У 2023 годзе Аляксандр Лукашэнка абавязаў дзяржаўныя ўстановы купляць у якасці службовых аўтамабіляў менавіта «БелДжы». Цяпер перадумаў.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўнёс змены ў ранейшы ўказ аб набыцці транспартных сродкаў. Змены былі афіцыйна апублікаваныя на Pravo.by 14 студзеня.
Цяпер дзяржаўныя структуры і кампаніі з дзяржаўнай доляй больш за 50 % не абвязаныя купляць у якасці службовых аўтамабіляў выключна «БелДжы» – кітайскія «Geely» беларускай зборкі. Адпаведны пункт з указу выключылі.
Праўда, указ мае засакрэчаны пункт 10 «для службовага карыстання». Там могуць утрымлівацца нейкія іншыя абмежаванні.
Лукашэнка абавязаў чыноўнікаў купляць толькі «БелДжы» ў 2023 годзе. Выключэнні зрабіў для сваёй Службы бяспекі і органаў нацыянальнай бяспекі, кіраўніцтва сваімі справамі, органаў фінансавых расследаванняў, фельд’егерскай службы, сельскагаспадарчых і дзяржаўных лясных арганізацыяў. Ім можна было купляць не «БелДжы» па ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам Савету бяспекі. Іншым можна было купляць не толькі «БелДжы» паводле рашэння асабіста Лукашэнкі.
У выніку ў Беларусі на лістапад 2024 года эксплуатавалі каля 70 тысяч аўтаў «БелДжы», а агулам кампанія выпусціла каля 300 тысяч аўтамабіляў.
Алесь Наваборскі belsat.eu