навіны

Беларусы адзначаюць Радаўніцу

Людзі прыбіраюць магілы перад Радаўніцай на Паўночных могілках. Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года. Фота: Белсат
Людзі прыбіраюць магілы перад Радаўніцай на Паўночных могілках. Менск, Беларусь. 6 траўня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Мёртвы дзень, Праводны дзень, Наві дзень, Вялікдзень мёртвых. Гэта ўсё – Радаўніца. На дзявяты дзень пасля Вялікадня ў праваслаўных ды грэка-каталікоў, паводле традыцыі, беларусы ідуць на могілкі, каб прынесці мёртвым навіну пра ўваскрэсенне Хрыста. Пры гэтым для Царквы Радаўніца – проста дзень, калі пасля перапынку пачынаюць ладзіцца памінальныя набажэнствы.

«Два тыдні не служацца памінальныя службы, і вось калі Светлы тыдзень заканчваецца, гэта можа быць панядзелак ці аўторак, тады выдзяляюць традыцыйна гэты дзень. Але ў самім уставе царкоўным ён не лічыцца ніякім святам», – тлумачыць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.


Традыцыя ўвесну ўшаноўваць памерлых дахрысціянская і належыць да агульнага культу зямлі.

,,

«Нашыя продкі лічылі абавязковым паклікаць і ўжо памерлых, каб яны паспрыялі на гэтым свеце новаму ўраджаю, зямной працы. Таму што для беларусаў ушанаванне продкаў было адной з найважнейшых частак нематэрыяльнай культуры і жыцця, светапогляду», – кажа кіраўніца этнацэнтру «Світанак» і дзіцячага фальклорнага калектыву «Пацеркі» Марына Струнеўская.


Традыцыйна на Радаўніцу абмежаванняў у дзеяннях няма. Да свята прынята прыбраць і ўпарадкаваць магілы, а ў гэты дзень родзічы адведваюць памерлых на могілках.

,,

«Менавіта на могілкі трэба было ўсім прыехаць, усе, хто дзе ў якім куточку свету не быў – гэта была такая норма: прыехаць усім сустрэцца», – падкрэслівае Марына Струнеўская. 


Сёлета ўлады Гомельшчыны абмежавалі доступ да могілак у некаторых адселеных вёсках на мяжы з Украінай. Наведаць іх без адмысловага пропуску можна было толькі цягам некалькіх гадзінаў у вызначаныя дні.


«Улічваючы, што там памежная паласа, таму райвыканкам вырашыў толькі ў адзін дзень у гэты час. Прапускны рэжым 27–29-га, можна з аформленым пропускам», – патлумачылі нам па тэлефоне ў Гомельскім аблвыканкаме 


Але нават на могілкі ў незакрытых зонах у сённяшніх рэаліях прыехаць можа не кожны. Што рабіць, каб не застацца па-за традыцыяй, калі наведваць Беларусь небяспечна? Прыбраць магілу дапамогуць фірмы, што займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў. Тэлефануем у адну з фірмаў у Гомлі: 

,,

«150 рублёў адна магілка, прыбіранне. Плюс транспартныя 50 рублёў. Аплату з Еўразвязу не прымем, бо гэта ў вас будзе больш праблемаў потым. Знайдзіце каго-небудзь з Гомля з родных, ён можа наяўнымі прывезці ці карткай – ніякіх праблемаў».


Што да асабістага наведвання магілаў, то для праваслаўнай традыцыі важней памянуць продкаў у царкве.


«Калі памінальны дзень, гэта не азначае, што трэба абавязкова ісці на могілкі, гэта азначае, што трэба менавіта памянуць у царкве. А калі мы ў царкве, то заўсёды з намі тыя людзі, якіх мы памінаем, тут ніякай праблемы няма», – кажа Аляксандр Шрамко.


Пры гэтым Царква, хоць і ўлічвае Радаўніцу ў сваім календары, нагадвае, што не ўсе традыцыі спалучаюцца з хрысціянствам. Гэтак, паводле святароў, могілкі – гэта неадпаведнае месца для спажывання ежы і тым больш алкаголю.



Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10