Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская наведала «Белсат» падчас свайго візіту ў Варшаву. У нашай студыі яна распавяла Алесю Залеўскаму пра тое, як бачыць будаванне будучыні Беларусі разам з тымі, хто цяпер працуе на афіцыйны Менск, і пра акно магчымасцяў у выпадку замірэння ва Украіне, а таксама абмеркавала бяспеку беларусаў за мяжой у кантэксце знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.
Алесь Залеўскі, вядоўца «Белсату»: Мы ведаем палітыку Офісу – дыялог з Менскам праз ціск, у тым ліку праз санкцыі. Пра што размаўляць з афіцыйным Менскам?
Святлана Ціханоўская: Мы заўжды выступалі за дыялог з прадстаўнікамі рэжыму, бо мы разумеем, што нам разам будаваць будучую Беларусь, але ж нам неяк трэба прымусіць гэты рэжым памяняць сваё стаўленне да Беларусі, да беларусаў, памяняць свае паводзіны.
На дадзены момант я не бачу ніякіх крокаў з боку рэжыму. Каб вымусіць іх зрабіць гэтыя крокі, патрэбны ціск. Я лічу, што рэжым разумее толькі моцныя наратывы. Яны не разумеюць паслабленняў. Яны хочуць капітуляцыі, хочуць, каб усе паўзлі да іх на каленях.
Але людзі выбралі сваю будучыню. Мы – еўрапейскі народ, мы хочам жыць у нармальнай свабоднай краіне, а рэжым гэтаму замінае. Але ў нас няма такіх наратываў, як у Лукашэнкі, што кожнага [нязгоднага. – Заўв. рэд.] яны павесяць на стаўбах. Не, нам разам потым працаваць. Мы павінны будзем прайсці праз нейкія працэдуры, каб тыя, хто сталі крымінальнікамі, прайшлі праз справядлівыя суды.
Нехта кажа і пра люстрацыю. Гэтыя моманты трэба ўлічваць, але ўвогуле людзі, якія цяпер пры гэтай уладзе працуюць, могуць працаваць і на дэмакратычную Беларусь.
– Праз два тыдні пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай вы паведамілі прычыны, чаму не каментуеце гэтай справы. Вось прайшоў больш як месяц. Мы ведаем гісторыю толькі ўрыўкамі, што ў журналістаў атрымалася дастаць. Карціны ўсёй не відаць і ад следчых органаў, яны нічога не паведамляюць. Як Вы бачыце гэтую гісторыю цяпер?
– Я зноў жа не хачу спекуляваць на гэтую тэму. Як вы кажаце, мала што вядома і спецслужбы ў цішыні працуюць. Такія кейсы насамрэч і павінны распрацоўвацца ў цішыні, каб не было спекуляцыяў, каб не было нейкіх інсінуацый.
,,Мы не ведаем зараз, дзе Анжаліка. Можа, спецслужбы ведаюць. Мне пра гэта невядома. Але сітуацыя вельмі дрэнная – знік чалавек. Абставіны, пры якіх знік, чаму – гэта зараз невядома. Я проста хачу, каб, па магчымасці, сказалі, што з ёй усё добра хаця б. І мы, канечне, чакаем нейкіх навін ад спецслужбаў Польшчы.
– Ці ёсць нейкія першыя высновы, як для ўсіх дэмакратычных сілаў, гэтак і для вас асабіста? Можа, нейкі ўрок, што націснуць можна на кожнага?
– Мы не ведаем прычыны знікнення Анжалікі Мельнікавай. Націснулі ці не націснулі – не буду зноў жа спекуляваць. Але мы разумеем, што кожны актывіст, кожны, хто ўдзельнічае ў нейкіх прадэмакратычных працэсах, – яны з’яўляюцца мішэнню для рэжыму. І, канечне, людзям трэба дбаць пра бяспеку і трэба распрацоўваць нейкія пратаколы бяспекі з уладамі тых краінаў, дзе знаходзяцца беларусы.
Бо ў рэжыму могуць быць доўгія рукі, і калі яны выберуць нейкую ахвяру для сябе, то можна чакаць чаго заўгодна. Таму людзі павінны заўжды пераправяраць, хто з імі знаёміцца, з кім яны размаўляюць, хто ўціраецца ў давер да іх. Такая барацьба, канечне, небяспечная.
Тут і журналісты пад пагрозай, і актывісты, і праваабаронцы. То бок няма тых, хто жыве сабе ў бяспецы, нават знаходзячыся ў бяспечнай краіне.

– Сёння вы ў Варшаве дзеля таго, каб узяць удзел у тым ліку ў форуме Ініцыятывы трох мораў: Балтыйскага, Чорнага, Адрыятычнага. Яна аб’ядноўвае 13 дзяржаваў. Трошкі як Балта-Чарнаморскі звяз выглядае, які прапаноўваў у пачатку 1990-х Зянон Пазняк. Гэта адказ на пазіцыю ЗША з адыходам з Еўропы? Што гэтая ініцыятыва можа даць Беларусі?
