навіны

«Два паверхі складзецца». Да якіх разбурэнняў можа прывесці падзенне шагэду?

Belsat
Belsat
podpis źródła zdjęcia

Паводле «Беларускага Гаюна», учора «Shahed» разбіўся за 55 км ад гораду Бабруйску.

Апошнім часам стала вядома пра шэраг выпадкаў, калі падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляталі дроны-камікадзэ «Shahed». 16 ліпеня адзін з іх даляцеў ажно да Магілёва і, як паведаміў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», разбіўся за 55 км ад гораду Бабруйску. Эксперты распавялі «Белсату», з чым гэта можа быць звязана і наколькі небяспечна для беларусаў.
Былы афіцэр Узброеных сілаў Беларусі і былы ваяр палка імя Кастуся Каліноўскага, сябра Каардынацыйнай рады Васіль Верамейчык тлумачыць, што дроны-камікадзэ «Shahed» у першую чаргу небяспечныя для цывільнага насельніцтва і буйных інфраструктурных аб’ектаў. Гэта не высокадакладная зброя і да таго ж дрон можа проста не даляцець да цэлі.


,,

«Пры масавым выкарыстанні такога ўзбраення непазбежна нейкія паломкі і памылкі. Прабачце, нават самалёты падаюць цывільныя. Што ўжо казаць пра масавае выкарыстанне штампованых стандартных дронаў», – канстатуе ён.


Васіль Верамейчык мяркуе, што падзенне расейскага шагэду 16 ліпеня, хутчэй за ўсё, было выпадковасцю. «Але такія выпадковасці могуць паўтарацца пры новых запусках праз тэрыторыю Беларусі», – дадае ён.
Былы ваяр палку Каліноўскага тлумачыць, што «Shahed» валодае дастаткова моцнай забойнай сілай – дрон можа несці да 50 кг выбухоўкі.


,,

«Гэта як чатыры-пяць 155-мм снарадаў, – зазначае ён, – Гэта сапраўды нармальная забойная сіла. Пры трапленні ў шматпавярховік стандартна складаецца некалькі паверхаў у падʼездзе. А ўлічваючы, што ён не дакладна ляціць у канкрэтную цэль… Гэта сапраўды можа быць небяспечна – школы, садкі… Два паверхі складзецца і ўсё».


Што рабіць людзям, калі яны бачаць шагэд у небе? Верамейчык кажа, што рэкамендацыі стандартныя, як і пры любых абстрэлах: «Калі ты ў полі, трэба ўпасці ў ямку. Калі ты ў лесе, трэба паспрабаваць упасці за нейкае дрэва ў бок ад дрону. Калі ў горадзе – упасці за бардзюр. Але пажадана забегчы ў будынак, дзе ёсць падвал (таму што бамбасховішчаў у Беларусі асабліва няма)».
Сам факт таго, што расейскія шагэды цяпер выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі, Верамейчык схільны тлумачыць палітычнымі прычынамі. Магчыма, гэта правакацыя Масквы, каб абвастрыць сітуацыю на мяжы Беларусі і Украіны, скасаваць тую разрадку, якую раней абвесціў Аляксандр Лукашэнка.
Вайсковы эксперт Ігар Леўчанка лічыць, што палёты шагэдаў над Беларуссю могуць тлумачыцца тым, што Расея цяпер імкнецца аднавіць выкарыстанне беларускай тэрыторыі для паветраных атак на Украіну.


,,

«Таму што абʼектыўна гэта зручна, калі нейкую зону СПА можна абысці праз тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуцца ў паветраную прастору Украіны і далей працягваць рух да абʼекта», – зазначае ён.


Разам з тым, мяркуе Леўчанка, палёты шагэдаў праз Беларусь могуць тлумачыцца тэхнічнымі няспраўнасцямі, паломкай сістэмы навігацыі і г.д. Асабліва гэта актуальны для тых выпадкаў, калі дроны заляталі ўглыб тэрыторыі Беларусі.


,,

«Хутчэй за ўсё, гаворка можа ісці аб іх тэхнічнай няспраўнасці, аб паломцы сістэм навігацыі і т.д. Гэта значыць, магчыма існуе праблемы з камплектуючымі да шагэдаў – у першую чаргу тымі, якія расейцы самі мантуюць», – падкрэсліў эксперт.


Падрабязны разбор сітуацыі з палётамі расейскіх шагэдаў у Беларусі можна прачытаць тут.
Глеб Нержын belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10