навіны

Беларусы сталі актыўна вывучаць назвы кітайскага аўтапраму

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: kz.kursiv.media
podpis źródła zdjęcia

За апошнія гады на дарогах Беларусі з’явілася вялікая колькасць аўтаў з незнаёмымі і нязвыклымі назвамі: «JAC», «JETOUR», «BAIC», «Voyah», «FAW», «Dongfeng»... І колькасць іх усё расце і расце. «Белсат» паглядзеў, на чым прапануюць ездзіць беларусам і колькі гэта каштуе.

Агульная сітуацыя

Аўтамабільны рынак у Беларусі ужо паспяхова прайшоў стадыю турбулентнасці, якая прыйшлася на 2022 і частку 2023 года, і пачаў развівацца імклівымі крокамі.

Разгон атрымаўся не на жарты. Ужо ў ліпені 2024-га быў усталяваны рэкорд апошніх трох гадоў: у гэтым месяцы было прададзена 4763 новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўта. Гэта больш як у 2,5 раза вышэй, чым у ліпені мінулага года. У жніўні продажы дасягнулі 4916 адзінак. Агулам жа за восем месяцаў, адзначае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя, было рэалізавана 29 987 аўтамабіляў – што перавышае вынікі ўсяго 2023 года.

Чым жа абумоўлены такі буйны рост? Беларуская аўтамабільная асацыяцыя тлумачыць рэкордныя продажы аўтамабіляў тым, што з-за ўведзеных абмежаванняў на ўвоз пэўных катэгорый машын і складанасцяў з імпартам для прыватных асоб афіцыйныя дылеры імкнуцца больш актыўна пастаўляць на рынак новыя даступныя аўты.

«Белсат» ужо пісаў пра тое, што гэта за абмежаванні і як яны паўплывалі на рынак. Тут толькі дадамо, што ў выніку гэтых абмежаванняў, прынятых пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, на беларускім рынку істотна паменшылася колькасць афіцыйна прадстаўленых сусветна вядомых брэндаў.

Што да тэндэнцыі росту аўтарынка за кошт «новых даступных» аўтаў, то, паводле прагнозаў, ён можа ўзмацніцца, і пры бягучых умовах продажы новых машын у Беларусі здольныя дасягнуць 9 тысячаў у месяц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 1prof.by
Вытворчасць «Geely Atlas» на заводзе «БелДжы». (Фота: китайские-автомобили.рф)

Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?

навіны

«Новыя даступныя»

Якія ж «новыя даступныя» аўтамабілі маюцца на ўвазе? У першую чаргу гаворка вядзецца пра аўтамабілі з Кітая, якіх з кожным годам на беларускіх дарогах становіцца ўсё больш і больш. Менавіта новыя аўты з Паднябеснай паступова сталі замяшчаць машыны сусветна вядомых брэндаў. У выніку – аўтамабільная карціна на беларускіх дарогах паступова набывае выразна «ўсходнія» рысы.

Так, паказальна, што ў спісе партала domkrat.by з 41 аўтамабільныга брэнду, што прапануюць новыя аўтамабілі ў Беларусі, 22 з’яўляюцца кітайскімі.

Да назваў некаторых брэндаў беларускае вуха ўжо паступова прывыкае, а некаторыя ўсё яшчэ ўважаюцца за экзотыку. Але маркетынг і адсутнасць канкурэнцыі з боку «традыцыйных» аўтабрэндаў робяць сваю справу: беларусы паціху перасаджваюцца на «кітайцаў».

У авангардзе тут ідуць «Geely». БАА адзначае, што гэты брэнд у жніўні 2024-га стаў ужо традыцыйным лідарам – на яго долю прыпала 49 % ад агульнай колькасці продажаў новых легкавых аўтаў у рэспубліцы.

