Улады Беларусі ўсталявалі і спрабуюць развіць стасункі з рэжымам талібаў у Афганістане, які імі ж прызнаны тэрарыстамі. Пры гэтым самога гэтага факту яны саромеюцца, у выніку чаго пра кантакты даводзіцца даведвацца з афганскіх медыяў. Што Менск шукае ў Афганістане і ці атрымаецца нешта знайсці – у матэрыяле «Белсату».
Міністэрства замежных справаў Афганістану, дзе з 2021 года кіруе ісламісцкі рух «Талібан», адсправаздачылася аб візіце намесніка кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Лукашэвіча. Госця прыняў Аль-Хадж Шэр Мугамад Абас Станэкзай, залучаны ў «тэрарыстычны пералік» КДБ Беларусі. Беларускі бок пра гэтыя перамовы нічога не паведаміў.
Паводле афганскага МЗС, на сустрэчы «абмяркоўваліся эканамічныя і палітычныя інтарэсы, а таксама магчымасці ўзаемнай супрацы паміж Афганістанам і Беларуссю». Станэкзай назваў перамовы «добрым пачаткам для развіцця доўгатэрміновай супрацы», а А Лукашэвіч запэўніў, што Менск хоча наладжваць супрацу з Афганістанам «у розных галінах». Яны дамовіліся працягнуць дыялог праз тэхнічныя групы ў Менску і Кабуле дзеля «далейшага ўмацавання і пашырэння сфераў супрацы».
Чаму ўлады не хваляцца візітам
Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін тлумачыць маўчанне беларускіх афіцыйных медыяў адносна візіту ў Афганістан тым, што ўладам Аляксандра Лукашэнкі хацелася б «прарыву на заходнім кірунку», а «замест гэтага едуць да талібаў». Ён нагадвае, што з уладамі Афганістану ўжо не адзін год супрацоўнічае Расея, але «пакуль нават расейскае кіраўніцтва, якое, падаецца, плявала на ўсе міжнародныя нормы і правілы, не адважваецца выкрасліць «Талібан» з ліку тэрарыстычных арганізацыяў».

«Адпаведна для беларускага рэжыму таксама будзе вельмі таксічна беларусам казаць, што мы тут такі прарыўчык здзейснілі, паехалі паразмаўлялі з людзьмі, якія знаходзяцца ў разнастайных спісах тэрарыстычных арганізацыяў. Так што, зразумелы страх перад рэакцыяй з боку грамадства. Калі мы ўжо дакатваемся да сяброўства з тэрарыстычнымі арганізацыямі, то куды тады вядзе гэты рэжым?» – адзначае Красулін.
На думку Красуліна, стасункі з талібамі яшчэ больш пераўтвараюць Беларусь «з ускрайку еўрапейскага свету ва ўскраек свету азіяцкага».
Талібы сталі больш мяккімі: ужо не караюць смерцю публічна
Цемур Умараў, навуковы супрацоўнік фонду Карнэгі, адзначае, што «Талібан», хоць і ёсць фундаменталісцкай ісламскай радыкальнай групоўкай, усё ж зацікаўлены ў тым, каб ператварыць Афганістан у «нармальную дзяржаву», якую б прынялі і прызналі іншыя краіны і каб у выніку гэтага палепшылася эканамічная сітуацыя. Ён падкрэслівае: у адрозненні ад «Ісламскай дзяржавы», «Талібан» не ставіць за мэту пашыраць халіфат на іншыя краіны свету і гатовы наладжваць кантакты з тымі, хто «на гэты кантакт ідзе». Для Менску ж, на думку Умарава, важна пашыраць стасункі з тымі краінамі, якія не ўводзяць санкцыі. І Афганістан талібаў менавіта такі.
Усходазнаўца Руслан Сулейманаў таксама кажа, што цяперашнія рэжым талібаў у Афганістане больш мяккі ў параўнанні з тым, што яны рабілі перад сваім падзеннем у 2001 годзе. У апошнія гады яны паспрабавалі палепшыць уласны імідж: адмовіліся ад публічных пакаранняў смерцю, аслабілі кантроль над прыватным жыццём, больш прыхільна ставяцца да этнічных і рэлігійных меншасцяў. Аднак у краіне ўсё яшчэ прымаюцца даволі рэпрэсіўныя законы, у тым ліку супраць жанчын, для якіх абмежаваныя магчымасці працы і адукацыі.

