Будаўніцтва атамнай электрастанцыі, развіццё штучнага інтэлекту і ваенная бяспека – усё гэта абмяркоўваюць больш за 15 прэзідэнтаў, прэм’ераў і міністраў з краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падчас саміту Ініцыятывы трох мораў. Разам са сваёй камандай яна мае абмеркаваць з палітыкамі рэгіянальную бяспеку і перспектывы паглыблення інтэграцыі Беларусі з еўрапейскімі ініцыятывамі.
Трамваі і аўтобусы рухаюцца па змененых маршрутах, на вуліцах прыкметна больш паліцыі. У Варшаве сабраліся дзевяць прэзідэнтаў і адзін прэм’ер, а таксама шэраг міністраў з краінаў, размешчаных паміж Чорным, Балтыйскім і Адрыятычным морамі. Яны абмяркоўваюць будаўніцтва энергетычнай інфраструктуры, развіццё штучнага інтэлекту і бяспеку Усходняй Еўропы.
,,«Рэгіянальная праца – гэткая, як "Трохмор’е" – мае ключавое значэнне для ўзмацнення пазіцыяў нашых народаў у Еўропе і свеце», – адзначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Асноўная мэта Ініцыятывы трох мораў эканамічная. 13 усходніх краінаў Еўразвязу аб’ядналіся, каб разам будаваць аўтамагістралі, чыгункі і газаправоды, якія злучаюць поўдзень і поўнач кантыненту. За 10 гадоў удалося пабудаваць аўтастраду «Via Carpatia», што злучае літоўскі порт Клайпеда з грэцкімі Салёнікамі, чыгунку ад польскага Гданьску да румынскай Канстанцы, а таксама газаправоды паміж Польшчай, Літвой і Славаччынай. У 2022 годзе асацыяванымі сябрамі Ініцыятывы трох мораў сталіся Малдова і Украіна. Кіеў на сённяшняй сустрэчы рэпрэзентаваны віцэ-прэм’ерам Аляксеем Кулэбам, адказным за аднаўленне краіны. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіць праз відэасувязь. На саміт таксама прыехала абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская.
,,«Для нас гэта дадатковая платформа, каб Беларусь прагучала, каб Беларусь там папрысутнічала і каб пра Беларусь не забываліся. Яшчэ раз нагадаць пра стратэгічную важнасць Беларусі ў нашым рэгіёне, і каб дбалі і пра Украіну, і пра дэмакратычныя змены ў нашай краіне. Бо не будзе бяспекі для гэтага альянсу, для гэтых краінаў, калі будзе турбулентнасць у Беларусі. Беларусь будзе крыніцай небяспекі, калі там будзе рэжым Лукашэнкі, які служыць не Беларусі, а Пуціну», – тлумачыць «Белсату» абраная прэзідэнтка Беларусі.
На саміт Ініцыятывы трох мораў прыехаў таксама прадстаўнік ЗША. Гэта міністр энергетыкі Крыс Райт. Ён падпісаў пагадненне аб будаўніцтве ў Польшчы атамнай электрастанцыі.
«Гэта пачатак доўгатэрміновай супрацы паміж Злучанымі Штатамі і Польшчай. Яна будзе звязаная з будаўніцтвам атамных рэактараў як тут, у Польшчы, так і ў іншых краінах Еўропы, разам з развіццём ланцужка паставак, кампетэнцыяў польскіх і амерыканскіх работнікаў», – заявіў Райт.
Будаўніцтва атамнай электрастанцыі з трыма энергаблокамі кампаніі «Westinghouse Electric» павінна пачацца ў 2028 годзе і скончыцца ў 2040-м. Станцыя будзе размяшчацца на балтыйскім узбярэжжы Польшчы.
Аляксандр Папко belsat.eu