За некалькі гадоў гэты брэнд ужо паспеў стаць «родным» для беларусаў. Некаторыя мадэлі, што пачалі выпускацца пад брэндам Belgee, дасягнулі пэўнай долі беларускай лакалізацыі (1300–1400 балаў з 7 тысячаў магчымых, або 20 %, паводле методыкі вымярэння расейскага Мінпрамгандлю), таму ўжо амаль што не ўспрымаюцца як кітайскія. Так, напрыклад, «Geely Coolray» цяпер выпускаецца пад брэндам «Belgee X50» (цэны стартуюць ад 66 тысяч рублёў), «Geely Atlas» стаў «Belgee X70» (прадаецца па цане ад 77 600 рублёў).

Хіт продажаў: «Belgee X50», які раней выпускаўся пад брэндам «Geely Coolray». Фота: geely-minsk.by
Хіт продажаў: «Belgee X50», які раней выпускаўся пад брэндам «Geely Coolray». Фота: geely-minsk.by

У ліпені бягучага году завод «БелДжы» пачаў выпуск седана «Geely Emgrand», які раней пастаўляўся на беларускі і расейскі рынкі з Кітая (зараз цана пачынаецца ад 57 600 рублёў). Хутчэй за ўсё, ён таксама будзе выходзіць пад брэндам «Belgee».

У той жа час у спісе мадэляў «Geely» чакаюцца папаўненні. Так, у хуткім часе ў Беларусь будуць прывозіць па паралельным імпарце з Кітая электраседан «Geely Е8» (ці, дакладней, Geely Galaxy Е8) з маторам магутнасцю ў 272 к.с., батарэяй з запасам ходу на 550 км па цане ад 32 тысячаў долараў (каля 103 тысячаў рублёў у эквіваленце).

Не «Geely» адзіным

Але давайце паглядзім, якія яшчэ брэнды з усходу прыйшлі апошнім часам і што яны прапануюць.

Кампанія «BAIC», якая ўваходзіць у топ-6 аўтавытворцаў Кітая, збірае аўтамабілі на калінінградскім заводзе «АВТОТОР». У лінейку мадэляў для Беларусі ўваходзяць седан «BAIC U5 Plus» (цана ад 58 500 рублёў), ён дарэчы з’яўляецца прамым канкурэнтам «Geely Emgrand», а таксама кроссоверы Х-серыі («Х35» – ад 63 500 рублёў, «Х55» – ад 99 500 рублёў, «Х75» – ад 110 500 рублёў) і класічны рамны пазадарожнік «BAIC BJ40» (цана стартуе ад 141 600 рублёў), які моцна нагадвае «Jeep Wrangler».

Адным з лідараў на беларускім рынку стаў брэнд «JAC», які з’яўляецца сумесным прадуктам «JAC Motors» і канцэрна «Volkswagen». Найбольшай папулярнасцю ў Беларусі карыстаецца ліфтбэк «JAC J7» (ад 59 900 рублёў). Так, паводле БАА, у 2023 годзе было прададзена 142 адзінкі гэтай машыны. У той жа час у лінейку брэнду ўваходзяць розныя мадэлі – ад канкурэнта «Geely Coolray» пад назвай «JAC JS4» (ад 63 900 рублёў), пікапаў «JAC T6» (ад 98 900 рублёў), «JAC T8 PRO» (ад 117 900 рублёў) і «JAC Т9» (ад 127 900 рублёў) да кампактнага электрычнага хэтчбэка «JAC E30X» (ад 59 900 рублёў).

Ліфтбэк «JAC J7». Фота: av.by
Ліфтбэк «JAC J7». Фота: av.by

Аўтамабільны гігант «Dongfeng Motor», які таксама выпускае аўтамабілі пад маркамі «Nissan» і «Honda», прыйшоў у Беларусь напрыканцы 2023 года і за вельмі кароткі час сур’ёзна пашырыў лінейку аўтаў: пачынаючы ад седанаў («Dongfeng Shine» па цане ад 53 500 рублёў), універсалаў з павялічаным дарожным прасветам («Dongfeng Shine GS» па цане ад 63 500 рублёў) да красовераў («Dongfeng Mage» па цане ад 87 тысячаў рублёў) або сапраўды эфектнага красовера класа SUV-D «Dongfeng Huge» (ад 102 тысячаў рублёў).

