Незвычайную справу разгледзеў сталічны суд: з прычыны запазычанасці за крэдыт беларуса з дзецьмі выселілі з кватэры, а жытло прадалі з малатка.
Пракуратура Менску расказала пра гэты выпадак дзяржаўнаму агенцтву «Минск-Новости». Мянчук купіў кватэру ў крэдыт у банку пад заклад гэтага ж жытла. Але потым мужчына перастаў плаціць за крэдыт (пра прычыны пракуратура не паведамляе). Пасля таго як запазычанасць дасягнула 70 тысяч рублёў, судовыя выканальнікі прадалі кватэру з аўкцыёну іншаму чалавеку.
Запазычанасць пайшла банку, рэшта – даўжніку, які, аднак, з жонкай і дзецьмі застаўся зарэгістраваны ў гэтай кватэры і высяляцца не захацеў.
У выніку новы ўладальнік кватэры пайшоў у суд з патрабаваннем аб іх высяленні. І суд пастанавіў, што будзе законна выселіць сям'ю разам з непаўналетнім дзіцём у нікуды.
Як працуе заклад у крэдыце? Часта для атрымання крэдыту на куплю жытла будучы ўласнік падпісвае дамову з банкам аб закладзе гэтага жытла ў выпадку нявыплаты крэдыту. Маёмасць даўжніка, якая ёсць прадметам закладу, можа быць прададзеная з малатка, потым банк забірае сабе з выручаных грошай суму запазычанасці, а астатняе аддае даўжніку. Пры гэтым апошні разам са сваёй сям'ёй абавязаны пакінуць жытло. Калі сям'я добраахвотна не выселіцца, за справу бяруцца судовыя прыставы. І ніякага выключэння для няпоўнагадовых дзяцей тут няма.
«Высяляючы адказнікаў, суд кіраваўся палажэннямі жыллёвага заканадаўства. Так, у дачыненні разгледжанага выпадку пасля спынення права ўласнасці на кватэру, якая ёсць прадметам іпатэкі, яе былы ўласнік і асобы, якія пражываюць з ім, страцілі права валодання і карыстання жылым памяшканнем», – кажа пракурор аддзелу нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастановаў у грамадзянскіх справах пракуратуры Менску Лілія Корань.
Тэса Анэйда belsat.eu