24 верасня падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам палігону Абуз-Лясноўскі Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт прэзентаваў больш за 30 вырабаў ваеннага прызначэння беларускай вытворчасці, пераважна ў сферы беспілотных сістэмаў. З іх на ўзбраенне беларускага войску паступілі пакуль толькі адзінкі. «Белсат» распавядае, што вядома пра новыя беспілотнікі.
Ударныя дроны з Баранавічаў
Паведамляецца, што агулам 24 верасня свае распрацоўкі прадэманстравалі 13 арганізацый Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту і 6 кампаніяў абароннага сектара эканомікі. Акцэнт быў зроблены на беспілотных авіяцыйных комплексах (БАК) і гэта не выпадкова.
Вытворчасць айчынных беспілотных сістэмаў зацікавіла Аляксандра Лукашэнку пасля таго як стала зразумела, якую вялізарную ролю дроны адыгрываюць у вайне Украіны і Расеі. У кастрычніку 2022 году ён упершыню інспектаваў новыя распрацоўкі на палігоне Абуз-Лясноўскі. Лукашэнка тады назваў Беларусь сусветным лідарам па вытворчасці беспілотнікаў (незразумела на якой падставе), але разам з тым папярэджваў супрацоўнікаў ВПК, каб яны не займаліся «паказухай». Потым тэма вытворчасці беспілотнікаў асобна абмяркоўвалася на спецыяльнай нарадзе ў Лукашэнкі ў лютым 2023 году.
Падчас наведвання палігону Абуз-Лясноўскі 24 верасня 2024 году Лукашэнку паказалі ўдарны БАК «Чэкан В» вытворчасці прадпрыемства 558 «Авіяцыйны рамонтны завод» у Баранавічах. Дзяржваенпрам упершыню прэзентаваў «Чэкана» яшчэ на «MILEX–2021», а ў ліпені 2022-га паведамлялася пра паспяховае выпрабаванне беспілотніка. Тады ж сеціве з’явілася інфармацыя, што ва Украіне знайшлі нібыта абломкі беларускага «Чэкана» - праўда, пацвярджэння гэтай інфармацыі дасюль няма.
«Чэкан» - гэта дрон-камікадзэ з «элементамі штучнага інтэлекту» (што гэта за элементы - не зразумела), які разлічаны на паражэнне стацыянарных або маларухомых наземных аб’ектаў. Сцвярджаецца, што ў адзін комплекс можа ўваходзіць ад 7-10 беспілотнікаў. Дзяржваенпрам паведамляе, што баявая частка беспілотніка складае 2,3 кг, а дакладнасць траплення ў цэль - менш за 3 метры. Раней, падчас «MILEX–2023», зазначалася, што працягласць палёту «Чэкана» 45 хвілін, паталок - да 1000 метраў, хуткасць - да 88 км, радыус - да 25 кіламетраў. Ці захаваліся ўсе гэтыя характарыстыкі ў фінальнай версіі - невядома.
Улады сцвярджаюць, што сёлета ў ліпені «Чэкан В» быў афіцыйна прынята на ўзбраенне беларускай арміі. Колькі БАКаў цяпер у войску і ў якіх падраздзяленнях - невядома.
Яшчэ адна распрацоўка баранавіцкага авіярамонтнага заводу - тактычны ўдарны дрон «Лоўчы». Ён можа несці да 20 кг. баявой нагрузкі, лётае на адлегласць у 70 км, мае паталок - 3000 метраў, хуткасць - 150 км, працягласць палёту - 6,5 гадзінаў. «Лоўчага» паказвалі на «MILEX» у 2021 і 2023 годзе, аднак у адрозненні ад «Чэкана» на ўзбраенне беларускай арміі ён пакуль не паступіў. Імаверна, рэалізацыя праекту сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі, але дэталяў улады не раскрываюць.

