навіны

У Кобрыне за даўгі прадаюць сінагогу. Як помнік габрэйскай гісторыі стаўся закладнікам будаўнічага краху

Будынак сінагогі ў Кобрыне выставілі на аўкцыён. Фота: e-auction.by
Будынак сінагогі ў Кобрыне выставілі на аўкцыён. Фота: e-auction.by
podpis źródła zdjęcia

У Кобрыне на аўкцыён выставілі гістарычны будынак сінагогі XIX стагоддзя. Гэта адна з апошніх захаваных габрэйскіх бажніцаў у рэгіёне, што перажыла і вайну, і савецкі антырэлігійны пераслед. Цяпер сінагогу прадаюць за даўгі будаўнічай фірмы, якая не дабудавала жылога кварталу ў Менску.

Будынак сінагогі, што месціцца па адрасе вул. Першамайская, 40 у Кобрыне, выстаўлены на электронны аўкцыён, прызначаны на 15 траўня 2025 года. Стартавая цана – 612 000 рублёў (каля 200 000 долараў. – Заўв. рэд.).


У склад лота ўваходзіць і зямельны ўчастак плошчаю 57 сотак, які перадаецца на правах пастаяннага карыстання выключна для рэлігійных мэтаў. Будынак афіцыйна ёсць помнікам гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі.

 

Ад габрэйскай святыні – да вытворчага цэху



Каменная сінагога была ўзведзеная прыкладна ў 1840-х гадах на ўчастку паміж ракой Кобрынкай і вуліцай Пінскай. Архітэктура збудавання адпавядае класічнай традыцыі – гэта базілікальны будынак без вежаў, з двухсхільным дахам, арыентаваны з захаду на ўсход.

Так сінагога выглядае знутры. Фота: e-auction.by
Так сінагога выглядае знутры. Фота: e-auction.by

У сярэдзіне XIX стагоддзя яна яшчэ значылася як «незавершаная», а побач дзеялі дзевяць іншых габрэйскіх школаў і дамоў малітвы. Да 1913 года сінагога працавала, пасля чаго яе функцыянаванне было прыпыненае, пра што сведчыць адсутнасць дакументаў.


Падчас нацысцкай акупацыі будынак быў часткаю гета – сюды сагналі габрэйскае насельніцтва з Кобрына і наваколля. Пасля вайны сінагога не аднавіла сваёй рэлігійнай ролі: яе выкарысталі пад вытворчыя патрэбы, а ўсе каштоўнасці былі вывезеныя.


У 1980-х гадах тут працаваў цэх для вырабу безалкагольных напояў Кобрынскага кансервавага заводу. У 1990-ыя гады будынак страціў функцыянальнасць і паступова пачаў разбурацца.


Продаж у выніку фінансавага скандалу «Жылбудкамплекту»


Цяпер будынак прадаецца ў сувязі з банкруцтвам менскай будаўнічай кампаніі «Жылбудкамплект», вядомай праз скандал з недабудаваным комплексам «Грушаўскі пасад» у Менску. Кампанія сабрала 58 млн рублёў з больш як 430 дольнікаў, але не завяршыла будаўніцтва. У выніку дзяржаўны забудоўнік узяў аб’ект на сябе, а кіраўніцтва «Жылбудкамплекту» прыцягнулі да адказнасці.


Сінагога ў Кобрыне апынулася ў спісе маёмасці, канфіскаванай для пагашэння даўгоў. Пры гэтым на будынак дзее арышт, і рэгістрацыйныя дзеянні забароненыя.

Рэшткі кобрынскай сінагогі. Фота: e-auction.by
Рэшткі кобрынскай сінагогі. Фота: e-auction.by

Культурная каштоўнасць пад пагрозай


Сёння сінагога – адзіная ацалелая габрэйская бажніца ў Кобрыне. Раней у горадзе існавала больш за сем сінагогаў, але толькі гэтая перажыла Другую сусветную вайну. Унутры захаваліся некаторыя архітэктурныя элементы, але агульны стан будынку патрабуе тэрміновай рэстаўрацыі.


Былі спробы адрадзіць сінагогу як культурны і духоўны цэнтр габрэйства Заходняй Беларусі, стварыць музей гісторыі і этнаграфіі габрэяў Берасцейшчыны. Але гэтыя праекты так і не былі рэалізаваныя.


Нагадаем, што будынак мае афіцыйны статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, таму любое выкарыстанне абмежаванае заканадаўствам. Гэта значыць, што новы ўласнік не зможа змяніць прызначэння аб’екту, знесці яго або прыстасаваць пад камерцыйныя патрэбы.


Яшчэ адным фактарам рызыкі ёсць юрыдычны арышт: фактычны новы ўласнік можа доўга не атрымаць поўных правоў на выкарыстанне будынку.


Але, магчыма, гісторыя яшчэ не скончаная. У што ператворыцца адна з апошніх ацалелых сінагог Беларусі – залежыць ад таго, хто будзе яе новым гаспадаром.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10