З аднаго боку, Лукашэнка кажа развіваць мікраэлектроніку. З другога, выглядае, што дзяржава будзе выдаткоўваць на яе менш. Ды магчыма, дапаможа расейскі напад на Украіну, на якім беларуская мікраэлектроніка ўжо някепска зарабляе. Вайна для «Інтэгралу» аказалася куды больш выгадная за спажывецкі рынак.
Аляксандр Лукашэнка на Дзень святога Валянціна наведаў завод «Інтэграл» у Менску. 14 лютага ён паглядзеў на зборачную вытворчасць і выставу гатовай прадукцыі, піша БелТА.
Лукашэнка адзначыў, што свету сёння патрэбныя мільярды чыпаў, мікрасхемаў і транзістараў. І выказаў упэўненасць у тым, што Беларусь можа канкураваць на гэтым рынку. «Інтэграл», сказаў ён, «зазірае ў будучыню і ўкладваецца ў развіццё», «хацелася б, каб такіх прынцыпаў прытрымліваліся на ўсіх прадпрыемствах». Ён падкрэсліваў, што «мікраэлектроніка сёння ў топе», а штучны інтэлект ды іншае без «Інтэгралу» немагчымае.
Дырэктар «Інтэгралу» Андрэй Буйневіч пахваліўся Лукашэнку: з 2021 года экспарт прадукцыі холдынгу вырас удвая, і гэта не толькі ў Расею, але і на краіны дальняй дугі. Таксама ўдвая нарасцілі аб’ёмы вытворчасці, актыўна супрацоўнічаюць з заводам «Планар», які робіць абсталяванне для вытворчасці мікрасхемаў. Рабочым не толькі паднялі заробкі, але і пашырылі сацыяльны пакет, даюць большыя пазыкі на жытло, прапануюць адпачынак дзяцей у Краснадарскім краі Расеі.
«Мы цяпер вельмі шмат – з маёй падачы, жорсткага патрабавання – гаворым пра далейшае развіццё, інвестыцыйныя праграмы, укладанне грошай і гэтак далей, – казаў Лукашэнка. – Двойчы я адхіляў усякія інвестыцыйныя праграмы. Не скажу, што мы ўжо дайшлі да таго, чаго я хацеў бы ў гэтых інвестыцыйных праграмах. Пачалі часам тое, што магло пачакаць. Яно трэба будзе, але магло пачакаць. І трэба заканчваць, інакш разваліцца тое, што пачалі будаваць. Але з наступнага года мы будзем будаваць паводле інвестыцыйных праграмаў толькі тое, што нам трэба для жыцця, і найперш вытворчасць. Ёсць вытворчасць – ёсць жыццё, няма вытворчасці – няма жыцця».

Вынікі, паводле Лукашэнкі, відаць, але «трэба паднаціснуць». Разам з тым, з публікацыяў дзяржаўных медыяў вынікае, што выдаткі на мікраэлектроніку ў Беларусі збіраюцца зменшыць.
За мінулыя два гады на праграму развіцця мікраэлектронікі было выдаткавана амаль Br 500 млн, казаў Лукашэнка, і да 2030 года запланавана засвоіць яшчэ столькі ж. Калі гэта не памылка, замест Br 250 млн за год будзе толькі Br 100 млн. Так гэта ці не, невядома, але Лукашэнка таксама казаў, што аб’ём фінансавання праграмы агулам складае Br 1 млрд, гэта супадае з «500 выдаткавалі, яшчэ 500 будзе на 5 гадоў».
Не дачакаўшыся 2030 года, Лукашэнка прыняў пастановы ў развіцці мікраэлектронікі аж да 2040-га і анансаваў: будзе яшчэ як мінімум пяць новых інвестыцыйных праектаў у мікраэлектроніцы, «гэта яшчэ некалькі сотняў мільёнаў беларускіх рублёў». Колькі дакладна і што за праекты, Лукашэнка не расказаў. Каб тэмпы засваення грошай не спадалі, праекты мусяць быць на Br 750 млн.
Лукашэнка сказаў зрабіць – і зрабілі выгляд, што зрабілі
Лукашэнка прывёў у прыклад электрамабілі: маўляў, «ёсць на іх попыт – давайце рабіць, трэба электрарухавік – мы гэта ўмеем». Праўда, якраз рухавікоў для электрамабіляў у Беларусі не ўмеюць рабіць: пакуль толькі хваляцца тэставым асобнікам, які распрацавалі з удзелам «Магілёўліфтмашу», наваполацкага заводу «Вымяральнік» і Першай акумулятарнай кампаніяй, што робіць акумулятары на кітайскіх ячэйках. Вытворчасць аўтамабіляў «БелДжы» лакалізавалі пакуль максімум на 70 % – значная частка дэталяў у Беларусі не вырабляецца.
