Шуфлядка

У Беларусі задумалі «імпартазамяшчаць» софт. Засталося прыдумаць, навошта

 Ноўтбук «Horizont H-book 15» у колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ноўтбук «Horizont H-book 15» у колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі. Калаж: H-book.by / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Размовы пра замену замежнага праграмнага забеспячэння беларускім вядуцца даўно і даволі сур’ёзна: чыноўнікі задумалі нават беларускую аперацыйную сістэму. «Белсат» распытаў пра гэткія ідэі сузаснавальніка Tut.by Кірыла Валошына.

Аляксандр Лукашэнка 17 верасня 2024 года. Крыніца: БелТА

«Пытанне нацыянальнай бяспекі». Лукашэнка анансаваў распрацоўку беларускага мабільніка

навіны

Аляксандр Лукашэнка ў красавіку абураўся, што ў справе стварэння айчыннага софту «наогул нічога не робіцца». Міністр інфармацыі Канстанцін Шульган пасля гэтага казаў, што ёсць ужо план па «лічбавым суверэнітэце» і пілотныя праекты, у тым ліку хочуць стварыць беларускія аперацыйную сістэму, браўзер і офісны пакет. Нядаўна ён удакладніў, што актывізавалася праца з ПВТ, «каб зразумець, якое замежнае праграмнае забеспячэнне можна замяніць беларускім», але гаворка не пра тое, каб пазбавіцца ўсяго замежнага софту.


Некаторыя IT-кампаніі, у ліку якіх гігант «Microsoft» і распрацоўнік антывірусу «Avast», сапраўды абмяжоўваюць магчымасці карыстальнікам з Беларусі. Ды нельга сказаць, што Беларусь цяпер засталася без «Windows» і альтэрнатываў яму. Навошта тады распрацоўваць «беларускую Windows»?


Распрацаваць, каб што?


Які софт варта «імпартазамяшчаць» у Беларусі і навошта пра гэта кажуць улады? Сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын кажа «Белсату», што не разумее пытання і мае шмат сустрэчных. З якой мэтай? Дзе канкрэтна трэба нешта замяшчаць i чаму? Што такое «беларуская аперацыйная сістэма» і колькі ў ёй павінна быць чагосьці беларускага? Што разумеецца пад тэрмінам «лічбавы суверэнітэт» i уласна ад каго і для чаго ў чарговы раз «агароджваемся»?

Сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын на лекцыі пра стартапы ў БНТУ. Менск, Беларусь. 22 лютага 2019 года. Фота: Bntu.by, CC BY 4.0
Сузаснавальнік Tut.by Кірыл Валошын на лекцыі пра стартапы ў БНТУ. Менск, Беларусь. 22 лютага 2019 года. Фота: Bntu.by, CC BY 4.0

Спрабуем уявіць: можа, у замежным софце не падтрымліваюцца якія-небудзь спецыфічныя для беларускага рынку рэчы? Можа, дзесьці няма падтрымкі беларускай літары Ў, таму трэба калі не замяшчаць, то лакалізоўваць? Валошын перакананы, што ўвесь софт, які пастаўляецца на беларускі рынак, мае падтрымку ўсяго неабходнага для гэтага рынку.


«Давайце пачнем з таго, што ў нас адмоўная селекцыя, – кажа Валошын. – Вы задаеце пытанне, адказ на якое, на жаль, цяжка даць, таму што мы нідзе не бачым у гэтых прапановах i прыблізна лагічнага тлумачэння, навошта. Чаму раптам Беларусі i, галоўнае, беларусам спатрэбіўся свой манітор альбо свая аперацыйная сістэма? Чужыя дрэнна працуюць ці мы спрадвеку ўмеем іх рабіць танней і якасней за іншых?»

,,

«Я пачаў бы з глыбіні: у нас 30 ці больш гадоў ідзе адмоўная селекцыя людзей, якія беспярэчна выконваюць рашэнні, не цікавіўшыся ні наступствамі, ні прычынамі».


Галоўная старонка «Видео.бел». Скрыншот: Videobel.by

«Беларускі Youtube» запусцілі. На ім толькі дзяржаўныя тэлеканалы і «расейскі след» у софце

навіны

За такія выказванні, дапускае ён, чыноўнікаў могуць «пагладзіць па галоўцы». Але яны робяцца для чырвонага слоўца без эканамічных разлікаў – і не дадуць пазітыўнага эфекту.