Аднак, паводле Сулейманава, талібы больш не імкнуцца да міжнароднага прызнання, як яны імкнуліся ў 2021 годзе:
«Ім дастаткова таго, што з імі ў прынцыпе ўзаемадзейнічаюць, перадусім суседзі, а ім дзявацца няма куды, ім трэба ўзаемадзейнічаць з цяперашнімі афганскімі ўладамі, іншых уладаў проста няма ў Афганістане. Кітай, напрыклад, ужо прызначыў свайго амбасадара і прыняў амбасадара ад талібаў. Кітай стаў першай краінай, якая прыняла прадстаўніка «Талібана» ў якасці амбасадара».
Што Беларусь шукае ў Афганістане
Гісторык Красулін адзначае, што і Беларусь, і Афганістан знаходзяцца ў міжнароднай ізаляцыі, і для іх абодвух важна хаця б такімі сустрэчамі «дэманстраваць сваю эфектыўнасць, сваю запатрабаванасць».
,,«Сустрэча двух выгнаннікаў у міжнароднай палітыцы не ў апошнюю чаргу звязаная з тым, што Расея настроеная на тое, каб Афганістан на чале з талібамі пераўтварыся ў ейнага пэўнага хаўрусніка», – кажа ён.
Таксама, паводле яго, Афганістан цікавы для Менску і Масквы сваім геаграфічным становішчам – праз яго праходзіць калідор Поўдзень–Поўнач, што звязвае краіны Цэнтральнай Азіі, а праз іх Расею і Беларусь, з Паўднёвай Азіяй і Індыйскім акіянам. Эканамічны ж інтарэс хутчэй «вельмі аморфны, вельмі гіпатэтычны і разлічны хутчэй на аддаленую будучыню».
У сваю чаргу навуковы супрацоўнік фонду Карнэгі Умараў мяркуе, што Менск шукае ў Афганістане новыя рынкі для сваіх паставак і, магчыма, імпарт карысных выкапняў, як то літыя і «іншых крытычна важных мінералаў, якія ў Афганістане ёсць у вялікіх колькасцях».
Чаму ўсё гэта марна
Умараў не думае, што беларуска-афганскія кантакты скончацца нечым паспяховым. Ён падкрэслівае, што здабыча карысных выкапняў у Афганістане патрабуе інвестыцыяў, але Беларусь наўрад ці гатовы «нейкім чынам укладвацца» ў гэта.

Аднак, дадае ён, тут паўстануць ужо іншыя важныя пытанні: бяспекі, гарантыі інвестыцыяў і лагістыкі, якія «вельмі складана вырашыць у кароткатэрміновай перспектыве».
Такой самай думкі прытрымліваецца і ўсходазнаўца Сулейманаў. Ён адзначае, што праз праблемы з бяспекай («у гэтай краіне дзейнічаюць такія групоўкі, як Ісламская дзяржава, і за апошні час яна толькі нарасціла сваю прысутнасць») Афганістан стаўся «рассаднікам тэрарызму». І ў выніку ў краіне не атрымліваецца рэалізаваць такія маштабныя праекты, як будаўніцтва чыгункі або пракладанне газаправоду.
Але нягледзячы ні на што, афіцыйны Менск усё ж спрабуе наладзіць стасункі з талібамі, якіх самыя ж ўнеслі ў тэрарыстычныя спісы. Спробаў жа выйсці на кантакт з уласнымі грамадзянамі, якіх улады Беларусі таксама абвяшчаюць тэрарыстамі і экстрэмістамі, пакуль не бачна.
Макар Мыш, Антон Бяздольны belsat.eu