Беларусы ўсё часцей могуць сутыкацца з мядзведзямі, папярэджвае Міністэрства лясной гаспадаркі. У ваколіцах вёсак Дубінка і Маркішы Гарадзенскай вобласці, а таксама заказніку «Азёры» заўважаныя два мядзведзі. Раней аднаго заўважылі ў ваколіцах аграгарадку Гожа.
Мінлясгас дае рэкамендацыі тым, хто сабраўся ў лес:
- перасоўвайцеся шумна – размаўляйце;
- пазбягайце самотных прагулак прыцемкам;
- абыходзьце бокам густыя зараснікі і бураломы;
- пры сустрэчы з мядзведзем захоўвайце спакой – не паварочвайцеся спінай.
Апошнімі гадамі беларусы пачалі часцей заўважаць мядзведзяў непадалёк месцаў, дзе жывуць людзі. Улетку 2023 года мядзведзь увогуле гуляў паблізу шматкватэрных дамоў у Бараўлянах.
Эколагі звязваюць гэта з высяканнем лясоў: мядзведзі вымушаныя шукаць сабе ежу і новае месца. Падобная праблема ёсць і ў Расеі. Працаўніца некамерцыйнай арганізацыі для захавання жывёльнага свету «Цэнтр выратавання медзведзянятаў-сіротаў» у Цвярской вобласці Расеі Кацярына Пажэтнава распавяла «Зялёнаму парталу», што ў выпадку інтэнсіўнага высякання лясоў мядзведзі могуць выходзіць да людзей і быць агрэсіўнымі.
«Для галоднага мядзведзя няма перашкодаў, ён пераадолее бязлесныя прасторы, якія пры нармальных умовах пражывання ўяўляюць для мядзведзя сур'ёзную перашкоду, і выйдзе да людзей. А там ён можа задушыць свойскую жывёлу, руйнаваць агароды і сметнікі, дзе заўсёды можна нечым пажывіцца», – распавядае Кацярына.
Пры гэтым эколагі не падтрымліваюць адстрэлу мядзведзяў, хоць дапускаюць, што хутчэй за ўсё падобныя практыкі і будуць выкарыстоўваць улады.
Арсен Рудэнка belsat.eu