навіны

Беларусь – ключ для перамогі над Пуціным

img
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Калаж з фота: kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Павольная, схаваная, шмат каму непрыкметная расейская анексія Беларусі сталася канчатковаю сумнаю рэчаіснасцю. Апошні яе этап правялі ў 2020 годзе. Доказам таго быў напад войскаў РФ на Украіну з нашай тэрыторыі ў 2022-м.

Вонкавых прыкметаў акупацыі (згодна з міжнароднымі стандартамі) нібыта не відаць. Толькі гэта на першы позірк. Намінальна Беларусь мае свае дзяржаўныя інстытуцыі ды сімвалы: краінаю кіруе прэзідэнт, існуе парламент, мясцовыя адміністрацыі і нават саветы з самаўрадамі. Але ж той, хто называе сябе прэзідэнтам, пасля захопу ўлады ў 1996 годзе (з дапамогаю той жа Расеі), не быў прызнаны беларускай і міжнароднай дэмакратычнымі супольнасцямі. Парламент, калісьці абраны на свабодных выбарах, страціў мажлівасць функцыянаваць і быў заменены на падкантрольную «палату», куды праходзяць выключна лаяльныя Лукашэнку асобы. Гарадскія, абласныя і раённыя адміністрацыі ператвораныя ў вертыкаль улады з жорсткім адборам кадраў паводле прынцыпу бясспрэчнай вернасці найвышэйшаму кіраўніцтву. Мясцовыя саветы зрабіліся такімі ж служкамі, што і «дэпутаты» рэспубліканскага ўзроўню. Выбары ператвораныя ў фарс і праходзяць пад суворым наглядам лукашэнкаўскіх спецслужбаў усіх узроўняў.


Дзейныя дзяржаўныя сімвалы – герб і сцяг – былі зацверджаныя пасля сфальшаванага рэферэндуму 1995 года. Афіцыйны гімн Беларусі – гэта кавер-версія «галоўнай песні» часу БССР. Беларуская (дзяржаўная!) мова даведзеная да пагрозлівага стану знікнення, а яе носьбіты застаюцца пад пагрозаю рэпрэсіяў. Апошнія некалькі гадоў нават найменшая антылукашэнкаўская ці антырасейская (чытайце – нацыянальная, дэмакратычная) пазіцыя прымаецца як «антыдзяржаўная» і караецца шматгадовым турэмным зняволеннем у невыносных і нечалавечных умовах з перспектывамі цяжкай хваробы і нават смерці. Гэткі аналаг ГУЛАГу, канцлагеру ці сібірскай катаргі. Вайсковыя падраздзяленні ў Беларусі кантралююцца расейскімі сілавікамі. Эканоміка амаль на 100 % завязаная на расейскую.

,,

Існаванне такога кантрольна-рэпрэсіўнага апарату немажлівае без значнага – у тым ліку фінансавага – падтрымання. Ну і хто ж «дапаможа» свайму «малодшаму брату» і суседу, як не РФ! Пагатоў, акрамя зоны ўплыву і абсалютнага кантролю тэрыторыі, бонусам Крэмль займеў пляцоўку для рознага кшталту атак на іншыя дзяржавы.


А тут да ўсяго яшчэ такая зручная рэч, як міжнароднае права, якім геніі інтрыг ад ФСБ (КГБ, НКВД, ГПУ, ВЧК і г. д.) навучыліся круціць не горш, як уласнымі «законамі». Вось і мае Крэмль нібыта суверэнную і незалежную, але пры гэтым цалкам падкантрольную Беларусь у якасці гаўбца – палігону з вельмі зручнаю геаграфічнаю лакацыяй. Хочаш – на Кіеў ідзі, колькі тут той адлегласці, хочаш – на краіны Балтыі ці нават на Польшчу.

Быць у стане вечнай вайны – жыццёвая неабходнасць для сённяшняй Расеі. Інакш – непазбежная дэцэнтралізацыя ўлады, з чарговым «парадам суверэнітэтаў». З нядаўніх прыкладаў можна прыпомніць чарговы этап паўраспаду «адной шостай сушы» ў 1980–1990-я гады, якому папярэднічала вайна ў Афганістане. І ў звязку з гэтым – уведзеныя супраць СССР санкцыі ад палітычных, эканамічных і да спартовых. Ну і, вядома ж, «цынкавыя хлопчыкі» як вынік прайгранай вайны, на якой палеглі прыкладна 15 тысячаў чалавек. З іх жыхароў РСФСР каля 10 тысячаў. Гэта за дзесяць гадоў вайны.

,,

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну на фронце штодзённа гінуць сотні і нават тысячы расейскіх акупантаў. Ідзе чацвёрты год баявых дзеянняў. Агульныя страты расейцаў складаюць каля паўтара мільёна жаўнераў. Атрымліваецца, што на сёння, паводле стратаў, Расея мае ўжо 150 «афганаў»!


Памятаеце, як пасля вываду савецкіх войскаў з ДРА ў 1989 годзе ў Расеі пачаліся хвацкія дзевяностыя? А што будзе, калі раптам спыніць сённяшнюю агрэсію і вярнуць усіх ветэранаў дадому? Тых ветэранаў, якім цяпер на фронце плоцяць 200 тысяч рублёў, а пасля вяртання запрапануюць заробкі ніжэйшыя ў шэсць – сем разоў. Дадайце ПТСР. Дый зброю сёй-той з сабою прыцягне... Дык тыя хвацкія дзевяностыя расейцы будуць прыгадваць як дробнае хуліганства. Вось і выходзіць, што ваяваць ім трэба да канца. І добра, калі гэта будзе канец Расеі.


«Дапамагчы» Маскве прыпыніць вайсковыя дзеянні можа дэмакратычны Захад пры наяўнасці на тое палітычнай волі. І тут патрэбныя не толькі жорсткія эканамічныя санкцыі супраць агрэсара, разам з пастаўкамі ўсёй неабходнай зброі Украіне. Вельмі важна забраць у пуціна еўрапейскі гаўбец – Беларусь. Дэакупацыя Беларусі неабходная не толькі дзеля ліквідацыі лукашызму. Гэта важны і неабходны крок для перамогі над расейскім Райхам, што ўзмоцніць агульнаеўрапейскую і сусветную бяспеку.

P.S. У расейцаў ёсць адно адметнае слова, якое цяжка перакласці на іншыя мовы: «расчеловечивание». Вось нібыта ёсць чалавек, асоба, індывідуальнасць з крыві і плоці, надзеленая мараллю, свядомасцю, душою... І раптам гэтая асоба губляе ўсе людскія прыкметы. Для расчалавечанай асобы няма сэнсу існавання. Жыццё губляе ўсялякую каштоўнасць. Сваё жыццё. Што ўжо казаць пра жыццё іншых...


Сяргей Верамеенка, грамадскі адктывіст, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, для belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10