Беларуская вакцына «БелКовідВак», на распрацоўванне якой выдаткавалі больш за 30 мільёнаў долараў, аказалася неэфектыўнай у доўгатэрміновай перспектыве.
Даследаванні паказалі, што праз 180 дзён «БелКовідВак» цалкам губляе свае абарончыя ўласцівасці. Гэта азначае, што праз паўгода пасля вакцынацыі людскі імунітэт вяртаецца да таго ж узроўню, што і перад прышчэпкай, пішуць «Белыя халаты».
Адпаведныя высновы былі агучаныя беларускімі навукоўцамі ў апошнім нумары расейскага часопісу «Эпидемиология и Вакцинопрофилактика».
Для параўнання, расейская вакцына «Канвасэл» захоўвае абарону амаль на год, а мРНК-вакцыны, такія як «Pfizer» і «Moderna», паказваюць яшчэ лепшыя вынікі, асабліва супраць сучасных штамаў віруса (напрыклад, о-мікрон).
Праект «БелКовідВак» ад самага пачатку быў праблемным. Прадпрыемства, што займалася вытворчасцю, сутыкнулася з фінансавымі і юрыдычнымі цяжкасцямі: будаванне заводу замарозілі, а яго дырэктара асудзілі. Пры гэтым улады не даюць яснага адказу, ці будзе праект працягвацца. Фактычна цяпер беларуская сістэма аховы здароўя закупляе расейскія вакцыны, што выглядае больш лагічным варыянтам, чым далейшыя марныя ўкладанні ў «БелКовідВак».
«Вынікі даследаванняў эфектыўнасці беларускай вакцыны, як і агульнасусветныя трэнды, паказваюць, што далейшыя спробы распрацоўвання "БелКовідВак" выглядаюць як абсалютна бессэнсоўныя захады. Нашмат танней проста закупіць тую ж расейскую вакцыну, што сёння і адбываецца», – пішуць «Белыя халаты».
Паводле аўтараў «Белых халатаў», замест фінансавання правальнай праграмы варта накіраваць сродкі на барацьбу з іншымі небяспечнымі захворваннямі. Напрыклад, менінгакокавай інфекцыяй, якая, хоць і сустракаецца радзей за COVID-19, мае пры гэтым вельмі высокую смяротнасць. У Беларусі ў 2022 годзе з 43 заражаных памерлі 12 асобаў – гэта амаль кожны трэці. Спецыялісты прапануюць унесці вакцыну супраць менінгакоку ў Нацыянальны каляндар прышчэпак, каб абараніць людзей ад гэтай смяротна небяспечнай хваробы.
Такім чынам, сітуацыя вакол «БелКовідВаку» выглядае не толькі як медычны, але і як эканамічны і палітычны правал. Вакцына не дае стабільнай абароны, яе вытворчасць спыненая, а сродкі, выдаткаваныя на праект, маглі б быць выкарыстаныя больш разумна. На гэтым фоне лагічным крокам было б прызнаць памылку і перанакіраваць фінансаванне на важнейшыя медычныя патрэбы.
Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя ў часе пандэміі публікавала фальшывую статыстыку захворвальнасці і смяротнасці і забараняла дактарам пісаць COVID-19 як прычыну смерці. А сапраўдная надмерная смяротнасць (перавышэнне смяротнасці над даковіднымі гадамі) склала за 2020–2022 гады 90 тысяч асобаў. Калі б не ігнараванне пандэміі ўладамі, смерцяў магло быць на дзве траціны менш.
Таксама ініцыятывам «BELPOL» і «Белыя халаты» стала вядома, што вакцыны ў Беларусі злівалі або выкідалі, нават падчас пандэміі.
Раман Шавель belsat.eu