Намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна прапанаваў Лукашэнку збудаваць у Беларусі завод для вытворчасці дронаў магутнасцю да 100 тысяч адзінак на год. Сам завод абяцаюць пабудаваць за год. Праўда, пакуль беларускія вытворцы дронаў выраблялі ў асноўным паветраныя зáмкі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў 6 сакавіка выставу расейскіх беспілотнікаў у Менску. На гэтай выставе Максім Арэшкін, намеснік кіраўніка адміністрацыі Уладзіміра Пуціна, расказаў Лукашэнку, што Расея прапануе збудаваць у Беларусі завод для вытворчасці беспілотнікаў.
Прапанаваная вытворчасць, паводле Арэшкіна, можа дасягнуць магутнасці да 100 тысяч адзінак на год. Гаворка ідзе пра выраб у Беларусі «ўсіх ключавых кампанентаў» з выкарыстаннем «тэхналагічных напрацовак і развязанняў, якія ёсць у Расеі». Завод, кажа Арэшкін, будзе «цалкам лакалізаваны» і з «прыўнясеннем усіх кампетэнцыяў» у Беларусь, але на «адзінай тэхналагічнай платформе з заводамі ў Расеі і іншых краінах». І збудаваць такі завод, паводле прадстаўніка адміністрацыі Пуціна, можна ўсяго за адзін год.
,,«Гэта прапанова, якую зрабіў расейскі бок. Цяпер з калегамі беларускімі будзем абмяркоўваць, дзе, якая вытворчасць і гэтак далей. Нейкі час зойме ўзгадненне гэтых параметраў», – сказаў Арэшкін.
Вытворчасць расейскіх беспілотнікаў у Беларусі, як сказаў Арэшкін, гэта «пытанне забеспячэння суверэнітэту». Але ў неінтуітыўным сэнсе. Прадстаўнік адміністрацыі Пуціна не згадваў наўпрост, што беспілотнікі цяпер актыўна выкарыстоўваюцца ў вайне ва Украіне, а толькі адзначыў, што яны «мяняюць і цывільную, і вайсковую сферу». А згадаўшы «інтэграцыйныя мапы», запэўніў, што вытворчасць расейскіх беспілотнікаў забяспечыць незалежнасць Беларусі і не азначае страты суверэнітэту.
Лукашэнка не быў супраць будаўніцтва заводу. Сказаў:
,,«Гэта мы вывучым прынцыпова. Для нас гэта вельмі вялікая перспектыва».
Але Лукашэнка быў прынамсі стрыманым у гэтым пытанні, калі не скептычным. Ён заявіў: «Дзякуй вам, дзякуй Уладзіміру Уладзіміравічу [Пуціну] за тое, што ён памочніка свайго даслаў і паказалі гэта ўсё. Нешта мы ўмеем. Але ў мяне такое адчуванне, што мы толькі на першай стадыі знаходзімся. Расейцы вельмі сур'ёзна рушылі наперад у гэтым напрамку».
Дроны патрэбныя Расеі не для вясельных відэа
Расея з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сапраўды прасунулася ў вытворчасці дронаў. Мінулай восенню Пуцін казаў, што Расея збіраецца нарасціць вытворчасць дронаў у 10 разоў да амаль 1,4 млн апаратаў за 2024 год; за 2023 год расейскаму войску паставілі каля 140 тысяч дронаў. Са спадарожнікаў бачна, як разрастаецца фабрыка ў Татарстане, дзе вырабляюць ударныя беспілотнікі тыпу іранскіх «Shahed-136» (расейскія вытворцы называюць іх «Герань»). Расея ўжо можа за адну хвалю запусціць ва Украіну да 150–200 такіх беспілотнікаў, а паводле ацэнак украінскай выведкі, неўзабаве Расея зможа запускаць паўтысячы гэткіх дронаў за адзін раз.
І «Шагэды» не адзіныя дроны, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. У зводках Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны за апошнія дні гаворыцца пра ўжыванне Расеяй каля 2500 дронаў-камікадзэ за дзень. Імаверна, асноўная маса – невялікія ў параўнанні з «Шагэдамі» дроны, у тым ліку FPV-дроны, якімі аператар кіруе «ад першай асобы» праз камеру на апараце.
Чаму Лукашэнка не ззяе аптымізмам?
