навіны

Як Ізраіль учыніў «паўстанне машынаў» і да чаго гэта можа прывесці

Скрыншот з камер відэаназірання паказвае момант выбуху пэйджара кліента агародніннай крамы (2-й злева) у Ліване.
Скрыншот з камер відэаназірання паказвае момант выбуху пэйджара кліента агародніннай крамы (2-й злева) у Ліване. 17 верасня 2024 года. Фота Balkis Press / Abaca Press / East News
podpis źródła zdjęcia

17 і 18 верасня ў Ліване адбыліся масавыя выбухі прыладаў сувязі, якімі карысталіся чальцы радыкальнай групоўкі «Хізбула». Мясцовыя ўлады паведамляюць пра мінімум 37 загінулых і каля 3600 параненых. «Белсат» распавядае, як ізраільскія спецслужбы здолелі арганізаваць такую маштабную атаку і што будзе далей.


Што адбылося


17 верасня ўва ўсім Ліване пачалі выбухаць пэйджары – невялікія прыёмнікі персанальнага выкліку, якія звычайна прымацоўваюцца да пояса для хуткага доступу. Гэтая тэхналогія з’явілася ў другой палове XX стагоддзя і ў свой час была досыць папулярнай. У пачатку 2000-х пэйджынгавую сувязь амаль цалкам выціснулі мабільныя тэлефоны.


У Ліване пэйджары выкарыстоўваюцца як сродак сувязі паміж чальцамі радыкальнай групоўкі «Хізбула». Некаторы час таму кіраўніцтва арганізацыі прыйшло да высновы, што Ізраіль адсочвае тэлефоны баевікоў, іхныя перамовы і месцазнаходжанне, таму пастанавіла адмовіцца ад гэтага сродку сувязі.


Лідар «Хізбулы» Хасан Насрала заклікаў сваіх прыхільнікаў зламаць, закапаць або замкнуць свае тэлефоны ў жалезную скрыню. «Вы пытаецеся ў мяне, дзе [ізраільскія] агенты? Я кажу, што тэлефон у тваіх руках, у руках тваёй жонкі і ў руках тваіх дзяцей – гэта агенты», – заявіў ён сёлета ў лютым.


Аднак выявілася, што пэйджары для баевікоў «Хізбулы» могуць быць яшчэ больш небяспечнымі, чым мабільнікі. У выніку серыі выбухаў 17 верасня загінулі мінімум 12 чалавек і каля 3000 атрымалі раненні. У тым ліку быў паранены амбасадар Ірану ў Ліване (Тэгеран дае «Хізбуле» вайсковую і фінансавую дапамогу).


Ёсць ахвяры і сярод цывільных. Вядома пра гібель дваіх дзяцей. Пра адзін з такіх выпадкаў распавялі журналісты «The New York Times»: дзевяцігадовая Фатыма Абдула, вярнуўшыся са школы дадому, пачула сігнал пэйджара і ўзяла яго ў рукі, каб аднесці бацьку, – у гэты момант адбыўся выбух.


На наступны дзень, 18 верасня, у розных кропках Лівану адбылася новая серыя выбухаў: цяпер узрываліся партатыўныя рацыі, якімі карысталіся байцы «Хізбулы». У выніку загінулі яшчэ як мінімум 25 асобаў і больш за 600 атрымалі раненні. Адзін з выбухаў адбыўся побач з пахавальнай працэсіяй па загінулым ад падрыву пэйджара.


Ізраіль адказнасці за атаку на сябе не ўзяў: афіцыйныя асобы сітуацыі не каментуюць, што ёсць звычайнай практыкай падчас аперацыяў за мяжой. Аднак сумневаў у тым, што за атакай стаяць ізраільскія спецслужбы, ні ў кога няма.


Машына хуткай дапамогі дастаўляе параненых пасля ўзрыву пэйджараў у медычны цэнтр Амерыканскага ўніверсітэта Бейрута, Ліван. 17 верасня 2024 года. Фота: Anwar Amro / AFP / East News
Машына хуткай дапамогі дастаўляе параненых пасля ўзрыву пэйджараў у медычны цэнтр Амерыканскага ўніверсітэта Бейрута, Ліван. 17 верасня 2024 года. Фота: Anwar Amro / AFP / East News

Як гэта сталася магчымым


Паводле крыніцаў агенцтва «Reuters», ізраільская выведка «Масад» паставіла выбухоўку ў 5000 пэйджараў, увезеных «Хізбулой» у Ліван за некалькі месяцаў да выбухаў.


«Масад» уставіў у прыладу плату з выбуховым рэчывам, на якую паступае код. Яе вельмі цяжка выявіць нават з дапамогай любога прыбора або сканера», – цытуе «Reuters» словы суразмоўцы.


Паводле розных ацэнак, у пэйджары маглі закласці ад 3 да 10–20 грамаў выбуховых рэчываў.


