Прадстаўнікі Расеі і ЗША працягваюць слоўную сварку ў сацыяльных сетках з прычыны вайны ва Украіне і нежадання Масквы яе заканчваць. Цяпер былы прэзідэнт РФ прыгразіў дзейнаму кіраўніку новаю сусветнаю вайной і атрымаў на гэта адказ. А вось да дзеянняў палітыкі не пераходзяць.
Былы прэзідэнт Расеі і намеснік кіраўніка Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў загаварыў пра трэцюю сусветную вайну ў адказ на заявы Доналда Трампа, што Уладзімір Пуцін «гуляе з агнём».
,,«Што датычыць словаў Трампа пра тое, што Пуцін «гуляе з агнём» і пра «вельмі дрэнныя рэчы» з Расеяй: я ведаю толькі адну рэальна дрэнную рэч – трэцюю сусветную вайну. Спадзяюся, Трамп гэта разумее», – напісаў Мядзведзеў у X.
У адказ спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг адзначыў, што «распальванне страху перад трэцяю сусветнаю вайною – няўдалы, безразважны каментар Дзмітрыя Мядзведзева, не варты сусветнай дзяржавы». Паводле яго, Трамп «працуе, каб спыніць гэтую вайну і пакласці канец забойствам».
Келаг заявіў, што Вашынгтон чакае ад Расеі абяцанага ёю мемарандуму адносна заканчэння вайны. «Спыніце агонь неадкладна», – дадаў ён.
Трамп не наважваецца на дзеянні
Як піша «Politico», Трамп хоць і даў зразумець, што ягонае трыванне адносна Пуціна на зыходзе, але пакуль не вызначыўся з далейшымі крокамі ў дачыненні Расеі.
,,«Пуцін цяпер у небяспечнай блізкасці ад таго, каб спаліць залаты мост, які Трамп праклаў да яго», – сказаў выданню адзін з працаўнікоў амерыканскай адміністрацыі на ўмовах ананімнасці.
Паводле чатырох амерыканскіх чыноўнікаў, Трамп яшчэ не пастанавіў, ці ўводзіць дадатковыя санкцыі супраць Масквы ў адказ на ўзмацненне атак Расеі па Украіне.
«Цяпер я вельмі, вельмі скептычна стаўлюся да таго, што Трамп калі-небудзь увядзе сур'ёзныя санкцыі ці зробіць захады ў дачыненні Расеі, – сказаў Керт Волкер, які быў спецпрадстаўніком ЗША ў справе Украіны падчас першага тэрміну Трампа. – Ён меў так шмат магчымасцяў зрабіць гэта, але заўсёды ўхіляўся».
26 траўня Трамп напісаў, што ў яго «заўсёды былі вельмі добрыя стасункі з Уладзімірам Пуціным з Расеі, але з ім нешта здарылася», «ён зусім звар’яцеў». Паводле прэзідэнта ЗША, Пуцін не толькі «дарма забівае мноства» вайскоўцаў, але і «ракеты і беспілотнікі скідваюцца на гарады Украіны без усялякай прычыны».
«Уладзімір Пуцін не разумее, што калі б не я, з Расеяй ужо адбылося б шмат вельмі дрэнных рэчаў. Я маю на ўвазе – вельмі дрэнных. Ён гуляе з агнём!» – падкрэсліў Трамп 27 траўня.
Крыніцы «The Wall Street Journal» кажуць, што ЗША могуць увесці новыя санкцыі ўжо на гэтым тыдні. Трамп незадаволены працягам вайны і павольнымі тэмпамі перамоваў, абмяркоўваюцца не толькі санкцыі, але і «іншыя варыянты ціску на расейскага лідара, каб ён пайшоў на саступкі за сталом перамоваў, у тым ліку ў пытанні 30-дзённага спынення агню, якое падтрымлівае Украіна, але адхіляе Расея». Трамп, паводле выдання, не выключае адмовы ад удзелу ў расейска-ўкраінскіх перамовах, калі апошні «штуршок» не спрацуе.
Якуб Хруст belsat.eu