў, у тым ліку пагрозы забойствам. 

,,

«Вось зараз мы размаўляем з вамі, [а ў гэты час] фактычна ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы дапытваюцца сведкі, звязаныя са справай падрыхтоўкі забойства ў адносінах да мяне. У тым ліку мы ведаем сітуацыю, калі да супрацоўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення званілі нібыта з Нацыянальнай пракуратуры Польшчы і спрабавалі высветліць тыя дадзеныя, якія я прадстаўляў падчас сустрэчы з пракурорам Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Фактычна адбывалася падключэнне да тэлефона пракуратуры, прадстаўленне фальшывым прозвішчам і спроба атрымаць інфармацыю. Гэта былі тры сітуацыі, якія зафіксаваныя намі», – паведаміў Павел Латушка. 


Усё гэта вайна, падкрэсліў палітык, і задача прадстаўнікоў рэжыму разваліць дэмакратычны рух, дэматываваць яго, выкарыстоўваючы для гэтага нават самыя негатыўныя сцэнары, звязаныя з забойствамі ці выкраданнямі людзей.

«Гэта рэальнасць, у якой мы жывём. Але гэта не азначае, што мы маем права здавацца», – заключыў Павел Латушка.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10