На падставе здымкаў, што трапілі ў сеціва, медыі ідэнтыфікавалі пэйджары чальцоў «Хізбулы» як мадэль AP924 – яе вырабляе тайванская кампанія «Gold Apollo». Аднак тайванская фірма заявіла, што пэйджары, выкарыстаныя пры выбуху, былі вырабленыя будапэшцкай кампаніяй «BAC Consulting», якая мела ліцэнзію на выкарыстанне брэнду «Gold Apollo», зазначае Бі-Бі-Сі.


Улады Вугоршчыны ў сваю чаргу паведамілі, што вытворчасці пэйджараў на вугорскай тэрыторыі не было: кампанія «BAC Consulting» была толькі гандлёвым пасярэднікам. «Згаданыя прылады ніколі не былі ў Вугоршчыне», – цытуе вугорскага чыноўніка «Politico».


Выданне «The New York Times» піша, што фірма «BAC Consulting» была створаная ізраільскай выведкай у Вугоршчыне ў якасці падстаўной кампаніі, якая выдавала сябе за вытворцу пэйджараў. Былі заснаваныя і яшчэ дзве падстаўныя кампаніі для прыкрыцця яе дзейнасці. У «BAC Consulting» былі і звычайныя кліенты, але пэйджары для «Хізбулы» вырабляліся асобна – яны ўтрымлівалі батарэі з выбуховым рэчывам PETN. Экспарт гэтых пэйджараў у Ліван кампанія «BAC Consulting» пачала ў 2022 годзе, аднак у 2024-м, калі Насрала заклікаў цалкам адмовіцца ад мабільных тэлефонаў, аб'ёмы значна выраслі.


Паводле «The New York Times», 17 верасня а 15:30 на пэйджары прыйшлі паведамленні. Яны былі на арабскай мове і выглядалі так, быццам паходзілі ад найвышэйшага кіраўніцтва «Хізбулы». Неўзабаве ўва ўсім Ліване прылады пачалі выбухаць. Імаверна, аналагічным чынам быў арганізаваны выбух партатыўных рацыяў.


Фактычна аперацыю 17–18 верасня можна лічыць крокам да вайны новага пакалення. Упершыню ў гісторыі сучасныя цывільныя сродкі сувязі былі выкарыстаныя спецслужбамі не для збірання інфармацыі, а для правядзення маштабнага дыверсійнага нападу.


Начальнік Генштабу арміі абароны Ізраілю Гэрцы Галеві праводзіць нараду па ацэнцы сітуацыі пасля выбуху пэйджарных прылад у Ліване, якімі карысталіся чальцы радыкальнай групоўкі «Хізбула». 17 верасня 2024 года. Фота: Israel Defense Forces (IDF) / Handout / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Начальнік Генштабу арміі абароны Ізраілю Гэрцы Галеві праводзіць нараду па ацэнцы сітуацыі пасля выбуху пэйджарных прылад у Ліване, якімі карысталіся чальцы радыкальнай групоўкі «Хізбула». 17 верасня 2024 года. Фота: Israel Defense Forces (IDF) / Handout / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Навошта гэта зрабілі


Існуе некалькі версіяў, чаму «Масад» учыніў напад менавіта цяпер. Частка медыяў і экспертаў кажа, што, імаверна, атаку прыйшлося распачаць заўчасна, бо ўзнікла пагроза выкрыцця ўсёй аперацыі. То бок паўстала дылема: або цяпер, або ніколі.


Іншыя медыі і аналітыкі схіляюцца да таго, што ўсё прайшло ў адпаведнасці з планам. Проста кіраўніцтва Ізраілю пастанавіла націснуць на кіраўніцтва «Хізбулы», каб прымусіць групоўку да дээскалацыі.


Пра тое, што паміж Ізраілем і «Хізбулой» можа ўспыхнуць поўнамаштабная вайна, размовы вядуцца ўжо даўно. «Хізбула» падтрымала дзеянні групоўкі «Хамас», якая ўчыніла беспрэцэдэнтны тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. З таго часу рэгулярна адбываліся лакальныя абстрэлы памежных рэгіёнаў Ізраілю баевікамі «Хізбулы» і кропкавыя авіяўдары Цагалю ў адказ. Спачатку сітуацыя трымалася ў рамках абмежаванага абвастрэння, аднак паступова атакі «Хізбулы» рабіліся ўсё больш інтэнсіўнымі, пашыралася іх геаграфія. З канца вясны пачала назірацца ўстойлівая тэндэнцыя да эскалацыі. У асобныя дні «Хізбула» выпускала па тэрыторыі Ізраілю некалькі сотняў ракет.


