Расейскі аўтарынак вырас на 69 %. Geely на чацвёртым месцы.
Расейскі аўтарынак у 2023 годзе вырас на 69 %. Усяго за мінулы год у РФ было прададзена амаль 1060000 новых легкавых аўтамабіляў, паведамляе «Автостат» са спасылкай на дадзеныя сістэмы рэгістрацыі аўтамабіляў.
«Geely Atlas». (Фота: китайские-автомобили.рф)
Лідарам расейскага рынку засталася Lada. Усяго было прададзена 324,4 тысяч машын гэтай маркі, што на 85,7 працэнта больш, чым у 2022 годзе.
Другім на расейскім рынку стаў кітайскі брэнд Chery, чые продажы выраслі ў 3 разы да без малога 119 тысяч аўтамабіляў, трэцім быў Haval, які павялічыў збыт у 3,3 разы да 111,72 тысяч машын.
Чацвёртае месца дасталася кітайскай марцы Geely. Яе продажы за год выраслі ў 3,5 разы да 93,5 тысяч аўтамабіляў. Доля рынку за год вырасла больш як у два разы да 8,84 %. Трэба адзначыць, што большая частка афіцыйна прадаваных у РФ новых аўтамабіляў Geely вырабляецца ў Беларусі на сумесным прадпрыемстве «БелДжы».
Усяго ў першай дзясятцы брэндаў расейскага аўтарынку шэсць кітайскіх марак.
Беларуская аўтамабільная асацыяцыя пакуль не публікавала звестак аб дылерскіх продажах новых легкавых аўтамабіляў па выніках 2023 года ў Беларусі.