навіны

У Менску прыгразілі «Арэшнікам» і ядравай зброяй на вучэннях «Захад-2025»

Расейскі ракетны комплекс «Арэшнік». Фота: tehnoomsk.ru
Расейскі ракетны комплекс «Арэшнік». Фота: tehnoomsk.ru
podpis źródła zdjęcia

У Менску не выключылі, што падчас вучэнняў «Захад-2025», якія адбудуцца ўжо гэтай восенню, можа быць адпрацаванае выкарыстанне «Арэшніку» і тактычнай ядравай зброі. «Белсат» спытаў палітычнага аналітыка, чаму ўлады сталі весці пра гэта размову.

Абарончы характар вучэнняў?


Заяву пра магчымасць выкарыстання «Арэшніку» і тактычнай ядравай зброі падчас вучэнняў зрабіў у эфіры СТВ намеснік начальніка факультэту Генштабу УС Вайсковай акадэміі Беларусі Андрэй Багадзель.

Вучэнні «Захад-2025», паводле Багадзеля, не будуць мець абстрактнага характару. Падчас іх будзе ўлічанае правядзенне вучэнняў Злучанымі Штатамі ды іх супольнікам (маюцца на ўвазе вучэнні «Defender-25», што пачаліся 11 траўня), а таксама вайскова-палітычная сітуацыя, што складваецца сёння ў беларускім кірунку.

,,

«У гэтых вучэннях найперш будуць адпрацаваныя самыя сучасныя формы і спосабы выкарыстання войскаў. Менавіта з улікам спецыяльнай вайсковай аперацыі [так называе вайну ва Украіне кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі. – Заўв. «Белсату»]. Ці будзе выкарыстанне «Арэшніка» і тактычнай ядравай зброі адпрацоўвацца? Можна меркаваць, што так», – адзначыў Багадзель.


Ён таксама заявіў, што ядравае ўзбраенне – гэта адзін з трох напрамкаў, у якіх вядзецца «ўмацаванне абароннай прасторы Саюзнай дзяржавы». Два іншыя – гэта навучанне вайскоўцаў Беларусі ў ВНУ Расеі (каля 300 асобаў) і развіццё вайскова-тэхнічнай супрацы: авіяцыі, беспілотнікаў, сістэмаў РЭП.

Пры гэтым Багадзель адзначыў, спасылаючыся на Аляксандра Лукашэнку, што выкарыстанне тактычнай ядравай зброі будзе «толькі ў выпадку, калі суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны будзе створаная пагроза».

У самім сюжэце лішні раз палічылі неабходным падкрэсліць, што, нягледзячы на ўсю «рыторыку кіраўніцтва заходніх дзяржаваў у дачыненні вучэнняў», Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што яны будуць насіць абарончы характар.

Расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022».Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images
Расейска-беларускія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022».Фота: Stringer / Anadolu Agency via Getty Images

Сродак для выклікання напружанасці


Палітычны аналітык Віталь Цыганкоў, па каментар да якога звярнуўся «Белсат» з нагоды заяваў намесніка начальніка факультэту Генштабу УС, мяркуе, што задача вучэнняў «Захад» традыцыйна была падтрымліваць пэўную напружанасць у рэгіёне.

Нават да 2020 года, кажа наш суразмоўца, правядзенне гэтых вучэнняў выклікала пэўную насцярожанасць, непаразуменне і адпаведныя заявы з боку суседзяў Беларусі – Літвы, Польшчы.

,,

«Тым больш яна [напружанасць] абвастрылася пасля апошніх вучэнняў, калі адразу пасля іх расейскія войскі засталіся ў Беларусі і ў выніку атакавалі з тэрыторыі Беларусі Кіеў. Памяць пра гэта захоўваецца, і такі прыклад дазваляе суседзям і ўсім, каго гэтыя вучэнні могуць закранаць, ставіцца да іх з насцярожанасцю, як мінімум, а хутчэй нават з большымі, нейкімі негатыўнымі пачуццямі», – адзначае Віталь Цыганкоў.


Што да заяваў пра «Арэшнік» і тактычную ядравую зброю, то сёлета яны былі зробленыя, па-першае, з мэтай павялічыць увагу да гэтых вучэнняў, зазначае суразмоўца, вымусіць Кіеў нервавацца з гэтай нагоды і пільна сачыць за імі, адцягваючы свае дадатковыя сілы да мяжы з Беларуссю.

А па-другое, каб справакаваць занепакоенасць заходніх суседзяў Беларусі, перадусім Літвы і Польшчы, бо прысутнасць «на тэрыторыі Беларусі некалькіх дзясяткаў тысяч расейскіх вайскоўцаў на фоне працягу вайны, агрэсіўнай палітыкі Расеі і размоваў пра тое, што Расея не абмяжуецца толькі Украінай» будзе прыводзіць да дыпламатычнай напружанасці – і менавіта гэтага Расея і дабіваецца.

,,

«Так што, безумоўна, вучэнні гэтыя ніякія не абарончыя. Але разам з тым у гэтым ёсць інтарэс не толькі Масквы, але і афіцыйнага Менску. Лукашэнка хоча заявіць: не ўздумайце ні ў якім разе з нейкай вонкавай дапамогаю паспрабаваць зрынуць ягоную ўладу. Таму і ядравая зброя. Тут супадаюць інтарэсы Масквы і Менску», – кажа палітычны аналітык.


Пры гэтым, на думку Цыганкова, не факт, што Масква нават прымушае Лукашэнку рабіць такія пагрозы і размяшчаць на сваёй тэрыторыі тактычную ядравую зброю ці ракетныя комплексы «Арэшнік».

«Пра ядравую зброю, пра «Арэшнік» ён заўсёды казаў, што ён сам гэта просіць у Расеі, бо ён гэта ўспрымае як гарантыю сваёй бяспекі, бяспекі сваёй улады», – кажа суразмоўца.

Лукашэнка рэальна думае, што сітуацыя можа павярнуцца так, што ў выпадку падпісання міру і аслаблення ўвагі Расеі да Беларусі «некаму могуць прыйсці ў галаву думкі пра зрынанне ягонай улады, у тым ліку з дапамогаю сілавога варыянту». У сувязі з гэтым з ягоных вуснаў і гучаць такія запалохванні, кажа Віталь Цыганкоў.

Сцяпан Кубік / Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10