Аналітыка

Замест Еўропы ў Беларусь прыходзіць Кітай. Што адбываецца з замежным гандлем

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавы цягнік, які скіроўваецца ў Маскву і Менск, адпраўляецца са станцыі ў Нань-Чан у цэнтральнай кітайскай правінцыі Цзянсі. 17 лютага 2020 года. Фота: Feature China / Future Publishing via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавы цягнік, які скіроўваецца ў Маскву і Менск, адпраўляецца са станцыі ў Нань-Чан у цэнтральнай кітайскай правінцыі Цзянсі. 17 лютага 2020 года. Фота: Feature China / Future Publishing via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Еўрапейскія тавары для Беларусі замяшчае Кітай, а схемы з перапродажам люксавых аўтаў з ЕЗ у Расею, падобна, ужо не працуюць. Разам з тым пахвальбы чыноўнікаў за гандлёвыя поспехі ў ААЭ выглядаюць разадзьмутымі. «Белсат» пацікавіўся, што адбываецца з беларускім гандлем, пакуль у краіне хаваюць статыстыку.

Згодна з Белстатам, прарыву ў гандлі летась не адбылося. Экспарт тавараў склаў $ 40,3 млрд, што толькі крыху больш, як у 2023 годзе ($ 40,2 млрд).

Экспарт Беларусі ў краіны СНД склаў 71,4 % ($ 28,8 млрд) ад агульнага аб’ёму паставак за мяжу, а па-за СНД – 28,6 % ($ 11,5 млрд). Пры гэтым аб'ёмы продажаў у краіны па-за СНД упалі да ўзроўню 2020 года.


Імпарт за год вырас на $ 2,4 млрд (5,6 %): з $ 43,3 млрд да $ 45,7 млрд. З усяго імпарту Беларусі 57,5 % ($ 26,3 млрд) тавараў было прывезена з краінаў СНД, а па-за СНД – 42,5 % ($ 19,4 млрд). Раслі закупы з абедзвюх групаў краінаў.


Найбольш у 2024 годзе Беларусь гандлявала з Расеяй, Кітаем і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Сярод усяго аб’ёму экспарту і імпарту 75 % склаў гандаль менавіта з імі, расказаў міністр эканомікі Юрый Чабатар.


З Расеяй «не б'ецца» статыстыка


Расея, як і Беларусь, хавае дэталёвую статыстыку наконт гандлю, бо складана сказаць, што дакладна там адбываецца. МЗС Беларусі даў справаздачу, што ў Расею пайшло амаль 55 % усяго экспарту і больш за 65 % тавараў Беларусь купіла таксама ў гэтай краіне. Экспарт Беларусі ў Расею за мінулы год павялічыўся на 6,3 %, імпарт – на 8 %.


Тут звесткі МЗС і Белстату не супадаюць. Калі супаставіць адсоткі МЗС са звесткамі Белстату, атрымліваецца, што ў Расею прадалі тавараў на $ 22,2 млрд (усяго ў СНД паставак было на $ 28,8 млрд). А вось купіла Беларусь там тавараў, паводле МЗС, на $ 29,7 млрд. У той час як Белстат кажа, што ўвесь імпарт з краінаў СНД склаў $ 26,3 млрд. Відаць, нейкае ведамства памыляецца.


Ад «гандлёвага цуду» не засталося следу


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таварны цягнік едзе праз станцыю Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Таварны цягнік едзе праз станцыю Менск-Усходні. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года. Фота: Белсат

Паводле Еўрастату, экспарт Беларусі ў ЕЗ штогод памяншаецца пасля «гандлёвага цуду» 2021 года, калі пастаўкі беларускіх тавараў і цэны на іх імкліва раслі. У 2024-м Беларусь экспартавала тавараў у Еўразвяз на € 1,27 млрд. Гэта амаль на 12 % менш, як у 2023 годзе і ў 4,4 разы менш, як у рэкордным 2021-м.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія танкі. Фота: Ваяр

«BELPOL»: беларускіх прадпрыемстваў, якія робяць зброю для Расеі, можа быць каля паўтысячы

навіны

У тройку самых буйных пакупнікоў беларускіх тавараў у ЕЗ у 2024 годзе ўвайшлі Польшча (35,3 %), Літва (15,1 %) і Латвія (14,5 %). З 2020 да 2023 года гэта звычайна былі Польшча, Літва і Нямеччына, аднак апошняя значна скараціла закупы з Беларусі. Таксама прыкметнае зніжэнне назіраецца ў экспарце тавараў у Літву, менш – у Латвію. А вось Польшча трохі павялічыла закупы.


