Аналітыка

«Скандальная параза». Лукашэнку, падобна, раззлаваў скасаваны перад «выбарамі» візіт у Кітай

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Cцягі Кітая і Беларусі ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» у Менску, Беларусь
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Cцягі Кітая і Беларусі ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» у Менску, Беларусь. 11 верасня 2019 года. Фота: Misha Friedman / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Да галоўнага дня галасавання ў Беларусі застаецца менш як тры дні, людзі напоўніцу галасуюць датэрмінова, а Аляксандр Лукашэнка так і не паляцеў у Кітай, хоць яшчэ месяц таму абяцаў гэта зрабіць «найбліжэйшым часам» перад «выбарамі». І падобна, што ўжо не паспее. То бок, і сярод азіяцкіх аўтарытарных рэжымаў яму ўсё менш радыя.

Як Лукашэнка ў Кітай збіраўся

Упершыню пра хуткі візіт у Кітай Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 снежня на нарадзе ў пытаннях машынабудавання. Паводле яго, візіт меўся адбыцца «ў найбліжэйшы час», яго мэта – «дыверсіфікацыя нашых рынкаў».

Пасля Новага года, 3 студзеня, палітык згадваў хуткі візіт двойчы – спачатку на сустрэчы з даверанымі асобамі, а затым – са старшынямі аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму. Паводле яго, наведаць КНР планавалася пасля Раства і ўручэння прэміяў за духоўнае адраджэнне 8 студзеня.

,,

«Пасля ёсць запрашэнне кітайскага кіраўніцтва пабываць у Кітаі. Трэба сустрэцца з кіраўніцтвам Кітая, каб вызначыць нашую далейшую палітыку на перспектыву. Гэта адзін з нашых стратэгічных партнёраў», – сказаў ён сваім давераным асобам, згадаўшы нават свае планы «паглядзець яшчэ музей кітайскі».


На сустрэчы з «губернатарамі», Лукашэнка ўдакладніў, што візіт у Кітай адбудзецца яшчэ да «выбараў». Гэтак ён сярод іншага тлумачыў свой будучы загружаны графік.

«І міжнародныя візіты, у Кітай візіт. Такія візіты, ад якіх нельга адмовіцца. Бо гэта будучыня нашай дзяржавы. Што такое сустрэча з Сі Цзінь Пінам і візіт у Кітай? Гэта будучыня нашай краіны. Супраца з Кітаем – гэта вялікая справа», – падкрэсліў палітык.

З улікам таго, што за два тыдні Лукашэнка тройчы казаў пра Кітай, візіт не быў ягонай фантазіяй. Ён планаваўся недзе пасля 8 студзеня. І нават быў распрацаваны графік, што прадугледжвае ў тым ліку наведванне музею. Але станам на 23 студзеня ніякі візіт не адбыўся. Дый больш яго тэма не ўздымалася.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін у Пекіне 4 снежня 2023 г. Фота: russian.news.cn
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінь Пін у Пекіне 4 снежня 2023 г. Фота: russian.news.cn

Пры гэтым графік у палітыка не такі ўжо і загружаны, як ён абяцаў. 10 студзеня ён запусціў артэзіянскую ваду ў Менску, пасля чаго знік на некалькі дзён. Наступным разам ён публічна з’явіўся 14 студзеня і зноў знік пасля 17-га, правёўшы тры нарады і наведаўшы Менскі гарадскі тэхнапарк. Зноў у свет ён з’явіўся толькі 21 студзеня на МАЗе, пасля чаго зноў дзень адпачываў. Калі ён цяпер і паспее наведаць Кітай перад «выбарамі», то гэта будзе выглядаць больш як экстранны выклік, чым запланаваны візіт.

Хвароба або сігнал з Масквы?

Палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў у каментары «Белсату» адзначыў, што для Лукашэнкі візіт у Кітай «быў найважлівейшым». Эксперт падкрэсліў, што ўсю сваю перадвыбарчую кампанію ён спрабаваў выйсці з геапалітычнай ізаляцыі – аднавіць дыялог з Захадам, спробы пайсці на саступкі з палітвязнямі. Для яго было важна паказаць, што ён ёсць самастойным геапалітычным актарам, які не зусім цалкам залежны ад Масквы». Візіт у Кітай у гэтым меўся быць «вішанькай на торце».

«Тое, што гэта не атрымалася, гэта для яго скандальная параза. Ён якраз разлічваў і, відаць, была гэтая дамоўленасць, што ў Кітаі яму дадуць гэты сімвалічным капітал перад «выбарамі», каб паказаць, што хоць на крыху ёсць самастойным актарам», – сказаў палітолаг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Новости Гродно

Незалежнасць ад Расеі і палітычныя манеўры. Навошта Лукашэнка едзе ў Кітай

навіны

На яго думку, Кітай бы «ніколі не даў таго, што Лукашэнка жадае, але для яго было важна прыляцець на самалёце, паціснуць руку і ўляцець». Гэтага не адбылося.

Неўзабаве пасля анонсаў візіту кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі выказваў у каментары «Белсату» меркаванне, што Кітай мог бы быць для Лукашэнкі дадатковай кропкай апоры ў складаных стасунках з Уладзімірам Пуціным.