Беспілотнікі ў Беларусі вырабляюць прынамсі з 2002 года, прэзентавалі больш за тры дзясяткі мадэляў дронаў. Першаю дроны пачала рабіць прыватная кампанія «Індэла» (збанкрутавала ў 2018 годзе, узнавіла дзейнасць як канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты»). Вытворчасцю дронаў займаюцца таксама 558-ы авіярамонтны завод, завод «Агат», «Белспецзнештэхніка», розныя навукова-вытворчыя цэнтры пры Акадэміі навук. Гэтымі беспілотнікамі не раз хваліліся перад Лукашэнкам.

Колькі беспілотнікаў вырабляюць у Беларусі цяпер, колькі іх адпраўляюць у Расею і колькі ўжываюць супраць Украіны, невядома. Такія звесткі ў Беларусі засакрэчаныя. Аднак нават дзяржаўныя медыі намякаюць, што можа быць няшмат: БелТА ў матэрыяле пра расейскую прапанову згадвае, як два гады таму Лукашэнка пытаў старшыню Дзяржваенпраму Дзмітрыя Пантуса: «Ты ж не проста паказваеш у адзіным экзэмпляры ўзор?» Той адказваў, што ўжо завяршаюцца выпрабаванні: «Мы арганізуем працу для арганізацыі серыйнай вытворчасці».
У 2022 годзе Лукашэнка адзначаў наконт дронаў, што «хто купляе, таму і будзем прадаваць», але «непажадана, вядома, каб нашыя ўзоры ваявалі ва Украіне, усё ж свае людзі». Лукашэнка даўно не хваліцца тым, што выступіў суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну – цяпер нярэдка намагаецца стварыць уражанне, што Беларусь стаіць убаку. Украінскі бок ягоным міралюбным заявам не верыць.
Калі Лукашэнку ў верасні 2024 года зноў паказалі беларускія дроны, ён патрабаваў «вызначыцца, што ў першую чаргу неабходна вырабіць і куды паставіць», і прасіў, каб «не было ніякай паказухі». Прыкметаў масавай вытворчасці дронаў усё яшчэ не было.

Вытворчасць 100 тысяч дронаў на год не выглядае нерэалістычнай. Напрыклад, завод «Белджы» за 2024 год выпусціў 59 303 аўтамабілі ўласнай маркі – ліцэнзійных копіяў кітайскіх «Geely». Разам з тым «Белджы» працягвае выпускаць машыны пад арыгінальнай кітайскай маркай «Geely», за 2024 год планавалі сабраць 98 тысяч аўтаў агулам пад кітайскім і беларускім брэндамі. Праўда, лакалізацыя вытворчасці дасягнула толькі 70 %, значная частка дэталяў засталася замежнай. І гэта было арганізавана не за год: гісторыя «Белджы» цягнецца з 2011 года.
Акрамя таго, у 2022 годзе анансавалі, што ў кітайска-беларускім парку «Вялікі камень» будуць вырабляць пажарныя дроны, але з таго часу навінаў пра запуск вытворчасці не было. Ці сабралі ў Беларусі хоць адзін кітайскі пажарны дрон, невядома.
У сярэдзіне лютага сёлета Лукашэнка таксама заклікаў развіваць мікраэлектроніку для Расеі – а ў Расеі з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне якраз падскочыў попыт на беларускую мікраэлектроніку, якую выкарыстоўваюць у расейскай зброі. Вось толькі поспехі Лукашэнка ацэньваў скептычна: «Трэба паднаціснуць». З названых ім лічбаў вынікала, што выдаткі на развіццё мікраэлектронікі ў Беларусі скароцяць.
З вышыні сённяшняга дня
- Расея мае патрэбу ў розных беспілотніках, вырабляе розныя мадэлі, у тым ліку копіі іранскіх «Shahed», і падобна, істотна нарошчвае ўласную вытворчасць.
- У Беларусі з вытворчасцю дронаў дагэтуль не было заўважных поспехаў: не раз заяўлялі пра стварэнне ўласных беспілотнікаў, але аб’ёмы вытворчасці не выглядаюць вялікімі і выклікаюць скептыцызм нават у Лукашэнкі.
- Лукашэнка прынамсі ў публічных заявах не гарыць жаданнем глыбей увязвацца ў расейскую вайну супраць Украіны.
- Арганізацыя масавай зборачнай вытворчасці паводле замежных узораў у Беларусі магчымая, як паказвае прыклад «Geely», але на гэта ідзе не адзін год, а поўнай лакалізацыі вытворчасці тых жа «Geely» дасягнуць не ўдалося.
Алесь Наваборскі belsat.eu