Цяпер у свеце, працягвае Валошын, сапраўды ідуць пэўныя працэсы дэглабалізацыі. Але ўсё роўна ёсць карпарацыі, краіны і рэгіёны, якія спецыялізуюцца на пэўных таварах і паслугах. Можна сказаць, «давайце ператворым Беларусь у параўнальнага з Італіяй ці Іспаніяй вытворцу віна і дасягнем поўнага алкасуверэнітэту». Толькі навошта? Якія эканамічныя і прыродныя абрунтаванні? 

Аляксандр Лукашэнка паказвае «першы беларускі ноўтбук № 1». Менск, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Скрыншот з відэа: pul_1 / Telegram

«Беларускія» ноўтбукі маюць працэсары «Intel», нягледзячы на санкцыі. Што на гэта адказвае «Intel»

навіны

Валошын пытае: калі «беларускі аўтамабіль» будзе складацца на 70 % з замежных дэталяў, ці зробіць гэта Беларусь такой жа «аўтамабільнай дзяржавай», хаця б як Чэхія? У Чэхіі, якая мае параўнальную з Беларуссю колькасць насельніцтва, не проста збіраюць машыны пад чэшскай маркай «Škoda», але і вырабляюць для гэтых машынаў большую частку дэталяў: рухавікі, трансмісію, восі, батарэі… «Аўтамабільная дзяржава», кажа ён, гэта такая ж дзіўная піяраўская мэта, як «ядравая».


Беларускую аперацыйную сістэму насамрэч можна стварыць


Можна, кажа Валошын, узяць ядро «Linux» – сямейства адкрытых аперацыйных сістэмаў – і нацягнуць на яго абалонку ўласнай вытворчасці. Так робяць у Расеі. Можна зрабіць свой браўзер на аснове заходняга «Chromium». Толькі з якой мэтай? Хто і навошта будзе гэтым карыстацца без прымусу, калі мае ў доступе прадукты, якія даўно заваявалі рынак?


«Карпарацыі трацяць мільярды долараў на год, каб гэта прадаваць, развіваць і падтрымліваць, – нагадвае Валошын. – Пра падтрымку не забывайце, гэта важная частка працэсу: агромісты абсалютна спіс рознага „жалеза“, які пастаянна пашыраецца, мільёны карыстальнікаў, праблемы якіх патрабуюць рашэнняў, і гэтак далей».

,,

«Гэта абсалютна непад’ёмная праца для краіны, валавы ўнутраны прадукт якой, напэўна, у разы менш за выручку „Microsoft“».


Валошын, дарэчы, не памыліўся. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2023 годзе склаў 71,86 млрд долараў. За фіскальны 2023 год «Microsoft» атрымала 211 млрд долараў выручкі і звыш 88 млрд долараў аперацыйнага прыбытку.


З другога боку, мы называем Беларусь IT-краінай, пагаджаецца Валошын. Сапраўды ж, мільёны людзей гуляюць у «беларускія танчыкі» – «World of Tanks» ад «Wargaming». Сапраўды, мільёны жанчын давяраюць «беларускаму жаночаму календару» – кампанію «Flo» нядаўна ацанілі ў мільярд долараў. Такіх прыкладаў яшчэ шмат.


«Цікава, што ў ІКТ-сектары Літвы, якая не прэтэндуе на званне „IT-краіны“, задзейнічана каля 70 тысяч чалавек. У Беларусі – каля 130 тысяч, – адзначае Валошын. – Літва, нагадаю, у 3,1 раза меншая паводле насельніцтва».


Ды беларускі Парк высокіх тэхналогіяў, працягвае суразмоўца, ад пачатку арыентаваўся на экспарт, а прывабным для замежных жа гульцоў быў найперш падатковымі льготамі – і тыя замежнікі таксама працавалі не на беларускі рынак. Ідэі «парку тэхналогіяў для беларускага рынку» не было, бо беларускі рынак па сусветных мерках вельмі малы. Нават працаваць эксклюзіўна на беларуска-расейскі рынак – сумнеўная ідэя. 


«Айцiшка» апасродкавана развівала не «імпартазамяшчэнне», а сам беларускі рынак, і менавіта ў гэтым каштоўнасць ПВТ, тлумачыць Валошын. Гэта рабілася праз навучанне спецыялістаў, адкрыццё лабараторыяў і кафедраў, папулярызацыю IT-прафесіяў, дадатковыя падаткі дзяржаве праз дадатковы попыт на тавары і паслугі для праграмістаў з добрымі заробкамі. А чаго сапраўды карыснага можна дасягнуць, калі, напрыклад, прымусіць кампаніі ПВТ аддаваць нейкі адсотак часу і бюджэту на прадукты для беларускага рынку?..