Найбольш Беларусь прадавала ў ЕЗ летась мэблю (10,7 %), жывёльныя і раслінныя тлушчы (8,8 %), а таксама пластмасы і вырабы з іх (8,1 %).


За апошнія гады гандаль Беларусі з Еўропаю моцна змяніўся не толькі ў аб'ёмах, але і ў структуры паставак. З 2020 да 2023 года ў лідарах былі такія групы тавараў, як драўніна, вырабы з яе і драўняны вугаль; угнаенні; жалеза і сталь. У 2021-м пастаўкі драўніны ў ЕЗ былі вышэйшыя за ўвесь экспарт Беларусі ў Еўразвяз у 2024 годзе – € 1,37 млрд. Цяпер усе тры названыя групы тавараў застаюцца пад санкцыямі і разам занялі ўсяго 6,3 % (€ 80,4 млн) у леташніх продажах у ЕЗ.


Імпарт Беларусі з ЕЗ больш як у пяць разоў вышэйшы за экспарт. За мінулы год ён склаў € 6,83 млрд. Пры гэтым знізіўся ў параўнанні з 2023-м на € 1,28 млрд (15,8 %).


Найбольш буйнымі дастаўцамі з ЕЗ для Беларусі цягам апошніх пяці гадоў застаюцца Польшча (31,8% у 2024-м), Літва (22 %) і ў Нямеччына (15,3 %). Спад імпарту адбыўся ў асноўным праз гэтыя краіны.


Найбольш буйнымі таварнымі пазіцыямі, якія купляла Беларусь, у мінулым годзе былі транспартавыя сродкі, акрамя чыгуначнага або трамваяў, а таксама іх часткі і прылады (27,9 %), таксама тавары з групы «ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі» (8,2 %) і фармацэўтычная прадукцыя (7,6 %).


У аўтамабілях зніжэнне адбылося адразу на мільярд еўраў. Калі ў 2023 годзе іх закупілі на € 2,92 млрд, то ў 2024-м – на € 1,91 млрд.


Верагодна, гэта звязана з забаронай ЕЗ прадаваць у Беларусь аўтамабілі, даражэйшыя за € 50 тысячаў, а таксама матацыклаў, даражэйшых за € 5 тысячаў. Забарона з’явілася ў чэрвені 2024 года.


Як высветлілі раней журналісты «Бюро медыя», пасля ўводу санкцыяў ЕЗ супраць Расеі на пакупкі люксавых аўтамабіляў у 2022 годзе, беларускія кампаніі сталі іх масава закупляць і перапрадаваць у Расею.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі вытворцы "MG" перад пагружэннем на карабель для экспарту ў порце Лянь-Юнь-Ган, ва ўсходняй правінцыі Цзянсу, Кітай. 17 сакавіка 2025 года. Фота: AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі вытворцы "MG" перад пагружэннем на карабель для экспарту ў порце Лянь-Юнь-Ган, ва ўсходняй правінцыі Цзянсу, Кітай. 17 сакавіка 2025 года. Фота: AFP / East News

Падобнай думкі прытрымліваецца экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна:


«Мы бачым зніжэнне ў імпарце ў 2024 годзе ў параўнанні з 2023-м. Пры гэтым у 2023 годзе закупы з Еўропы раслі ў параўнанні з 2021 і 2022 гадамі, што можа быць звязана з рээкспартам у Расею, гэта значыць, Беларусь пастаўляла тавары ў Расею з Еўропы».


У наступным годзе, калі не будзе значных зменаў у санкцыях, закупы ў Еўропе знізяцца яшчэ больш, мяркуе экспертка:


«У канцы чэрвеня 2024 года прынялі новы пакет санкцыяў ЕЗ супраць Беларусі, ён ідэнтычны ў абмежаваннях супраць Расеі. Сярод іншага там была забарона на тавары, якія спрыяюць развіццю прамысловай вытворчасці – вялікая група. Аднак яны ўступілі ў дзеянне толькі ў кастрычніку. Таму ў мінулым годзе яны яшчэ не моцна адбіліся на гандлі».


Кітай нарошчвае экспансію


Паводле кітайскай мытні, Беларусь традыцыйна больш купіла ў Кітаі, чымся прадала туды тавараў. Экспарт склаў $ 1,81 млрд, а імпарт у 3,6 разу большы – $ 6,58 млрд. Пры гэтым экспарт знізіўся прыкладна на траціну ў параўнанні з 2023 годам. Тады ён склаў $ 2,6 млрд. Імпарт жа павялічыўся на $ 0,75 млрд ($ 5,82 млрд у 2023-м).