«У кантэксце перадвыбарчай кампаніі выглядае, што гэты выбар для візіту Лукашэнкі зроблены стратэгічна, ён паказвае, што, маўляў, паглядзіце з кім я. Кітай – тая краіна, якая дапамагае нам пераадольваць гэты складаны этап у гісторыі Беларусі», – казаў суразмоўца.

На думку Кавалеўскага, такі кантакт мусілі заўважыць у Крамлі, ад волі якога залежыць, ці будзе Лукашэнка далей заставацца ва ўладзе. І вось палітолаг Ніжнікаў мяркуе, што візіт не адбыўся менавіта праз сігнал з Масквы – «там палічылі, што гэта недарэчна».

Пры гэтым кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін адзначаў, што для Пекіну асоба Лукашэнкі не такая ўжо і важная:

«Для Кітаю галоўны той, хто кантралюе тэрыторыю дадзенай дзяржавы. І калі замест Лукашэнкі прыйдзе хтосьці іншы, Лукашэнку адразу забудуцца і будуць наладжвацца кантакты з новай уладаю. Бо такая ў Кітая канцэпцыя, яна склалася гістарычна даўно, і яны ад гэтай канцэпцыі пакуль не адыходзілі, яны не будуць зноўку прыкладаць вялікіх высілкаў, каб дапамагчы Лукашэнку захаваць сваю ўладу ў Беларусі».

У сваю чаргу галоўны рэдактар «Reform.news» Фёдар Паўлючэнка ў эфіры Youtube-праграмы «Саша, что ты несешь?» адзначыў, што Лукашэнку «паслалі ў Кітаі на тры літары» з прычыны здароўя палітыка, які апошнім часам моцна хрыпеў і, магчыма, падхапіў COVID-19:

,,

«Сі Цзінь Пін вырашыў хворага, заразнага Лукашэнку не прымаць».


Антыкітайскі дэмарш Лукашэнкі

У любым разе, якімі б не былі прычыны адсутнасці візіту Лукашэнкі ў Пекін – ці то медычнымі, ці то палітычнымі – ён ужо, падобна, не адбудзецца. І выглядае, што Лукашэнка гэта зразумеў і нават учыніў антыкітайскі дэмарш, які фармальна такім не выглядаў.

Раней «Белсат» ужо пісаў пра важнасць наземнага шляху, які ідзе праз Беларусь, для кітайскага гандлю з Еўропай. Пры гэтым сваімі дзеямі Лукашэнка ставіць яго пад пагрозу, праз што палітыка нават маглі выклікаць у Пекін напрыканцы 2023 года.

У 2024 годзе на гэта актыўна ціснулі польскія ўлады. Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас сустрэчы ў Пекіне з Сі Цзінь Пінам пастараўся ўпэўніць КНР паўплываць на беларускія ўлады, каб тыя спынілі міграцыйны крызіс. Як падкрэсліваў Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі, калі Менск не вызваліць з вязніцы журналіста і лідара польскай дыяспары Анджэя Пачобута і не спыніць штучна створаны міграцыйны крызіс, Варшава цалкам спыніць пропуск грузаў на польска-беларускай мяжы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы і палякі выйшлі на акцыю з патрабаваннем вызваліць Анджэя Пачобута ў Беластоку, Польшча. 26 траўня 2023 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларусы і палякі выйшлі на акцыю з патрабаваннем вызваліць Анджэя Пачобута ў Беластоку, Польшча. 26 траўня 2023 года. Фота: Белсат

З 22 па 23 жніўня Беларусь наведаў прэм’ер Дзяржаўнага савету КНР Лі Цян. Тады ад Менску запатрабавалі сярод іншага «гарантаваць бяспеку каналаў перавозкі грузавых цягнікоў Кітай-Еўропа».

«Калі ён хоча адкрыцця памежных пераходаў, калі ён хоча мець транзітныя калідоры, яму трэба супрацоўнічаць з намі ў гэтым пытанні. Мы спрабуем паказаць, што калі ён не будзе супрацоўнічаць, дык наступствы для яго, для ягонага рэжыму і для ягонай краіны будуць сапраўды складанымі», – казаў праз тыдзень пасля кітайскага візіту маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня.

Але гэтага Менск не зрабіў. Як заявіў 13 студзеня 2025 года міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк, «аніякай супрацы з беларускага боку не назіраецца». Паводле яго, заявы пра магчымае вызваленне Пачобута не пацвердзіліся фактамі, расследаванне забойства польскага памежніка мігрантамі не адбываецца дый сам міграцыйны крызіс не развязаны.

Мы не бярэмся сцвярджаць, што менавіта адсутнасць саступак Менску Варшаве, якія б зменшылі рызыкі для кітайскага транзіту, паўплывала на нежаданне Пекіну прыняць у сябе Лукашэнку і на скасаванне ўжо анансаванага ім візіту. Але падобна, што гэта вельмі моцна раззлавала палітыка, і ён вырашыў адказаць.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Менскага тэхнапарку 16 студзеня 2025 г. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Менскага тэхнапарку 16 студзеня 2025 г. Фота: president.gov.by

16 студзеня Лукашэнка жорстка праехаўся па польскіх уладах. Ён заявіў, што гэта яны нібы «адмовіліся весці нават размовы наконт Пачобута», дый сам палітвязень «не хоча туды ехаць». Ён дадаў, што Пачобут – беларускі грамадзянін і за «ўчыненыя злачынствы» адказаў паводле закону.