Згадаў і ідэю вытворчасці вакцынаў у Беларусі: «Пастаўленая задача. Бліжэйшым часам я займуся гэтаю тэмаю». Тым часам беларуская вакцына «БелКовідВак», на распрацоўванне якой выдаткавалі больш за $ 30 мільёнаў, аказалася неэфектыўнай у доўгатэрміновай перспектыве. Будаванне заводу вакцынаў замарозілі, дырэктара асудзілі.
Праграмы «імпартазамяшчэння» агулам кепска працуюць у Беларусі. Напрыклад, Лукашэнка хваліўся «беларускім ноўтбукам», а аказалася, той мае працэсар «Intel», здабыты ў абыход санкцыяў.
Нядаўна Лукашэнка загадаў зрабіць беларускі мабільны тэлефон, каб не было, як з пэйджарамі «Хізбулы». Ды ў Беларусі па-ранейшаму не вырабляюць мноства кампанентаў, неабходных для вытворчасці сучасных мабільнікаў. Беларусь славіцца хутчэй праграмаваннем, распрацоўваннем софту. Ды Лукашэнка хоча не проста распрацоўку нейкага софту, а «імпартазамяшчэнне», мэтазгоднасць якога сумнеўная.
Гэта не для беларускага спажыўца, а для Расеі і вайны супраць Украіны?
Беларусы могуць сутыкацца з прадукцыяй «Інтэгралу» і не ведаць таго. Завод вырабляе каля 3500 найменняў прадукцыі: не толькі інфармацыйныя табло і гадзіннікі, але і дыёды, транзістары, мікрасхемы, якія могуць «хавацца» ў электронных тэрмометрах, калькулятарах, музычных сінтэзатарах ці трактарах.
Лукашэнку паказвалі мікрасхему пад назваю К1242ЕР1БП (IL431AM-1), што можа выкарыстоўвацца як унутрысхемны рэгулятар у крыніцах сілкавання і ладавальных прыладах ці як эквівалент стабілітронаў. То бок завод ганарыцца не гатовым спажывецкім прадуктам з надпісам «Інтэграл», а тэхналагічнымі дасягненнямі, якія можна скарыстаць у прыладах.
І чыпы «Інтэгралу» – гэта яшчэ не чыпы для сучасных смартфонаў: «Інтэграл» і «Планар» пакуль кажуць, што толькі «набліжаюцца» да тэхналагічнага працэсу 28–30 нм. Гэта ўзровень «iPhone 5S» 12-гадовай даўніны, чыпы сучасных смартфонаў робяць паводле тэхпрацэсу 3 нм (а хутка будуць рабіць і 2 нм). То бок транзістары ў сучасных смартфонах у 10 разоў меншыя за тыя, што ўмеюць рабіць у Беларусі. Гэта не значыць, што чыпы «Інтэгралу» безнадзейна састарэлі: іх проста выкарыстоўваюць у іншых прыладах.
«Інтэграл» заяўляе, што займае «значную частку» рынку інтэгральных мікрасхемаў у Расеі ды мае стратэгічных партнёраў у Кітаі. Лукашэнка кажа, што роля электронікі вельмі важная «для будучыні Беларусі, у тым ліку Беларусі і Расеі», «перадавыя тэхналогіі – гэта абароназдольнасць, суверэнітэт, незалежнасць дзяржавы». Адзначае, што «супольна з нашымі расейскімі партнёрамі мы вызначылі крытычна важную элементную базу для засваення». Заўважае, што «скарэктаваць нашыя крокі» важна «перад сустрэчаю з Уладзімірам Пуціным».
У Расеі прадукцыю «Інтэгралу» выкарыстоўваюць зусім не для вытворчасці «ётафонаў».
Як паказаў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, мікрасхемы «Інтэгралу» выкарыстоўваюцца ў расейскім узбраенні, у тым ліку ў ракетах, якімі абстрэльваюць Украіну.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне па сярэдзіну 2024 года «Інтэграл» паставіў у Расею больш за 6 млн мікрасхемаў на больш як $ 130 млн. Дзякуючы вайне «Інтэграл» павялічыў свае прыбыткі ў дзясяткі разоў, адзначаюць расследавальнікі. Гэта значыць, вайсковы кірунак для «Інтэгралу» значна больш выгадны за мікрасхемы для трактароў ці інфармацыйныя табло для аўтобусаў.
Прытым у сюжэтах дзяржаўных тэлеканалаў БРЦ пабачыў, што «Інтэграл» выкарыстоўвае заходняе абсталяванне, працягвае ў абыход санкцыяў (як шырокіх адносна Беларусі, так і «прыцэльных» супраць «Інтэгралу») атрымліваць кампаненты і сыравіну з Еўразвязу. А для вытворчасці «Інтэгралу» (і, як вынік, для расейскіх ракетаў) трэба імпартаваць нават такую «нізкатэхналагічную» сыравіну, як саляная кіслата, якую ў Беларусь пастаўлялі ў абыход санкцыяў з Нямеччыны праз Казахстан.
Алесь Наваборскі belsat.eu