– Гэтай ініцыятыве не першы год. Яна ўзнікла даўно, каб больш эканамічна супрацоўнічаць і ўзаемна дапамагаць у межах краінаў гэтага альянсу. Такія альянсы вельмі добрыя. Гэта не азначае, што яны супраць кагосьці. Гэта альянсы, каб быць карыснымі адно аднаму. Я думаю, што і Беларусь, і Украіна ў будучыні павінны стаць у тым ліку часткай і гэтага альянсу. Я не думаю, што гэта адказ на палітыку ЗША ці камусьці іншаму. Гэта добры эканамічны форум.
– Эканамічны ўсё ж, не палітычны?
– Гэты альянс эканамічны больш. Ён пра эканамічную бяспеку. Для нас гэта дадатковая платформа, каб Беларусь прагучала, каб Беларусь там папрысутнічала, каб пра Беларусь не забываліся, каб яшчэ раз нагадаць пра стратэгічную важнасць Беларусі ў нашым рэгіёне. І каб дбалі пра Украіну і дэмакратычныя змены ў нашай краіне. Бо не будзе бяспекі ў гэтага альянсу, калі будзе турбулентнасць у Беларусі. Бо заўжды Беларусь будзе крыніцай небяспекі, калі там будзе рэжым Лукашэнкі, які служыць не беларусам, а Пуціну.

– Турбулентнасць цяпер мы бачым і ў палітычным жыцці ў цэлым у свеце. Цяпер усе чакаюць перамір’я ва Украіне, калі не найбліжэйшымі днямі, то ў нейкай кароткай, сярэдняй перспектыве мы спадзяемся, што гэта наступіць. Але пасля перамір’я наступіць новая сітуацыя і для Беларусі: і для беларусаў унутры краіны, і для беларусаў замежжа з’явяцца новыя рызыкі і выклікі. Як вы рыхтуецеся, як вы бачыце гэтую сітуацыю і месца ў ёй Беларусі ў першыя месяцы магчымага перамір’я? Калі Еўропа будзе інтэнсіўна ўзбройвацца, дбаць пра сваю бяспеку, таксама нейкія праблемы могуць быць для беларусаў, якія выехалі. І Беларусь можа выкарыстоўвацца як правакацыйная пляцоўка для Еўразвязу.
– Вы так ставіце пытанне, быццам будзе перамір’е, і Беларусь будзе пакінутая ў сферы ўплыву Расеі. Але нашая задача – гэтага не дапусціць. Перамір’е – гэта не пра спыненне агню, а пра нешта трывалае, пра далейшую бяспеку, а не для таго, каб даць магчымасць Расеі ўзмацніцца і зноў жа праз Беларусь быць небяспечным момантам для еўрапейскіх краінаў.
Менавіта таму нам вельмі важна, каб пра Беларусь памяталі, каб не канцэнтраваліся толькі на Украіне, хаця гэта прыярытэт. Мы разумеем, што, калі Украіна пераможа, гэта будзе знакамітае акно магчымасцяў для беларусаў. Але можа быць рызыка такая, што неяк недастаткова дапамогуць Украіне, што Расея адхопіць кавалак ад Украіны і будзе сябе там як гаспадар адчуваць, як і ў Беларусі. Гэта ўжо небяспечна, Лукашэнка ўжо прадае наш суверэнітэт, нашую незалежнасць Расеі.
Гэта можа толькі ўзмацніць гэтую залежнасць. Таму заходнія краіны павінны быць вельмі жорсткія і моцныя ў сваіх патрабаваннях, каб расейскія войскі былі выведзеныя ў гэтым перамір’і з Беларусі, забралі сваю ядравую зброю і не ўмешваліся ва ўнутраную палітыку Беларусі.
Таму гэтае перамір’е можа, канечне, прынесці пазітыўныя вынікі, але можа гэтак стацца, што будзе нешта негатыўнае. Нашая задача, каб гэтага не дапусціць.
– Многія думаюць, што спыніцца стральба і зноў патрошкі пачне вяртацца нармальнае жыццё, якое было да 2020 года: гэта візы, гэта мабільнасць нашых грамадзянаў, цягнікі, спалучэнне з еўрапейскімі сталіцамі. Нейкія падобныя паслабленні для беларусаў вы бачыце рэалістычнымі ў найбліжэйшай будучыні?
– Мы заўжды выступалі за павелічэнне мабільнасці для беларусаў, каб адкрывалі больш межаў. Каб давалі больш візаў, каб чыгуначнае злучэнне аднавілася. Мы за гэта, але мы павінны разумець, што не будзе нармальнага жыцця ў Беларусі. Нават калі будзе больш візаў, нават калі там будзе больш межаў адкрыта, пакуль Лукашэнка там, пакуль гэта дыктатура будзе там панаваць, людзі будуць проста баяцца жыць.
,,Так, можна будзе больш вандраваць. Але ж тысячы людзей у турмах, нашая краіна праходзіць праз русіфікацыю. Усё беларускае знішчаецца ў Беларусі. Гэта нармальнае жыццё для Беларусі? Я лічу, што не.
– Не, таму ўсе хочуць спынення вайны і рэпрэсій. Дзякуй вам вялікі за размову! Ведаю, што ў вас на наступным тыдні вялікая сустрэчы ў Злучаных Штатах, і ў Кангрэсе, і з кімсьці з адміністрацыі Доналда Трампа. Жадаю ўдачы вам і вашай камандзе!
– Дзякуй вялікі!