Аналітыка

«Гэта ўжо не званочак, а набат». Эканаміст абвінаваціў улады ў праяданні валюты

img
Пагрузчык на складзе. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: www.freepik.com
podpis źródła zdjęcia

Нацбанк падлічыў, што ў студзені – сакавіку Беларусь праела на вонкавым гандлі $ 625 млн – менавіта такі выйшаў дэфіцыт. Эканаміст Дзмітрый Крук растлумачыў «Белсату», чаму краіна не зарабляе валюты і як да гэтага спрычыніліся ўлады.

Продаж тавараў і паслугаў за мяжу – надзвычай важная крыніца валюты, аднак ужо сёмы месяц запар статыстыка сведчыць, што гэты ручай цячэ не ў той бок і грошы выцякаюць з Беларусі.


У студзені – сакавіку сёлета, паводле падлікаў Нацбанку, агульны экспарт знізіўся год да года на 1,1 %, а імпарт вырас на 4,6 %.


Продаж тавараў за мяжу ўпаў на 4,6 %, а імпартнага завезлі ў Беларусь на 3 % больш.


У паслугах адбыўся істотны рост – як у імпарце, гэтак і ў экспарце (на 16,1 % і 14,8 % адпаведна).


Вынік – адмоўнае сальда вонкавага гандлю $ 625 млн, хаця летась за гэты ж час Беларусь нагандлявала з замежжам у плюс.


Старэйшы навуковы працаўнік BEROC Дзмітрый Крук у каментары «Белсату» адзначыў, што збольшага такі несуцяшальны вынік выйшаў дзякуючы нашаму галоўнаму хаўрусніку – Расеі. І гэта наступства катастрафічнай залежнасці: калі там з эканомікаю ўсё ў парадку, то і Беларусь у шакаладзе; як там праблемы, то і нашая краіна прычэпам трапляе ў багну.


«Падзенне экспарту, хутчэй за ўсё, адбываецца за кошт інвестыцыйных тавараў. Больш простымі словамі гэта машыны, абсталяванне. Напрыклад, тыя самыя славутыя МАЗы, камбайны, такога кшталту тэхніка. Таксама паводле даступных звестак можна казаць, што "праселі" аб'ёмы экспарту нафтапрадуктаў, і гэта, пэўна, досыць адчувальна», – кажа эксперт, наракаючы, што для дэталёвага аналізу бракуе статыстыкі, якую ўлады старанна хаваюць.

Цэх Менскага трактарнага заводу. Фота: belarustractors_official / Telegram
Планы ўладаў робяцца марамі: беларуская эканоміка працягнула запавольванне Аналітыка

Зорны час для беларускіх тавараў у Расеі надышоў, калі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўсходнюю суседку пакінулі шмат якія брэнды. Аднак даволі хутка заварушыліся вытворцы з іншых краінаў, найперш Кітаю, і нашаму экспарту зрабілася цяжэй прарывацца да расейскага спажыўца.


«Адносная пустата, што ўзнікла на расейскім рынку пасля 2022-га, усё больш і больш запаўняецца, і такой вольніцы, якая адчувалася ў 2022–2023 гадах для беларусаў, калі яны маглі запаланіць рынак сваёй прапановай, ужо няма», – канстатуе Крук.

Да таго ж расейскі Цэнтрабанк у змаганні з шыбкім ростам цэнаў павысіў ключавую стаўку да гістарычнага максімуму, што зрабіла грошы дарагімі. І кампаніі, і фізічныя асобы пачалі браць менш крэдытаў, пачалі менш спажываць, і, адпаведна, беларускіх тавараў у ранейшых аб'ёмах там больш не трэба.


Зрэшты, як мяркуе суразмоўца «Белсату», няблага пачуваюцца за мяжою беларускія харчы ды прадукцыя для расейскай «абаронкі». «Але гэта ўжо спекуляцыі, бо пастаўкі, звязаныя з вайною, зусім засакрэчаныя», – кажа Крук.