Памежны канфлікт зайшоў занадта далёка. Пачынаючы з кастрычніка 2023 года ў выніку нападаў з боку баевікоў «Хізбулы» загінулі дзясяткі цывільных асобаў і вайскоўцаў. Паводле розных ацэнак, ад 60 да 100 тысяч чалавек былі вымушаныя эвакуявацца з ізраільскіх памежных паселішчаў углыб краіны і да гэтага часу не могуць вярнуцца дадому. Няспынныя абстрэлы прывялі да руйнавання або пашкоджання каля тысячы будынкаў і, што яшчэ больш адчувальна для Ізраілю, нанеслі вялізарныя страты лясам і сельскагаспадарчым угоддзям: ад пажараў пацярпелі каля 87 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Фактычна баевікі стварылі эфект выпаленай зямлі.


Ад канфлікту пацярпеў і Ліван. Паводле міжнароднай арганізацыі «Organisation for Migration», свае дамы на поўдні Лівану пакінулі прыкладна 90 тысяч жыхароў. Сцвярджаецца, што ў выніку ізраільскіх удараў загінулі сотні чалавек, каля 3200 будынкаў былі пашкоджаныя або разбураныя, а 40 квадратных кіламетраў тэрыторыі пацярпелі ад пажараў.


«Хізбула» настойвае, што спыніць агонь толькі ў тым выпадку, калі Ізраіль адмовіцца ад ваеннай аперацыі ў сектары Газа. Гэтае патрабаванне застаецца непераадольнай перашкодай для мірнага ўрэгулявання. Паводле звестак крыніцаў «Axios», Ізраіль учыніў атакі 17–18 верасня менавіта для таго, каб прымусіць «Хізбулу» змяніць яе палітыку ў дачыненні канфлікту на Блізкім Усходзе.



,,

«Мэта заключаецца ў тым, каб пераканаць «Хізбулу», што ў іх інтарэсах адмежавацца ад «Хамасу» і заключыць асобную ўгоду аб спыненні баявых дзеянняў з Ізраілем незалежна ад спынення агню ў Газе», – патлумачыла крыніца выдання.



Ці пачнецца трэцяя ліванская вайна?


Лідар «Хізбулы» Хасан Насрала 19 верасня заявіў, што лічыць ізраільскія атакі абвяшчэннем вайны. Аднак здольнасць групоўкі значна павысіць стаўкі ў супрацьстаянні з Ізраілем выклікае сумневы.


Напад быў наймагутнейшым ударам па «Хізбуле». Па-першае, хоць смяротным быў менш за 1 % выбухаў пэйджараў, вялізарная колькасць прадстаўнікоў групоўкі атрымала раненні і будзе знядзеяная як мінімум на час лячэння. Па-другое, цяпер «Хізбуле» давядзецца зноўку выбудоўваць сістэму сувязі, прыдумляць нешта новае, закупляць абсталяванне. Па-трэцяе, цяперашні напад прадэманстраваў высокую эфектыўнасць спецслужбаў Ізраілю і ўразлівасць «Хізбулы», што павінна каласальна дэмаралізаваць чальцоў арганізацыі. Імаверна, цяпер «Хізбуле» спатрэбіцца час, каб прыйсці ў сябе.


Магчыма, на павышэнне ставак пойдзе якраз Ізраіль. Напярэдадні масавага падрыву пэйджараў у Ліване ізраільскі ўрад дадаў да афіцыйных мэтаў вайны вяртанне жыхароў паўночных рэгіёнаў Ізраілю ў свае дамы, пакінутыя пасля абстрэлаў з боку баевікоў «Хізбулы».


Увечары 18 верасня міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт заявіў пра пачатак новай фазы вайны і перакідванне 98-й дывізіі Цагалю да мяжы з Ліванам. «Цэнтр цяжару перамяшчаецца на поўнач. Мы перанакіроўваем сілы, рэсурсы і энергію на поўнач, – цытуе міністра выданне «The Times of Israel». – Я лічу, што мы стаім на парозе новай фазы гэтай вайны і нам трэба адаптавацца». 


Існуе думка, што Ізраіль такім чынам рыхтуе глебу для буйной наземнай аперацыі, каб адкінуць «Хізбулу» ўглыб Лівану і стварыць буферную зону ў памежжы. Але гэты крок выглядае занадта рызыкоўным. Цагаль ужо двойчы праводзіў буйныя наземныя аперацыі ў Ліване – у 1982 і 2006 гадах, – і абедзве кампаніі лічацца хутчэй няўдалымі. Трэцяя ліванская вайна, калі яна ўсё-ткі распачнецца, можа зрабіцца яшчэ цяжэйшым выпрабаваннем для Ізраілю, улічваючы, што вайна ў сектары Газа яшчэ не завершаная.


Таму, хутчэй за ўсё, перакідванне рэзерваў да мяжы з Ліванам – гэта дадатковы спосаб учыніць псіхалагічны ціск на «Хізбулу», аслабленую атакай 17–18 верасня, і нарэшце прымусіць баевікоў спыніць абстрэлы паўночных рэгіёнаў Ізраілю. Аднак маштабны канфлікт таксама не выключаны.


Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10