Брэнд «VOYAH», які пазіцыянуе сябе як прэміяльны, уваходзіць у склад «Dongfeng Motor». У нашую краіну «VOYAH» прыйшоў у 2023 годзе, прэзентаваўшы красовер «VOYAH Free» (PRO-версія гэтага аўта зараз прадаецца па цане ад 115 900 рублёў). Пазней у мадэльным радзе з’явіўся мінівэн «VOYAH Dream» (ад 185 тысячаў рублёў) і спартовы седан «VOYAH Passion» (ад 160 тысячаў рублёў).

Адносна малады кітайскі брэнд «JETOUR» з’явіўся на свет у 2018 годзе ў складзе кітайскага аўтахолдынгу «Chery». У нашую краіну ён прыйшоў улетку 2023 года, пачаўшы продажы з дзвюх мадэляў компактнага красовера «JETOUR Dashing» (ад 84900 рублёў) і сярэднепамернага «JETOUR X90 Plus» (ад 127 900 рублёў). Пазней з’явіліся яшчэ SUV-мадэлі: сямейны красовер «JETOUR X70 Plus» (ад 98 900 рублёў), пазадарожнік «JETOUR T2» (ад 128 900 рублёў) і красовер «JETOUR X50» (ад 68 900 рублёў).

Яшчэ адзін прадстаўнік аўтагрупы «Chery» – брэнд «Kaiyi» – афіцыйна прыйшоў у Беларусь увосень 2023 года, прывёўшы з сабой такія мадэлі, як седан гольф-класса «Kaiyi E5» (ад 56 500 рублёў) і кампактныя красоверы «Kaiyi X3» (ад 56 300 рублёў) і «Kaiyi X3 Pro» (ад 68 900 рублёў). Гэтыя машыны, дарэчы, таксама збіраюцца на заводзе «Автотор» у расейскім Калінінградзе.

Паўнапрывадны пазадарожнік «JETOUR T2». Фота: av.by
Паўнапрывадны пазадарожнік «JETOUR T2». Фота: av.by
Прэміяльны седан «Zeekr 007», прадстаўлены кампаніяй «Атлант-М», якая з’яўляецца афіцыйным дылерам у кітайскага брэнда ў Беларусі. (Фота: atlantm.by)

Ці перасядуць беларусы на электрамабілі?

навіны

«Электрычкі» ў трэндзе

Асобнае месца ў спісе новых мадэляў займаюць электрамабілі. Прычым з’яўляюцца яны асабліва актыўна: за 7 месяцаў 2024 года продажы ў гэтым сегменце аўтарынку паказалі дзесяцікратны рост, дасягнуўшы лічбы ў 1261 экземпляр. Па выніках васьмі месяцаў гэтага году ад агульнай колькасці прададзеных аўтаў на долю электрамабіляў прыходзілася больш за 5 % (у канцы 2023 года гэты паказчык ледзь дасягаў 1,7 %). Усё гэта дазволіла Беларусі нават абысці ў рэйтынгу распаўсюджання электрамабіляў такія краіны, як ААЭ ці Казахстан, нашая краіна знахозіцца ў вядучай групе побач з Індыяй, Расеяй, Турэччынай і Бразіліяй.

Сярод «электрычак» звяртаюць на сябе ўвагу футурыстычныя мадэлі брэнда «Zeekr», які, між іншага, уваходзіць у аўтахолдынг «Geely» (разам з «Volvo Cars», «Polestar», «Lotus Cars» і «SMART»). Праўда, і цэны на іх таксама выглядаюць не менш касмічна: так, красовер «Zeekr Х» каштуе ад 123 500 рублёў, спартовы ўніверсал «Zeekr 001» – ад 166 500 рублёў, а бізнес-шатл «Zeekr 009» – ад 256 600 рублёў.

Малады кітайскі брэнд «SKYWELL» прыйшоў на беларускі рынак з электрычным красоверам «SKYWELL ET5» у сакавіку 2023 года. Пакуль што гэта адзіная прадстаўленая мадэль гэтага брэнду ў нашай краіне, канкурэнтам для якой, між іншага, называюцца «Audi Q5» і «BMW X3». Цана яе пачынаецца ад 99 700 рублёў.