Найбольш Беларусь у 2024 годзе купляла ў Кітаі транспартавых сродкаў і іх частак, за выключэннем чыгуначнага транспарту і трамваяў (33,7 %). Другая паводле велічыні група тавараў – «ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі» (20,9 %). На трэцім месцы – электрычныя машыны і абсталяванне, іх часткі; прылады для запісу гуку і прайгравання, тэлевізійныя прылады запісу і прайгравання, а таксама часткі і прылады такіх вырабаў (14,9 %).


Гэтыя ж тры пазіцыі былі ў топе з 2020 года, аднак у меншых аб'ёмах. Верагодна, рост звязаны з тым, што транспартавыя сродкі і «ядравыя рэактары, катлы, машыны і механічныя прылады; іх часткі» Беларусь таксама купляе ў ЕЗ, але там аб'ёмы зніжаюцца.


Група тавараў з ядравымі рэактарамі выглядае загадкава. Настасся Лузгіна адзначае, што гэта вялікая таварная група, таму складана дакладна сказаць, што з яе Беларусь раней актыўна купляла ў ЕЗ, а цяпер часцей у Кітаі.

,,

«Па ёй проста машыны і абсталяванне могуць ісці. А тэндэнцыя, натуральна, змянілася. Тое, што раней куплялася ў Еўразвязе, праз санкцыі і нават фізічныя праблемы з перасячэннем межаў, пераарыентавалі на іншыя краіны. І адна з такіх краінаў – Кітай. Там таксама шмат чаго вырабляецца, таму еўрапейскія тавары замянілі кітайскімі аналагамі», – кажа адмыслоўца.


Большую частку беларускага экспарту ў Кітай у 2024 годзе занялі ўгнаенні – $ 0,84 млрд з $ 1,81 млрд (46,5 %). Кітай даўно ўжо найбуйнейшы пакупнік беларускага калію. Аднак за апошнія пяць гадоў 2023-і быў найбольш удалы для беларускіх угнаенняў – іх удалося прадаць у Кітай на $ 1,46 млрд. На другім месцы летась апынуліся мяса і мясныя субпрадукты (15 %), а далей жывёльныя і раслінныя тлушчы, а таксама воскі (13,2 %). За апошнія пяць гадоў гэтыя тавары таксама былі ў лідарах.


«У 2024 годзе адбылося зніжэнне кошту экспарту ў Кітай. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, якія тавары ў Кітай экспартуе Беларусь. Найперш гэта калійныя ўгнаенні, кошт на якія летась знізіўся», – кажа Настасся Лузгіна.


Гандаль з ААЭ пакуль сціплы


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шпацыруюць па вуліцах Абу-Дабі, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ). 12 лютага 2022 года. Фота: Emin Sansar / Anadolu Agency via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шпацыруюць па вуліцах Абу-Дабі, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ). 12 лютага 2022 года. Фота: Emin Sansar / Anadolu Agency via Getty Images

Чыноўнікі нярэдка выхваляюцца гандлем з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Статыстычнае ведамства ААЭ пакуль не апублікавала звестак за 2024 год, аднак у папярэднія гады сітуацыя выглядала не бліскуча. Таваразварот сапраўды прыкметна вырас з 2020-га да 2023 года, але ў асноўным за кошт імпарту, а аб'ёмы ўсё яшчэ невялікія.

Пагрузка біг-бэгаў з угнаеннямі «Уралкалію» ў порце гораду Салікамск, Расея. Фота: uralkali.com

Старая вайна ці збор даніны з бізнесу? Чаму ў Беларусі арыштавалі сяброў калійнага магната Мазепіна

навіны

У 2020 годзе Беларусь прадала ААЭ тавараў на $ 30,2 млн, а купіла – на $ 40,9 млн. У 2023-м экспарт склаў $ 76,2 млн. Палова з гэтай сумы – золата. Імпарт павялічыўся да $ 671 млн. З гэтай сумы $ 589 тысячаў – тэлефонныя апараты і іншыя прылады для перадачы або прыёму голасу, малюнкаў або іншых звестак, у тым ліку прылады для сувязі ў правадной або бесправадной сетцы. Прычым зробленыя гэтыя прылады не ў ААЭ. У статыстыцы гаворыцца, што гэта рээкспарт у Беларусь.


Што датычыць 2024 года, то БУТБ апавяла, што праз яе экспартавалі ў ААЭ тавараў на $ 43 млн.


«Калі ацэньваць замежны гандаль у цэлым, то ў Беларусі, безумоўна, памяняліся прыярытэты за апошнія гады. Знізілася доля ЕЗ, калі браць разам экспарт і імпарт. Пры гэтым узрасла доля Расеі. І другім гандлёвым партнёрам робіцца Кітай», – робіць выснову Анастасія Лузгіна.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10