У Беларусі без месяца пяць гадоў трываюць маштабныя палітычныя рэпрэсіі. Рэдкі дзень абыходзіцца без навінаў пра новыя затрыманні, суды і пакаранні. 29 красавіка быў якраз такім днём: з навінаў пра рэпрэсіі – хіба новыя завочныя крымінальныя справы.
29 красавіка ў Беларусі – Радаўніца і дзяржаўны выходны. У гэты дзень ні сілавікі, ні праваабаронцы не паведамлялі пра новыя палітычныя затрыманні. Адсутнасць навінаў не азначае, што затрыманняў не было: сілавікі ў Беларусі ўжо даўно не хваляцца новымі палітычнымі рэпрэсіямі і «пакаяннымі відэа»; сваякі некаторых людзей, якія трапляюць пад палітычны пераслед, баяцца паведамляць пра гэта праваабаронцам; некаторыя навіны даходзяць з запазненнем на некалькі дзён.
І на Радаўніцу з’явіўся шэраг навінаў пра новыя завочныя крымінальныя справы.
Супраць актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк распачалі дзве новыя крымінальныя справы: за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду і за заклікі да санкцыяў.
Супраць праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі новыя крымінальныя справы за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці, здзейсненае паўторна: адна справа за стварэнне і публікацыю відэа «Вясна прыйдзе», яшчэ дзве – за ўдзел у праграме «Палітбамонд». Хадайніцтва аб допыце праз відэасувязь адхілілі.
За ўдзел у той жа праграме «Палітбамонд» на YouTube-канале «6TV Biełaruś» распачалі завочную крымінальную справу супраць выканальніка абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава.
Яшчэ адну завочную крымінальную справу адкрылі супраць грамадскага дзеяча Алеся Лагвінца – за інтэрв’ю незалежным медыям. У межах справы апытвалі цешчу і цесця Лагвінца, якія застаюцца ў Беларусі, і апячаталі ягоны дом.
Пра маштабы рэпрэсіяў у Беларусі дае ўяўленне новае спавешчанне «Amnesty International». У раздзеле пра Беларусь згадваюцца абмежаванне свабоды слова, сходаў, асацыяцыяў, рэлігіі; «спісы экстрэмістаў»; адвольныя арышты і затрыманні; катаванні і смерць за кратамі; выкраданне і несправядлівыя суды; парушэнні правоў дзяцей, асобаў ЛГБТ, мігрантаў і ўцекачоў; вынясенне смяротных прысудаў.
Беларуская Рада культуры прааналізавала свае мінулыя даследаванні і паразмаўляла з творцамі, якія працуюць у Беларусі, каб апісаць цяперашні стан культуры ў краіне. Выснова Рады культуры такая: за пяць гадоў змянілася ўсё, у краіне пануе цэнзура і самацэнзура, трывае расейская культурная экспансія, беларуская культура сыходзіць у падполле.
Алесь Наваборскі belsat.eu