Звязка разведчыка і РСЗА
Акрамя «Чэкан В» сёлета на ўзбраенне беларускага войска быў прыняты беспілотнік-выведнік малой далёкасці «Беркут 3» вытворчасці ААТ «АГАТ - сістэмы кіравання». Сцвярджаецца, што эфектыўная далёкасць дзеяння БАК «Беркут 3» - да 50 км, працягласць палёту - да 3 гадзін, час разгортвання комплексу - не больш за 15 хвілін. У Дзяржваенпраме кажуць, што дрон будзе мець сувязь з каманднымі машынамі кіравання «Цэнтурыён», што дазволіць аператыўна карэктаваць артылерыйскі агонь.
Падчас візіту на палігон Лукашэнку паказалі як «Беркут 3» карэктуе агонь РСЗА БМ-21-Б «БелГрад-2» - гэта распрацоўка ААТ «2566 завод па рамонце артылерыйскага ўзбраення». БМ-21-Б «БелГрад-2» з’яўляецца мадэрнізаванай версіяй старой савецкай сістэмы «Град». Выпрабаванні БМ-21-Б завяршыліся сёлета ў сакавіку. На якой стадыі цяпер знаходзіцца працэс перааснашчэння войску мадэрнізаванымі РСЗА - невядома. Прынамсі, у Дзяржваенпраме пра гэты нічога не кажуць.
Цікава, што ў сакавіку 2024 г. Дзяржваенпрам заяўляў, што вядзецца работа па стварэнні разведвальна-ўдарнага контуру, які аб'яднаць БАК «Беркут-3» і ўдарныя БПЛА. Рэч у тым, што падчас ваенных дзеянняў ва Украіне выведвальныя і ўдарныя дроны часцяком працуюць у пары: адзін наводзіць на цэль, другі атакуе. Аднак пакуль прагрэсу ў стварэнні контуру, відаць, няма - прынамсі падчас візіту Лукашэнкі на палігон пра гэта не ўспаміналі.

Беспілотнікі на экспарт
Дзве распрацоўкі прэзентавала ТАА «КБ Беспілотныя верталёты»: БАК «Міратворац» і «Аскалон», якіх адносяцца да катэгорыі баражыруючых боепрыпасаў.
«Міратворац» - ударны беспілотнік, прызначаны для паражэння зенітна-ракетных комплексаў, РСЗА і артылерыйскіх сістэм на агнявых пазіцыях, комплексаў разведкі і РЭБ праціўніка, калон лёгкабраніраванай і аўтамабільнай тэхнікі, а таксама жывой сілы. Заяўленая хуткасць рухавіку - да 500 км/ч, практычная далёкасць можа дасягаць 180 км, можа знаходзіцца ў паветры 45 хвілін. Вага баявой часткі - 10 кг. Палёт «Міратворца» можа ажыццяўляцца як пад кіраваннем аператара, гэтак і па запраграмаванаму заданню.
Шэраг характарыстыкаў «Аскалана» яшчэ вышэй: хуткасць да 700 км/г, практычная далёкасць - 310 км, у паветры можа знаходзіцца 60 хвілін. У Дзяржваенпраме называюць гэты беспілотнік малагабарытнай крылатай ракетай. Кіраванне палётам аўтаматызаванае і адбываецца ў адпаведнасці з каардынатамі.
У Дзяржваенпраме сцвярджаюць, што «Міратворац» і «Аскалан» вырабляюць серыйна і ўжо пастаўляюць ў «сілавыя ведамствы замежных дзяржаваў» (якіх - не ўдакладняецца). Пры гэтым у беларускім войску гэтых беспілотнікаў яшчэ няма - яны пакуль «праходзяць працэс пастаноўкі на ўзбраенне».