Валошын уяўляе: можна абвясціць суверэнітэт шматкватэрнага жылога дому ад усёй навакольнай жыллёва-камунальнай гаспадаркі: збіраць дажджавую ваду на даху і грэцца ад вогнішча ў тазіку, a адходы замест каналізацыі зліваць ў падвал… Але навошта? «Лічбавы суверэнітэт», падкрэслівае ён, гэта суверэнітэт ад рэальных дасягненняў навукі, ад тэхналагічных поспехаў карпарацыяў, на якія штогод выдаткоўваюць сотні мільярдаў долараў і сотні тысяч чалавека-гадзінаў.


Тэарэтычна магчыма стварыць не проста «беларускі офісны пакет» як «Open Office з налепкай Horizont», а з нуля распрацаваць свой заведама адсталы на дзесятак гадоў аналаг «Microsoft Office», разважае Валошын. Давядзецца патраціць велізарны аб'ём часу і грошай (і чыіх?), каб стварыць хоць палову функцыянальнага набору «Microsoft Office», а ў выніку атрымаецца нізкаякасны прадукт з тысячай карыстальнікаў, які яшчэ больш састарэе за час распрацоўкі.


Нават калі ў «беларускі офіс» дадаць «жучкі», сэнсу ад гэтага мала

Belsat

Распрацоўнікі расказалі, як працуе сістэма сачэння «Kipod», якой карыстаюцца беларускія сілавікі

навіны

Можна ўявіць, што «імпартазамяшчэнне» – проста нагода для карупцыйных схемаў: узялі кітайскі ноўтбук, напісалі на ім «Horizont», запакавалі ў беларускі кардон і прэзентавалі як «беларускі ноўтбук», а з дзяржавы ўзялі грошай як за стварэнне амаль ужо поўнавартаснай вытворчасці.


Але можна ўявіць і горшае: чаму б не ўпісаць у «беларускі офіс» шпіёнскую праграму для Камітэту дзяржаўнай бяспекі, якая будзе аўтаматычна аналізаваць набраныя тэксты на «экстрэмізм» і перадаваць сілавікам звесткі пра парушальнікаў у звязцы з сістэмай сачэння «Kipod»


Такія фантазіі Валошына не ўражваюць: нават калі ўсталяваць «жучок» у аперацыйную сістэму, трэба яшчэ прымусіць карыстальнікаў перайсці на гэтую аперацыйную сістэму са звыклай «Windows» ці «Android» (а з «macOS» прымусіць сысці і не атрымаецца). І як кантраляваць перавод карыстальнікаў на беларускі софт, калі ў Беларусі не навучыліся толкам змагацца з камп’ютарным пірацтвам? А калі ўбудаваць «жучок» у офісны пакет, дык хто ў здаровым розуме стане набіраць «экстрэмісцкія» тэксты ў «беларускім офісе»? 

,,

«Людзі галасуюць нагамі: выбіраюць па-першае тое, да чаго яны звыклі, а па-другое, тое, што мае цалкам зразумелы ўзровень якасцi, – рэзюмуе Валошын. – А не тое, на чым проста напісана „зроблена ў Беларусі“».


Ён згадвае нядаўняе выдаленне 11 супрацоўнікаў расейскіх кампаніяў з ліку тых, хто падтрымлівае падсістэмы ядра «Linux». Валошын сумняецца, што гэтыя супрацоўнікі, будзь яны нават агентамі Крамля, маглі б нашкодзіць: распрацоўка ядра «Linux» адкрытая і вядзецца так, што адны правяраюць за другімі, усе могуць бачыць, што хтосьці дадае падазроны код, і раней ці пазней шкодніцтва выявяць. Калі ў «беларускім Linux» ці «беларускім Open Office» будзе падазроны код ці падазроныя закрытыя часткі, ІТ-супольнасць гэта заўважыць.


Валошын паўтарае: гэта ўсё папулісцкія выказванні без намёку на крытычнае мысленне, «сферычны конь у вакууме», таму гэта цяжка каментаваць. Ідэя «імпартазамяшчэння», кажа ён, гэта манілаўшчына – адарваныя ад жыцця фантазіі, ў якіх няма галоўнага: кампетэнтнага адказу на пытанне, навошта, з якой мэтай пачынаць «імпартазамяшчэнне» праграмнага забеспячэння.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10