«Далей будзем глядзець. Паверце, на Пачобуце свет не сышоўся», – даволі дзіўна дадаў палітык, не патлумачыўшы ні гэтага «далей», ні тое, чаму на палітвязні мусіў сысціся свет.

Папярэдні раз ён згадваў Пачобута 12 верасня 2024 года – неўзабаве пасля прыезду ў Менск Лі Цяна і заяваў пра транзітныя калідоры Галоўні.

Таксама 16 студзеня Лукашэнка выказаўся адносна закрытых памежных пунктаў пропуску на мяжы з Польшчаю і мігрантаў, якія спрабуюць туды трапіць праз беларускую тэрыторыю:

,,

«Ды хоць усе няхай зачыняць. Мы ж туды не ездзім, мы туды нічога не возім. Што, мотавелазавод возіць туды прадаваць прадукцыю? Не. Яны ж санкцыі супраць нас увялі. Увялі – добра. Ну мы і не змагаемся супраць той міграцыі і людзей, якія там хочуць жыць і якія туды ідуць. Я ўжо тысячу разоў пра гэта казаў: з пятлёю на шыі я не буду іх абараняць. Гэта значыць, яны накінулі на мой народ санкцыі, а я іх мушу абараняць?»


Фармальна гэта выглядала як адказ на заявы Семоняка. Але калі дадаць сюды кантэкст скасаванага візіту ў Пекін, то ўсё выглядае больш складаным. Скасаванне візіту ў Кітай вывела яго з сябе: замест дадатковай легітымізацыі перад «выбарамі» ў Беларусі і свеце ён атрымаў «чорную метку». Да таго ж, Польшча, якую ён разглядае як аднаго са сваіх галоўных ворагаў, падобна, супрацоўнічае ў пытанні мяжы з Кітаем, які меўся стаць кропкай апоры. Як вынік раззлаваны Лукашэнка адмаўляецца вызваляць палітвязняў, спыняць мігрантаў і агулам заяўляе, што закрыццё памежных пунктаў яго не хвалюе. Фармальна ён гэта кажа Польшчы, але магчыма, што тым самым пасылае і сігнал Кітаю.

Далёкая дуга ўсё больш далёкая

Людзі аддаюць даніну павагі статуям паўночнакарэйскіх лідэраў Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра ў 79-ы Дзень нацыянальнага вызвалення. У гэты дзень у 1945 годзе Японія, якая капітулявала, вызваліла Карэю ад каланіяльнага кіравання. Свята штогод адзначаецца ў Паўночнай і Паўднёвай Карэях. Пхеньян, КНДР. 15 жніўня 2024 года. Фота: Kim Won Jin / AFP / East News

Сястра Кім Чэн Ына дала жорсткую ўзлупку Лукашэнку. Што яна сабе дазваляе?

Аналітыка

Як бы там ні было, адсутнасць паездкі ў Кітай не адзіная няўдача Лукашэнкі сёлета на «далёкай дузе». 17 студзеня ён расказаў, што каля пяці дзяржаваў, уключаючы КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэчаў на вышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы. Але праз тры дні атрымаў жорсткі адказ з Пхеньяна. Родная сястра кіраўніка Паўночнай Карэі і другая асоба ў краіне Кім Ё Чонг публічна звінаваціла яго фактычна ў хлусні, заявіўшы, што менавіта Менск «яшчэ не менш як два гады таму настойліва спадзяваўся на кантакт з КНДР», а самой прапановы аб сустрэчы на вышэйшым узроўні, «на маю [Кім Ё Чонг. – рэд. belsat.eu] думку, не было».

«Гэта даволі моцны шчаўчок па носе беларускаму дыктатару, што, маўляў, хлопец, ты наагул, што такое вярзеш», – казаў «Белсату» кандыдат гістарычных навук Красулін, выказваючы думку, што Менск пакуль не знайшоў, чым зацікавіць «даволі пераборлівых» паўночнакарэйскіх таварышаў, а проста карцінка сустрэчы ім не патрэбная.

Падобнай думкі прытрымліваюцца і эксперты iSANS:

«Прычына гэтых канфузаў адна: Лукашэнка анансуе візіты, да якіх не гатовы. У ягоных замежных візітаў у гэтыя краіны адсутнічае мэта, праз што яны больш нагадваюць дыпламатычны турызм. Таму партнёры, не бачачы цікавасці, не ідуць насустрач».

У iSANS адзначаюць, што ў Беларусі і Еўропе даўно вядома, што «Лукашэнка схільны да выдумак», а для «партнёраў на Усходзе такія «самабытныя асаблівасці» Лукашэнкі пакуль у навінку».

Макар Мыш, Віталь Бабін belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10