Берлін і Пекін агучылі свае пазіцыі адносна ініцыятывы аб 30-дзённым замірэнні ва Украіне. Пакуль Кітай выступае за працяг мірнага дыялогу, урад Нямеччыны патрабуе неадкладна спыніць агонь – у адваротным выпадку пагражае новымі санкцыямі супраць Расеі ўжо сёння.
На брыфінгу 9 траўня афіцыйны прадстаўнік нямецкага ўраду Штэфан Карнэліус заявіў, што ў Берліне чакаюць рашэння Масквы да канца дня: «Час пайшоў. У нас засталося 12 гадзінаў».
Нямецкі міністр замежных справаў Ёган Вадэфуль адзначыў, што цяпер адказнасць за крок да міру цалкам ляжыць на Расеі:
,,«Нямеччына чакае ад Расеі неадкладнага замірэння, а пасля гатовасці да перамоваў. Украіна гатовая. Цяпер зразумела: Расея мусціь зрабіць крок насустрач».
У выпадку адмовы, паводле яго, будуць дзейнічаць новыя санкцыі. Падобную пазіцыю выказаў і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, які папярэдзіў пра «маштабныя меры» з боку Еўропы і ЗША. Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц таксама пацвердзіў, што ваеннае падтрыманне Украіны працягнецца.
Тым часам Кітай падтрымаў ініцыятыву замірэння. На пытанне пра 30-дзённае спыненне агню афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Лінь Цзянь адзначыў, што Пекін заўсёды выступаў за мірны дыялог і палітычнае развязанне «ўкраінскага крызісу»:
,,«Мы лічым, што ўсе намаганні павінны быць накіраваныя на дасягненне міру. Мы заўсёды лічылі і працягваем настойваць на тым, што адзіным жыццяздольным выйсцем з крызісу ёсць дыялог і перамовы», – цытуе словы Лінь Цзяня «24 канал».
Лінь таксама заявіў, што Кітай гатовы супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю, каб адыграць канструктыўную ролю ў дасягненні ўстойлівага міру. Так ён адрэагаваў на словы Доналда Трампа, які раней прапанаваў далучыць да перамоваў Турцыю і Кітай.
Такім чынам, на фоне еўрапейскага ціску і падтрымкі з боку Кітаю Расея апынулася перад выбарам: або замірэнне, або новы віток міжнароднай ізаляцыі.
Нагадаем, што Расея не прыняла трыццацідзённага замірэння, прапанаванага Украінай і еўрапейскімі лідарамі. У адказ Пуцін прапанаваў узнавіць прамыя перамовы паміж Украінай і Расеяй у Стамбуле 15 траўня. Уладзімір Зяленскі адзначыў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турэччыне.
Раман Шавель belsat.eu