У Менску праходзіць 12-ая міжнародная выстава ўзбраення і вайсковай тэхнікі «МІлекс-2025». Удзел у ёй бяруць 150 кампаніяў з Індыі, Ірану, Кітаю, Пакістану, але найперш з Беларусі і Расеі. Таксама прысутнічаюць афіцыйныя дэлегацыі з 30-ці краінаў свету, пераважна з Афрыкі ды Азіі.
«Фармат мерапрыемства чарговы раз пацвярджае адкрытасць Беларусі яе зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі», – адзначыў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.
Раней у «Мілекс» бралі ўдзел кампаніі з Італіі, Нямеччыны, Швецыі, Украіны і Японіі. А вось на папярэднім форуме, які адбыўся праз год пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, удзельнікаў было значна менш. Прыехалі беларускія, расейскія, кітайскія і іранскія кампаніі. Прычым пра ўдзел апошніх паведамілі дзяржаўныя СМІ. Потым гэтыя згадкі выдалілі.
Спецыяліст у сферы нацыянальнай бяспекі, палітолаг Аляксандр Казак кажа: «Варта заўважыць, хто зʼяўляецца ўдзельнікам дадзенай выставы. Гэта пераважна тыя краіны, якія або падтрымалі ўварванне Расеі [ва Украіну] або паставіліся максімальна нейтральна не выказваючыся неяк канкрэтна па дадзеным пытанні».
Беларускія вытворцы вайсковай тэхнікі выстаўляюць сёлетнія навінкі. Напрыклад, беспілотнікі. І да ўсяго хваляцца бронетранспарцёрамі, гранатамётамі, стралковай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзмітрый Пантус заявіў, што за першы дзень выставы ягонае ведамства падпісала кантрактаў на 40 мільёнаў долараў. З якімі менавіта краінамі, не ўдакладніў.
«Для беларускай абароннай вытворчасці, асабліва ў кантэксце накладзеных санкцыяў, 40 мільёнаў долараў гэта больш чым добры вынік», – разважае Аляксандр Казак.
Прычым Беларусь прадстаўленая на выставе не толькі як прадавец. У Міністэрстве абароны заявілі пра падпісанне дамовы з тульскім збройным заводам на пастаўку боепрыпасаў.
Ян Федаровіч belsat.eu