Больш за 4 мільярды долараў інвеставалі ў Беларусь Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, што сталіся другім нумарам сярод усіх краінаў-інвестараў.
Міністр вонкавага гандлю доктар Тані бін Ахмад аз-Зэюдзі «ў кулуарах адкрыцця» Менскага міжнароднага выставачнага цэнтру паведаміў інфармацыйнаму агенцтву Эміратаў (WAM), што эканамічныя стасункі з Беларуссю адзначаюцца «прыкметным якасным скачком у розных галінах прамысловасці». Паводле яго, інвестыцыі ААЭ ў Беларусь перавысілі 4 мільярды долараў (за які час – невядома), такім чынам, ААЭ ўвайшлі ў тройку найбуйнейшых інвестараў у Беларусі.
Ён таксама адзначыў, што інвестыцыі ААЭ ахопліваюць, у тым ліку, абарону, тэхналогіі, гатэльны бізнес і гарадское развіццё. У планах – інвеставаць больш у харчовы і прамысловы сектары, «дзе Беларусь валодае значным досведам і канкурэнтаздольнымі магчымасцямі». Таксама чыноўнікі ААЭ расказалі, што найбліжэйшым часам будзе падпісаная дамова аб свабодным гандлі таварамі з Еўразійскім эканамічным саюзам.
Што цікава, спіс галоўных інвестараў моцна змяніўся. Паводле Белстату за 2024 год замежныя інвестары ўклалі ў Беларусь $ 6,9 млрд. Наўпроставыя інвестыцыі склалі $ 5,2 млрд – гэта 74,8 % ад усёй сумы.
Белстат не ўдакладніў, якія дзяржавы больш за іншых інвеставалі ў Беларусь. Але два дні таму пра гэта прагаварылася начальнік упраўлення інфраструктуры развіцця Мінэканомікі Вольга Бондар. Паводле яе, у мінулым годзе Кітай заняў трэцяе месца сярод краінаў – наўпроставых інвестараў у Беларусь, нарасціўшы за апошнія пяць гадоў паказнік у інвестыцыях у 2,6 разу.
А з улікам таго, што галоўны інвестар Беларусі – Расея – ніколі сваё месца не саступала, тройка лідараў выходзіць такая: Расея, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай. У 2023 годзе топ-3 інвестараў выглядаў зусім інакш: Расея, Кіпр, Аўстрыя.
Нагадаем, у снежні Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паехаў у ААЭ з нагоды абмеркавання «за некалькі дзён шэрагу пытанняў стасункаў з інвестарамі, якія працуюць у Беларусі». Агулам жа інфармацыі аб праграме таго візіту – вобмаль, як і відэа адтуль. Шмат хто меркаваў, што так ён маскуе свой адпачынак з сынамі пад працоўны візіт.
Тэса Анэйда belsat.eu