Указам Аляксандра Лукашэнкі № 102 ад 10 сакавіка, што быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале 12 сакавіка, другі раз скарэктаваныя тэрміны ўводу Нацыянальнага футбольнага стадыёну ў Менску.
Указ пра будаванне аб’екту ў Менску за кітайскія грошы быў падпісаны 13 жніўня 2019 года. Напачатку праект хацелі зрэалізаваць да 31 снежня 2023-га, але затым тэрміны перанеслі на год. Цяпер канкрэтныя тэрміны з указу вырашылі зусім прыбраць, напісаўшы замест гэтага, што «датай уводу стадыёну і аб'ектаў у эксплуатацыю лічыцца дата падпісання акту тэхнічнай перадачы».
Сплачанае з гарадскога бюджэту будаванне інфраструктуры за межамі будаўнічай пляцоўкі мусіла быць завершанае да 1 кастрычніка 2025 года, гаворыцца ў дакуменце.
Ідэя будавання чыста футбольнага стадыёну ў Менску была агучаная ў 2010 годзе. Спачатку планавалася пабудаваць яго ў мікрараёне Шчомысліца, але затым ад гэтай ідэі адмовіліся. Выказваліся думкі таксама перабудаваць у яго стадыёны «Дынама» і «Трактар». У 2014 годзе газета «Беларусь сегодня» паведамляла, што Нацыянальны футбольны стадыён пабудуюць да 2018 года. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка папрасіў Сі Цзінь Піна пабудаваць яго «з кітайскім каларытам».
Стадыён меўся праектавацца і будавацца паводле кітайскіх стандартаў, нормаў і тэхнічных умоваў без адаптацыі да дзейных беларускіх стандартаў. Лукашэнка казаў, што стадыён будзе падарункам Кітаю, а гэткія падарункі Кітай рабіў Габону, Анголе, Замбіі, Коста-Рыцы і Лаосу.
У канцы жніўня 2024-га паведамлялася, што ўзвядзенне нацыянальнага футбольнага стадыёну ўвайшло ў фінальную стадыю. У канцы мінулага года міністр спорту Сяргей Кавальчук заяўляў, што стадыён адкрыюць у траўні 2025-га.
Якуб Хруст belsat.eu