Прадстаўніца ініцыятывы «Кіберпартызаны» Юліяна Шаметавец у інтэрв’ю радыё «Свабода» выказалася крытычна адносна магчымасці беларускіх спецслужбаў узломваць сваіх апанентаў.
«А што яны сапраўды ўзламалі? Яны ўмеюць працаваць класічнымі метадамі, кагосьці захапіць, здабыць пароль, залагініцца і потым ужо там далей выцягваць інфармацыю. Але першы крок – гэта заўсёды нейкі фізічны кантакт. Ці яны ўводзяць свайго агента, ці захопліваюць кагосьці, але рэальных узломаў на тэхнічным узроўні мы ніколі не бачылі. Яны нават не могуць абараніць свае сеткі ад «Кіберпартызанаў», а ўжо атакаваць некага – для гэтага патрабуецца іншы ўзровень. І там няма нічога нават блізкага да таго, што ёсць у «Кіберпартызанаў»», – заявіла яна.
Юліяна Шаметавец прызнала, што ў КДБ ёсць рэсурсы і людзі, каб адсочваць інтэрнет-актыўнасць унутры Беларусі і за яе межамі. Але яна заклікала не «раздзьмухаць паніку, што рэжым усё можа ўзламаць, усё прачытаць, пра ўсё даведацца», бо «не, не можа».
,,«Яны любіць рабіць выгляд сваёй усёмагутнасці, у тым ліку і тэхнічнай. Але насамрэч яны працуюць хутчэй на чалавечых уразлівасцях. Але такой жа была праца спецслужбаў і 100, і 150 гадоў таму», – сказала Шаметавец, падкрэсліўшы, што «галоўныя ўразлівасці – чалавечыя, а не тэхнічныя».
Дзяржаўны тэлеканал АНТ выдаў 30 чэрвеня фільм пра затрыманага ў Беларусі актывіста Паўла Бялюціна. Паводле гэтага фільму, Камітэт дзяржбяспекі правёў шматхадовую спецаперацыю пад назвай «Гарпун»: Бялюцін у Літве ў складзе харугвы «Літвіны» рыхтаваўся з дапамогай дронаў атакаваць БелАЭС, а КДБ у 2024 годзе нібыта сам дазволіў «Кіберпартызанам» скрасці базу даносаў са свайго сайта, каб падставіць Бялюціна праз фальшывы данос ад ягонага імя.
Якуб Хруст belsat.eu