Кітайскі «Geely Emgrand», падобна, зробіцца беларускім «Belgee S50». Сярод іншага, хочуць выпусціць версію на метане. Таксама анансуюць электрамабіль на базе «X50».
Беларуская кампанія «БелДжы» («Belgee») узялася за развіццё ўласнага брэнду побач з кітайскім «Geely», аўты якога збіраюць у Беларусі. У Менску адкрыліся першыя аўтацэнтры пад беларускім брэндам, расказвае БелТА.
Новыя аўтацэнтры – у Менску на вул. Маякоўскага, 2 і вул. Арлоўскай, 88. Першымі ў іх выставяць кросоўвэры «X50» і «X70», да канца года мае з’явіцца таксама седан «S50» (імаверна, гэта новая назва «Geely Emgrand»). Пазней 14 аўтацэнтраў «БелДжы» плануюць адкрыць па ўсёй Беларусі.
Паводле дырэктара «БелДжы» Генадзя Свідзерскага, ёсць надзея, што ўжо сёлета з’явіцца не толькі «S50» пад маркай «БелДжы», але і першая партыя гэтых аўтаў на метане. Над метанавай версіяй працуюць з траўня пры падтрыманні «Газпром трансгаз Беларусь».
А над электрамабілем на базе «Geely X50» працуюць супольна з Акадэміяй навук Беларусі. Сёлета заводу паставілі задачу зрабіць пяць доследна-прамысловых узораў такіх электрамабіляў, «мы ўжо фактычна прыступілі да вытворчасці». Пра пашырэнне мадэльнага шэрагу «X50» будуць думаць пасля камерцыйных даследаванняў адносна канкурэнтаздольнасці. Адметна, што электрамабілі «Geely» ўжо існуюць – і нават прадаюцца ў Беларусі.
«БелДжы» выпусціла амаль 300 тысяч аўтаў, каля 70 тысяч з якіх эксплуатуюць у Беларусі, расказаў Свідзерскі. Асобныя салоны «БелДжы», кажа ён, пастанавілі адкрыць, бо 80 % агульнага аб’ёму продажаў прыпадаюць на гэты брэнд, а на кітайскі «Geely» – толькі 20 %.
Імаверная прычына такой разбежкі – указ Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2023 годзе абавязаў дзяржаўныя ўстановы купляць у якасці службовых аўтамабіляў менавіта «БелДжы» (не «Geely»). Купляць нешта іншае дазволена абмежаванаму спісу ўстановаў.
Вытворчасць «БелДжы» размясцілі між Барысавам і Жодзінам. Спачатку завод праектавалі на 60 тысяч аўтамабіляў на год, цяпер выпускаць хочуць 100 тысяч аўтаў на год.
Мадэлі «БелДжы» ўсё яшчэ маюць шмат імпартных дэталяў. Колькі на сёння – не кажуць, але толькі ў верасні запусцілі вытворчасць бампераў, поўная вытворчасць седалаў і дапрацоўванне праграмнага забеспячэння пад беларускія патрэбы яшчэ толькі ў планах.
Сэрвісная сетка застанецца супольнай з «Geely», цэнтры «БелДжы» і «Geely» будуць месціцца побач, але, як запэўніваюць дзяржаўныя медыі, будуць «не канкураваць, а пашыраць кола пакупнікоў».
Алесь Наваборскі belsat.eu