У той час, як беларусы скардзіліся на дэфіцыт бульбы ў крамах, што пацвярджалі і ўлады краіны, у суседняй Расеі працягвалі актыўна купляць беларускую гародніну. Пра гэта ТАСС паведамілі ў «Рассельгаснаглядзе».


Паводле «Аргус-фито», на дзень 25 траўня з пачатку года Расея імпартавала з Беларусі 32 тысячы тонаў харчовай свежай бульбы. Пры гэтым у параўнанні з аналагічным перыядам 2024-га, калі даставілі 63,9 тысячы тонаў, увоз знізіўся ў 2 разы.
А вось у 2024 годзе ў Расею даставілі 201,2 тысячы тонаў беларускай бульбы, што ў 1,6 разу больш, як у 2023-м. У Расеі бульба летась падаражэла за 2024 год удвая, а расейскі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Патрушаў даручыў завозіць яе з «прыязных» краінаў. У выніку ў 2024-м Беларусь стала найбуйнейшым дастаўцам бульбы ў гэтую краіну, апярэдзіўшы нават Егіпет.
У тым ліку праз гэта з пачатку вясны ўжо і ў Беларусі назіраецца «бульбяны крызіс». Былі дні, калі бульба знікала з продажу. Затым вярнулася, але за цэны ў разы вышэйшыя, як год таму. У Варшаве і Вільні бульба стала таннейшаю, як у Менску. І калі бульба з’явілася, знікла добрая цыбуля. Потым беларусы сталі звяртаць увагу на праблемы з капустай, яблыкамі ды іншаю садавіной і гароднінаю, на шалёныя цэны на чарэшні і беларускія трускаўкі… Быў і гурковы, і памідорны калапс.
Прапаганда ў Беларусі абуралася: «Ім абы жэрці». Прадстаўнікі ўладаў скардзіліся спачатку на дастаўцаў гародніны са сховішчаў, потым на клімат. З кліматам сапраўды бяда, ды незалежныя эканамісты бачылі глыбіннаю прычынаю рэгуляванне цэнаў, што адбівала жаданне вырошчваць нерэнтабельныя культуры. Сярод прычынаў называліся таксама санкцыі, праз якія беларусы не могуць закупляць еўрапейскай насеннай бульбы, а беларуская не можа доўга ляжаць у сховішчах і прост гніе.
Якуб Хруст belsat.eu