Пакупнікі ў гандлёвым цэнтры ў Маскве, Расея. 14 верасня 2023 года. Фота: Contributor/Getty Images
Пакупнікі ў гандлёвым цэнтры ў Маскве, Расея. 14 верасня 2023 года. Фота: Contributor/Getty Images

І калі экспарт тавараў цяпер, мякка кажучы, не ў найлепшай форме, то імпарт красуе. Вось тут адказнасць цалкам на цяперашніх уладах, заявіў эканаміст цэнтру BEROC:

,,

«Перагрэтасць эканомікі спараджае дадатковы попыт на імпарт. То бок калі спажыванне і інвестыцыі штучна надзьмутыя, то, адпаведна, нейкая частка спажывання, інвестыцыяў аўтаматычна прадугледжвае, што ў кошыку сядзяць імпартныя тавары. А тое, што апошнія два гады адбываецца ў нас, гэта такое свядомае надзіманне ўнутранага попыту. І, адпаведна, гэта цягне за сабой імпарт».


У красавіку Нацбанк запатрабаваў ад камерцыйных банкаў заліць прадпрыемствы гэтак званымі інвестыцыйнымі крэдытамі – гэта грошы, умоўна кажучы, не на заробкі працаўнікам, а на развіццё бізнесу: на куплю абсталявання, тэхналогіяў, будаўніцтва новай вытворчай лініі або запуск новага бізнесу.


«Кампаніям даводзяць: давайце інвестыцыйныя праекты рэалізуйце. Але каб гэтыя праекты былі эфектыўныя, абсталяванне, што трэба закупляць, хаця б часткова мусіць быць імпартным. Беларусь не вырабляе ўсяго, каб інвестыцыі былі цалкам айчынныя. Часта гэта яшчэ і пытанне якасці: калі імпартнае, то, імаверна, будзе больш якасным», – тлумачыць Дзмітрый Крук.


Што датычыць паслугаў, то экспарт, падобна, выцягвае IT-сфера. «Скончылася яе сцісканне, што цягнулася некалькі гадоў, і, пэўна, такое паступовае аднаўленне пачалося», – разважае аналітык.


Зарабляе і транспарт: «Гэта ўжо больш звязана з чыгуначным і аўтамабільным транзітам. Не сакрэт, што летась кітайскія, напрыклад, транзітныя чыгуначныя перавозы павялічыліся. Вось такога кшталту транзітныя паслугі дазвалялі падвышаць экспарт».


Зрэшты, транспартавая галіна адначасова і вымывае валюту, кажа эканаміст і тлумачыць на прыкладзе калійных угнаенняў:


«Іх неабходна цяпер перавозіць праз расейскую чыгунку, і, адпаведна, экспарт калійных угнаенняў цягне за сабою дадатковы імпарт транспартавых паслугаў з Расеі».


Імпарт паслугаў, на які выдаткоўваецца валюта, звязаны і з падарожжамі беларусаў, не выключае суразмоўца «Белсату»:


«У 2024-м беларусы проста вандраваць больш пачалі. Там не толькі і не столькі заходнія краіны, на жаль, там Расея і іншыя, але падвышэнне прыбыткаў дае магчымасць больш людзям з'ездзіць у адпачынак у нейкія далёкія краіны. У статыстыцы гэта будзе праходзіць як імпарт паслугаў».

Чыгуначны вакзал у Менску, Беларусь. 4 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood/Getty Images
Чыгуначны вакзал у Менску, Беларусь. 4 ліпеня 2017 года. Фота: Dan Kitwood/Getty Images

Дзмітрый Крук падкрэслівае, што «штучнае напампоўванне беларускай эканомікі стымуламі і надзіманне ўнутранага попыту прыводзіць да цэнавага ціску і ціску на сальда вонкавага гандлю». 

,,

«Гэта для ўладаў не тое што званочак, а я б сказаў набат пра тое, што штосьці ў іхнай палітыцы не так. І я думаю, што, магчыма, не мэтанакіравана, але пакрысе яны ўсё-ткі гэтую празмерна стымуляцыйную палітыку будуць аслабляць – ці свядома, ці вымушана – на фоне дэфіцыту вонкавага гандлю, што расце», – кажа эканаміст.


Паводле яго, раней Беларусь магла сабе дазволіць вялікі мінус у вонкавым гандлі: ратавалі пазыкі.


«Сёння амаль няма крыніцаў фінансавання гэтага дэфіцыту. Таму нават цяперашнія ўзроўні дэфіцыту досыць адчувальныя. Не скажу, што ўжо крытычна, але гэта паказнікі, якія ствараюць небяспеку для макраэканамічнай сітуацыі ў краіне», – падсумаваў эксперт цэнтру BEROC.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10