У Індыі адбылася авіякатастрофа: разбіўся пасажырскі самалёт авіякампаніі «Air India», які вылецеў з гораду Ахмадабад у Лондан. Як паведамляюць індыйскія медыі, трагедыя здарылася праз некалькі хвілінаў пасля ўзлёту – самалёт упаў у жылым раёне каля Мэганінагару, непадалёк аэрапорту.
На борце было больш за 240 чалавек. Некаторыя крыніцы падаюць, што самалёт меў 232 пасажыраў і 12 чальцоў экіпажу. Паводле іншых крыніцаў, агульная колькасць людзей на борце магла складаць 242 асобы.
Паводле некаторых звестак, пасля катастрофы некалькім пацярпелым удалося выжыць. На месцы трагедыі працуе хуткая дапамога, людзей пераносяць на насілках.
«Air India» пацвердзіла, што з рэйсам AI171, які накіроўваўся ў лонданскі аэрапорт «Гэтўік», адбыўся «інцыдэнт». Кампанія паведамляе, што цяпер удакладняе абставіны здарэння.
На месцы падзення бачны вялізны слуп дыму, які відаць за некалькі кіламетраў. Тэрыторыя вакол месца катастрофы ачэпленая, дарогі перакрытыя.
Абноўлена. Паводле заявы беларускага МЗС, на борце авіялайнера грамадзянаў Беларусі не было. «Амбасада застаецца ў пастаянным кантакце з мясцовымі ўладамі, працягвае адсочваць сітуацыю», – адзначылі ў ведамстве.
Агулам на борце «Boeing 787-8» былі 242 асобы: 169 грамадзянаў Індыі, 53 грамадзяніны Вялікай Брытаніі, адзін грамадзянін Канады і сямёра грамадзянаў Партугаліі.
Тым часам мясцовыя медыі пішуць, што загінула як найменей 110 чалавек, такія ж звесткі падае «Reuters».
Раман Шавель belsat.eu