Мальта застаецца апошняй краінай Еўразвязу, якая выдае грамадзянства за інвестыцыі. Еўрапейскі Вярхоўны суд назваў мальтыйскую схему выдачы «залатых пашпартоў» незаконнай. Ад гэтага могуць пацярпець расейскія чыноўнікі і бізнесоўцы, якія абыходзяць санкцыі.
Еўрапейскі Вярхоўны суд праз тры гады пасля позвы Еўракамісіі прыняў рашэнне пра парушэнне Мальтай прынцыпу ўзаемнага даверу ў Еўразвязе праз выдачу «залатых пашпартоў», піша «Reurets». Праект «Вот Так» тлумачыць, што гэтай схемай карысталіся багатыя расейцы, у тым ліку з мэтай абыходу санкцыяў.
Праграмы «залатых пашпартоў» – пакупкі грамадзянства за фіксаваную суму інвестыцыяў – існавалі ў шэрагу краінаў Еўразвязу. На сёння некаторыя краіны прапануюць «залатыя візы» і «залатыя віды на жыхарства», але ў 2022 годзе іх выдачу сталі прыпыняць для грамадзянаў Расеі і Беларусі). Менавіта грамадзянства за інвестыцыі ў Еўразвязе прадае толькі Мальта (цана – 1 млн еўра), але і яна ў 2022 годзе прыпыніла выдачу «залатых пашпартоў» і «залатых ВНЖ» грамадзянам Расеі і Беларусі.
Тым не менш, мальтыйскае грамадзянства паспелі купіць сотні грамадзянаў Расеі і Беларусі, у тым ліку буйныя бізнесоўцы або іхныя цёзкі. Паводле падлікаў «Financial Times», грамадзянства Мальты атрымалі не менш за 16 расейскіх бізнесоўцаў, якія аказаліся пад санкцыямі або былі асуджаныя за эканамічныя злачынствы. Адклікалі «залаты пашпарт» толькі ў аднаго грамадзяніна.
Што будзе з тымі, хто ўжо атрымаў «залаты пашпарт» Мальты, невядома. Так, Кіпр скасаваў падобную схему ў 2020 годзе і дагэтуль расследуе справы вакол ужо выдадзеных пашпартоў.
Расейцы могуць скарыстацца «залатымі пашпартамі» і падобнымі схемамі па-за Еўразвязам. Напрыклад, расейская прапагандыстка Екацярына Андрэева яшчэ ў 2014 годзе атрымала грамадзянства Чарнагорыі і, паводле расследавання «Фонду барацьбы з карупцыяй», мае там вілу коштам каля 10 млн еўра.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп тым часам анансаваў «залатую картку Трампа», якая дае дазвол на жыхарства ў ЗША за 5 млн долараў і спрашчае шлях да грамадзянства ЗША. На момант публікацыі над рэалізацыяй праекту працуе каманда мільярдэра Ілана Маска, дакладныя ўмовы невядомыя.
Алесь Наваборскі belsat.eu