Летась у параўнанні з папярэднімі гадамі Беларусь пачала больш купляць і прадаваць алмазаў, як вынікае са звестак Міністэрства фінансаў. Нашая краіна ўвозіць расейскія дыяменты – яны пад заходнімі санкцыямі. Амаль усё, што імпартуецца, ідзе на экспарт. Найбуйнейшымі пакупнікамі «беларускіх алмазаў» сталіся Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай.
Міністэрства фінансаў Беларусі рэгулярна справаздачыцца пра гандаль алмазамі, бо далучылася да гэтак званай схемы сертыфікацыі працэсу Кімбэрлі. Яе прыдумалі ў 2003 годзе, каб не было гандлю «крывавымі дыяментамі». Так называюць камяні, што здабываюцца нелегальна, а грошы ад іх продажу атрымоўваюць групоўкі, якія развязваюць грамадзянскія войны. Найперш ідзецца пра краіны Афрыкі.
Краіны – удзельніцы дамовы мусяць раскрываць інфармацыю пра паходжанне алмазаў, якімі гандлююць, і не мець справаў з падазронымі камянямі. Цяпер гэтыя патрабаванні выконваюць 58 дзяржаваў, у тым ліку Расея, а таксама ўсе чальцы Еўразвязу.
Афіцыйная статыстыка сведчыць, што дыяменты прыйшліся Менску даспадобы ў 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, а Расея і Беларусь трапілі пад санкцыйны прэс. У 2021-м нашая краіна ўвезла алмазаў на $ 8,1 млн, а ў наступным годзе – ужо на $ 33,9 млн. Адпаведна вырас і продаж камянёў за мяжу: $ 5,1 млн у 2021-м, амаль $ 29 млн – у 2022-м.
Летась імпарт алмазаў дасягнуў $ 201,9 млн, а экспарт – $ 197,6 млн.
У кастрычніку 2023 года ЕЗ увёў першыя санкцыі супраць расейскіх алмазаў: з 1 студзеня 2024 года быў забаронены іх імпарт, купля і транзіт. Праз некалькі месяцаў, 1 сакавіка, набылі моц новыя абмежаванні. З таго дня забаронены ўскосны імпарт, то бок у Еўразвяз нельга завозіць камяні расейскага паходжання з любой дзяржавы. Гэта ж датычыць расейскіх дыяментаў, што былі апрацаваныя ў трэціх краінах.
У чэрвені летась ЕЗ асобна забараніў імпарт алмазаў з Беларусі.

Да 2022 года амаль усе алмазы паступалі ў нашую краіну з Расеі, а галоўнымі пакупнікамі былі Бельгія, Ізраіль і Нямеччына. Потым пачаў павялічвацца экспарт «беларускіх» дыяментаў у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, і за мінулы год гэтая дзяржава зрабілася найбуйнейшым партнёрам, купіўшы ў нас камянёў на $ 140 млн (у 2023-м было $ 1,6 млн).
Акрамя таго, алмазны апетыт знянацку прачнуўся ў Арменіі, якая з 2013 года не купляла дыяментаў у Беларусі. У 2022 годзе туды прадалі каштоўных камянёў на $ 2,5 млн, у 2023-м – ужо на $ 25,2 млн. Летась, праўда, аб'ёмы ўпалі да $ 3,1 млн.
Ажно на $ 53,5 млн «беларускіх» алмазаў у мінулым годзе закупіў Кітай. Ён і раней імпартаваў іх з нашай краіны, напрыклад, у 2016 годзе, аднак цяпер аб'ём істотна вырас.
У гэтай статыстыцы ідзецца толькі пра прыродныя алмазы, якія называюцца непрамысловымі. Беларусь гандлюе яшчэ і прамысловымі камянямі – штучнымі, аднак аб'ёмы продажу тут невялікія.
Алмазныя пакуты ў Расеі
Паводле статыстыкі працэсу Кімбэрлі, у 2020 годзе Расея экспартавала алмазаў на $ 2,9 млрд, у 2021-м – на $ 4 млрд, у 2022-м – на $ 3,9 млрд, у 2023-м – на $ 3,7 млрд. Звестак за мінулы год яшчэ не публікавалі, а Масква іх хавае.
Расейскае выданне «Коммерсантъ», спасылаючыся на прагноз профільнага агенцтва «Rapaport», пісала, што продаж расейскіх камянёў за мяжу мог скараціцца летась да $ 3,2 млрд.
Пра тое што Расея зазнала праблемы з экспартам дыяментаў, сведчаць некалькі чыннікаў. Мінфін нашай усходняй суседкі пачаў купляць камяні ў карпарацыі «АЛРОСА», што здабывае амаль усе алмазы ў РФ. Апошні раз такое было ажно ў 2012 годзе. У самой кампаніі казалі, што зменшаць выдаткі на персанал і прыпыняць здабычу на самых нерэнтабельных радовішчах.
І на гэтым фоне Беларусь рэзка павялічыла як імпарт, гэтак і экспарт камянёў. Улічваючы, што Расея – галоўны іх пастаўнік у нашую краіну, фактычна ідзецца пра рээкспарт.
Хаваюць сляды?
Сусветны гандаль алмазамі, дзякуючы працэсу Кімбэрлі, пабудаваны так, што паходжанне каменя адразу зразумелае і вядомае. Аднак далей заблытаць усіх даволі лёгка. Як сцвярджае праект «International Peace Information Service», піша брытанская тэлерадыёкарпарацыя Бі-Бі-Сі, на шляху ад радовішча да пакупніка дыямент можа пераходзіць з рук у рукі ад 20 да 30 разоў, і ўжо пасля некалькіх такіх угодаў краіна паходжання сыравіны можа «выпадкова» змяніцца.
Да таго ж хаваць месца здабычы алмазаў дапамагаюць гэтак званыя змешаныя партыі, калі ва ўмоўны мех ссыпаюць камяні з розных крыніцаў. Напрыклад, толькі ў чацвёртым квартале летась Беларусь увезла менавіта расейскіх дыяментаў на $ 134,9 млн, а вось экспарт камянёў з пазначаным расейскім паходжаннем склаў толькі $ 248,7 тысячы, яны пайшлі ў Індыю. А ў Кітай і ААЭ адправілі ўжо не расейскія алмазы, а «з розных крыніцаў», і кошт экспарту ў гэтыя дзве краіны склаў $ 132,3 млн.
Ледзь не ўсе алмазы ў свеце праходзяць праз некалькі буйных цэнтраў, што ёсць у тым ліку ў Індыі і ААЭ. Там расейскія алмазы таксама могуць змешвацца з камянямі з іншых краінаў, і знайсці ў такой салянцы менавіта санкцыйныя расейскія камяні – задача, як кажуць, з зорачкаю.
Еўракамісія разам з краінамі «Вялікай сямёркі» працуе над адмысловай сістэмаю, што дазволіць прасачыць увесь шлях кожнага каменя. Яна мелася запрацаваць 1 верасня летась, аднак у лютым, калі зацвярджаліся новыя санкцыі супраць Расеі, гэты момант адклалі да 1 студзеня 2026 года.
Пры гэтым такая сістэма дазволіць сачыць за новымі алмазамі, здабытымі пасля таго, як яна запрацуе, а камяні, якія ўжо цяпер у абарачэнні, застануцца ў шэрай зоне і, падобна, пралезуць праз санкцыйныя шчыліны.
Сцяпан Кубік belsat.eu