Прадстаўлены ў Беларусі і мадэлі кампаніі «BYD Auto», якая з’яўляецца адным з найбольш буйных вытворцаў электрамабіляў не толькі ў Кітаі, але і ў свеце. У мадэльным радзе можна знайсці як электрычныя, так і гібрыдныя мадэлі: пачынаючы ад сіцікараў тыпу «BYD Dolphin» і «BYD e2» (ад 56 511 рублёў) да прэміяльнага седана «BYD Seal» (ад 130 800 рублёў). Усяго ж беларусам прапануецца 7 мадэляў гэтага брэнду.

Акрамя таго, ўлады актыўна займаюцца распрацоўкай уласнага беларускага электрамабіля. Праўда, вынікі гэтай працы мы пакуль што так і не ўбачылі, а калі і ўбачым, то вельмі падобна, што гэта будуць варыяцыі на «кітайскую» тэму.

Сярэднепамерны красовер «SKYWELL ET5». Фота: domkrat.by
Сярэднепамерны красовер «SKYWELL ET5». Фота: domkrat.by

Амбітныя планы

Дарэчы, што да вытворчасці ўнутры Беларусі, то паралельна са зборкай аўтаў на базе кітайскіх мадэляў на заводзе «БелДжы» (ужо вышэй згаданыя «Belgee X50» і «Belgee X70») не спыняюцца спробы арганізаваць вытворчасць іншых мадэляў – на іншым заводзе.

Так, у траўні 2024 года з’явілася інфармацыя пра тое, што на базе СП ЗАТ «Юнісан» у Абчаку пад Менскам пачалася вытворчасць аўтамабіляў пад брэндам «VGV Sinotruk». Тады было заяўлена, што выпускацца будуць вялікія сямейныя аўтамабілі D-класа «U70 Pro» і «U75 Plus» па кошце кампактнага красовера. У будучыні кампанія плануе наладзіць выпуск шэрагу іншых мадэляў «VGV Sinotruk», у тым ліку паўнапрывадны пікап. Праз год, гэта значыць, у траўні 2024-га, прадпрыемства мае планы выйсці на аб’ёмы вытворчасці ў 25–30 тысяч машын.

12 верасня стала вядома, што афіцыйны прадстаўнік кітайскага брэнда «Shineray» у Беларусі (кампанія «Лакшары Мотарс груп») атрымаў сертыфікат на запуск уласнай серыйнай вытворчасці гэтых аўтаў у нашай краіне. Збіраць машыны будуць таксама на заводзе «Юнісан». Іх можна будзе выкарыстоўваць як для перавозкі пасажыраў, так і ў якасці грузавога транспарту.

«Shineray M7». Фота: av.by
«Shineray M7». Фота: av.by

Адметна, што купіць мадэль «Shineray M7» можно нават цяпер – яго цана пачынаецца ад 87 тысячаў рублёў.

Агулам жа беларускія ўлады маюць амбітныя планы па вытворчасці аўтаў: плануецца, што сёлета яна вырасце на 20 % у параўнанні з мінулым годам. Паводле міністра прамысловасці Аляксандра Агароднікава, беларускія вытворцы «вельмі ўпэўнена набліжаюцца» да выпуску 120 тысячаў аўтаў у год.

Такім чынам, цяпер беларусы не толькі самі перасядуць на аўтамабілі кітайскага «пашыву», але і актыўна будуць перасаджваць на іх іншых – у першую чаргу суседзяў з усходу. Хаця, па сутнасці, гэта ўжо адбываецца: нядаўна продажы аўтамабіляў «Belgee» ў Расеі ўсталявалі новы рэкорд – па выніках продажаў з 16 па 22 верасня ў РФ была рэалізаваная найбольшая колькасць аўтаў гэтай маркі цягам аднаго тыдня – 1139 штук. Сам жа брэнд «Belgee» займае ў рэйтынгах продажаў у Расеі шосты радок.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10