Квадракоптэры з РПГ і FPV-дроны
Некаторыя распрацоўкі, якімі хваліліся на палігоне Абуз-Лясноўскі, не з’яўляюцца навінкай. Напрыклад, БАК «Квадра-1400» і «Баражуючая труба» былі ўпершыню прэзентаваныя яшчэ ў 2018 годзе, а ў верасні 2022-га афіцыйна ўзятыя на ўзбраенне. Серыйнай вытворчасцю гэтых сістэмаў займаецца ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплей». «Квадра-1400» і «Баражуючая труба» - гэта квадракоптэры, узброеныя РПГ-26. Яны прызначаны для паражэння лёгкабраніраванай і небраніраванай тэхнікі, жывой сілы праціўніка ў акопах.
Разам з тым, КБ «Дысплей» прэзентаваў яшчэ адну распрацоўку, пакуль не прынятую на ўзбраенне: «Квадра-М» - гэта квадракоптэр, які можа скідваць супрацьтанкавыя авіяцыйныя бомбы ПТАБ-2,5.
Вонкава дроны выглядаюць пагрозліва, аднак мэтазгоднасць гэтага кірунку распрацовак выглядае спрэчна. Вайна Украіны і РФ паказвае, што фактычна тыя ж задачы могуць удала выконваць дробныя, вельмі хуткія і звыштанныя FPV-дроны. Як раней зазначылі ў прэс-службе Дзяржваенпраму, «канчатковым пунктам у рашэнні аб маштабнай вытворчасці» дронаў «Квадра-1400» і «Баражуючая труба» стала меркаванне Лукашэнкі.
Першыя айчынныя FPV-дроны Лукашэнку цяпер таксама прадэманстравалі. Дзяржваенпрам паведаміў пра стварэнне FPV-дрона самалётнага тыпу «Акорд»: максімальная далёкасць - 20 км, крэйсерская хуткасць - 120 км/ч, вышыня палёту - ад 50 да 1500 м. Распрацоўкай займаецца ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты». Падобна на тое, што гэты праект яшчэ далёкі да свайго завяршэння. Гэта ўвогуле была першая згадка пра «Акорд» у публічнай прасторы.

Экзотыка і РЭБ
Досыць экзатычна на агульным фоне выглядае распрацоўка ТАА «КБ Беспілотныя верталёты» «Хантэр». «Хантэр» - гэта выведвальна-ударны БАК верталётнага тыпу, масай больш за 500 кг. Ён прызначаны для агнявога паражэння малахуткасных паветраных цэляў, наземнай тэхнікі і жывой сілы ворага. У 2022 годзе «Хантэр» ужо прэзентавалі, але тады ў наяўнасці быў толькі сам беспілотны верталёт. Цяпер Лукашэнку паказалі ўвесь комплекс: наземная станцыя кіраванне, транспартны сродак і платформа. Як кажуць у Дзяржваенпраме, сам верталёт таксама за два гады абнавіўся: з'явілася новая электроніка, механіка, трансмісія і новая апорная сістэма.
Пра перспектывы прыняцця гэтай распрацоўкі на ўзбраенне нічога не паведамляецца.
На палігоне Абуз-Лясноўскі былі паказаныя і іншыя віды тэхнікі, звязаныя з беспілотнымі сістэмамі. Напрыклад, ААТ «Пеленг» прэзентаваў эксперыментальныя ўзоры кіраваных авіяцыйных бомбаў для БПЛА. ААТ «КБ Радар» паказаў шэраг сродкаў барацьбы з беспілотнікамі: кішэнны сігналізатар аб набліжэнні мультыкоптараў «Званок», радыёэлектроннае ружжо «Гроза-Р2», блакіратары сігналаў кіравання «Фумігатар-Н» и «Фумігатар-В», пеленгатары сігналаў дронаў «Флюгер» і «Шапель», комплекс выяўлення і месцавызначэння мультыкоптараў «Дранаскоп» і г.д. Таксама «КБ Радар» прэзентаваў комплекс радыёманыторынгу і радыёзпрыгнятання Р-936 («Аэра»).
Глеб Нержын belsat.eu