Рада Еўропы і яе генеральны сакратар Ален Бэрсэ ў сваіх сацыяльных сетках выказалі падтрыманне беларускім дэмакратычным сілам. З уладамі Беларусі яны разарвалі стасункі ў 2022 годзе.
«Тры гады таму Рада Еўропы разарвала сувязі з рэжымам Лукашэнкі за падтрыманне агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Але гэта не азначала адмову ад беларускага народу. У 2022 годзе мы стварылі кантактную групу для працы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю», – адзначае на відэа Ален Бэрсэ.
З 2025 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, як і Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў, віталі дэмакратычныя сілы Беларусі на сваіх пасяджэннях, гаворыцца ў сюжэце.
У самой Радзе Еўропы падкрэсліваюць, што імкнуцца «падтрымліваць усіх беларусаў, як удома, так і ў выгнанні, якія працуюць над дэмакратычнымі зменамі і лепшай будучыняй». Як адзначаецца, «кантактная група ў справе Беларусі – гэта не проста сімвал, гэта жэст салідарнасці і падтрымання як для народу Беларусі, так і для міжнароднай супольнасці».
,,«Наша прыхільнасць да вольнай і дэмакратычнай Беларусі нязменная», – гаворыцца ў заяве.
«Вельмі важна, што Рада Еўропы зрабіла гэты незвычайны, але важны крок, бо мы як краіна не ёсць чальцом Рады Еўропы, але вы адважыліся фармалізаваць стасункі з дэмакратычным рухам. Тут мы атрымліваем экспертную дапамогу ў будучых рэформах, напрыклад, датычна бачання будучыні Беларусі», – кажа ў відэа дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.
Рада Еўропы – міжнародная арганізацыя, што садзейнічае супрацы паміж сваймі чальцамі, дзяржавамі Еўропы, у галіне стандартаў права, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна, дэмакратычнага развіцця, законнасці і культурнага ўзаемадзеяння. Яна ўключае 46 дзяржаваў. Беларусь чальцом Рады Еўропы не была ніколі, але брала ўдзел у розных яе ініцыятывах.
27 студзеня 2025 года да ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) упершыню была запрошаная Каардынацыйная рада Беларусі як прадстаўнічы орган дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці.
Якуб Хруст belsat.eu