На сайце Дзярждэпу ЗША з’явілася віншаванне расейскаму народу з дзяржаўным святам.
У сваім паведамленні дзяржсакратар ЗША Марка Руб’ё ад імя амерыканскага народу павіншаваў расейскі народ з Днём Расеі.
,,«Злучаныя Штаты працягваюць падтрымліваць расейскі народ у яго імкненні да лепшай будучыні. Мы таксама карыстаемся гэтай магчымасцю, каб пацвердзіць жаданне Злучаных Штатаў да канструктыўнага ўзаемадзеяння з Расейскай Федэрацыяй для дасягнення трывалага міру паміж Расеяй і Украінай. Мы спадзяемся, што мір будзе спрыяць больш узаемавыгадным адносінам паміж нашымі краінамі», – гаворыцца ў віншаванні.
Нагадаем, што віншаванне адбываецца на фоне бамбардавання расейскімі войскамі ўкраінскіх гарадоў. Гэтак, цягам двух апошніх дзён не спыняюцца атакі на ўкраінскі Харкаў. У ноч на 12 чэрвеня пад расейскі абстрэл трапілі жылыя раёны гораду, школы, дзіцячыя садкі і іншая інфраструктура, ад удараў пацярпелі не менш за 14 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей.
Намаганні адміністрацыі Доналда Трампа пакуль не даюць жаданых вынікаў, бо Расея, вельмі падобна, не збіраецца спыняцца ў вайне і падчас перамоваў (апошнія адбыліся ў Стамбуле 2 чэрвеня) выстаўляе да Украіны патрабаванні, больш падобныя на ўльтыматумы аб капітуляцыі.
Раман Шавель belsat.eu