навіны

У Беларусь забаранілі ўвозіць без ліцэнзіі прадукцыю дрэваапрацоўкі: мэблю, вокны, дзверы, ДСП…

«Івацэвічыдрэў»
Прадпрыемства «Івацэвічыдрэў». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Idrev.by
podpis źródła zdjęcia

Урад увёў ліцэнзаванне імпарту шэрагу тавараў з драўніны. Ліцэнзію могуць не даць, калі такая прадукцыя вырабляецца ў Беларусі. Абмежаванні не дзейнічаюць на малыя партыі тавараў агульнай цаной да 1000 еўра.

Рабочы ўсталёўвае сцяг ЕЗ на будынку Запарожскай гарадской рады ў Запарожжы, Украіна, 16 красавіка 2025 года. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto via Getty Images
«Ядравыя рэактары», машыны і мэбля. Як змяніўся гандаль Беларусі з ЕЗ пасля пачатку вайны Аналітыка

Савет міністраў Беларусі прыняў 20 траўня пастанову «Аб ліцэнзаванні імпарту асобных відаў тавараў». Пастанова была афіцыйна апублікаваная 22 траўня. Асноўная яе частка набудзе моц праз месяц і будзе дзейнічаць паўгода.


Пастанова ўводзіць разавыя ліцэнзіі, якія маюць выдаваць Міністэрства гандлю па ўзгадненні з канцэрнам «Беллесбпаперпрам». Канцэрн можа адмовіць, калі пабачыць магчымасць выкарыстання ці набыцця тавараў беларускай вытворчасці, аналагічных тым, што ўвозяць.


У спісе тавараў, якія нельга ўвозіць без ліцэнзіі, наступныя:

  • пліты драўнянастружкавыя (ДСП);
  • пліты з арыентаванай стружкай (OSB);
  • пліты драўнянавалакністыя з драўніны або іншых адраўнелых матэрыялаў з даданнем або без дадання смолаў ці іншых арганічных рэчываў, вокны, балконныя дзверы і іхныя рамы іншыя (драўляныя);
  • дзверы і іхныя рамы і парогі іншыя (драўляныя);
  • панэлі падлогавыя сабраныя іншыя, шматслойныя;
  • папера і кардон іншыя;
  • кардонкі, скрыні і скрынкі з гафраванай паперы або гафраванага кардону;
  • мяхі і пакеты з паперы;
  • мэбля драўляная для сталовых і жылых пакояў.


Ліцэнзіі не мусяць выдаваць на тавары паходжаннем з дзяржаваў Еўразійскага эканамічнага саюзу (Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расея) пры наяўнасці сертыфікату на іх або ўключэнні іх у адпаведны рэестр і на партыі тавараў аднаго коду таварнай наменклатуры агульнай цаной 1000 еўра. Таксама дазволы не патрэбныя для тавараў, якія ідуць праз Беларусь транзітам ці якія прыходзяць у Беларусь як безаплатная замежная дапамога. Для пэўных тавараў могуць быць вызначаныя квоты ўвозу.


Раней у Беларусь ужо забаранялі ўвозіць розныя тавары. Так, летам 2024 года забаранялі ўвозіць з «несяброўскіх краінаў» пліты з драўнянай стружкі, фанеру, паперу і кардон, а таксама іншыя тавары – ад лядоўняў да рыззя.


Сама Беларусь пастаўляе ў Еўразвяз прадукцыю дрэваапрацоўкі, нягледзячы на санкцыі: беларуская драўніна «ператвараецца» ў кітайскую. На экспарце прадукцыі з дрэва зарабляюць дзясяткі мільёнаў долараў: адна нелегальная партыя фанеры можа каштаваць каля 800 тысяч долараў. Пры гэтым санкцыі адчуваюцца: аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны падаюць.


Прынамсі некаторыя прадпрыемствы дрэваапрацоўчай галіны аказваюцца стратнымі і жывуць на дзяржаўную падтрымку, а ў лясгасах пастаянна выяўляюць безгаспадарнасць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10