Да таго, што лідары дэмакратычных краінаў жорстка ставяцца да Аляксандра Лукашэнкі, усе даўно прызвычаіліся. Здавалася б, кіраўнікі аўтарытарных дзяржаваў мусілі паводзіць сябе інакш. Але і яны не маюць павагі да нязменнага кіраўніка Беларусі і замест гэтага ставяць яго на месца. Прыклад гэтага паказала сястра паўночнакарэйскага лідара.
Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня на нарадзе ў пытаннях вонкавагандлёвай дзейнасці расказаў, што каля пяці дзяржаваў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэчаў на вышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы.
«Ёсць прынцыповыя пытанні, у якіх трэба прымаць рашэнні. Гэта датычыцца ўзаемаразлікаў, паставак нашай вайсковай прадукцыі, прадукцыі ў змаганні з пажарамі і гэтак далей. Таму я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць вось гэты спектр і напрамак нашай супрацы – тое, што цікавіць перш за ўсё нашых партнёраў на Усходзе», – адзначыў ён.
Але гэтыя, здаецца, шараговыя словы не спадабаліся ў КНДР. 20 студзеня намесніца загадчыка аддзелу ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чонг, якая ёсць роднай сястрой кіраўніка краіны Кім Чэн Ына, праз Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі заявіла, што гэта не Пхеньян накіраваў Менску свае прапановы аб арганізацыі сустрэчы, а менавіта «беларускі бок яшчэ не менш як два гады таму настойліва спадзяваўся на кантакт з КНДР на вышэйшым узроўні». З беларускага боку, як адзначаецца, «не адлюстраванае як след жаданне» сустрэчы, а самой прапановы аб сустрэчы на вышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы, «на маю [Кім Ё Чонг. – рэд. belsat.eu] думку, не было».

Сястра Кім Чэн Ына падкрэсліла: калі Беларусь спадзяецца на развіццё стасункаў з КНДР, то «важна выявіць свой ясны намер». Гэта і «душэўнасць» павінны быць зыходным пунктам для двухбаковых стасункаў паміж дзяржавамі, дадала яна.
Як лукашэнкаўцы ў Пхеньян ляталі
Дыпламатычныя стасункі паміж Пхеньянам і Менскам былі ўсталяваныя яшчэ ў 1992 годзе. Але доўгі час яны развіваліся вельмі слаба. Хутчэй, наадварот. Паводле звестак «Observatory of Economic Complexity», экспарт з Беларусі ў КНДР знізіўся з 1,57 млн долараў у 1998 годзе да 2 тыс. долараў у 2020-м. Пастаўкі ж у зваротны бок абваліліся з 3,05 млн долараў у 1998 годзе да 3,7 тыс. долараў у 2021-м.
Праўда, у 2015 годзе Беларусь наведаў міністр замежных справаў КНДР, а праз год у Менску адчынілася і амбасада Паўночнай Карэі, што можа сведчыць пра непублічнасць пэўнай часткі двухбаковых стасункаў. На гэта ж намякае інфармацыя ЗША пра тое, што ў Беларусі ў 2017–2018 гадах працавалі паўночнакарэйскія гастарбайтары, «ад імя ўраду Паўночнай Карэі».
Стасункі паміж краінамі сталі паляпшацца пасля 2020 года, калі Лукашэнка, прайграўшы прэзідэнцкія выбары і распачаўшы ў краіне масавыя рэпрэсіі, апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі. Улады Пхеньяну тады яго падтрымалі, і ў лістападзе 2020 года палітык заявіў пра «неапраўдана нізкі ўзровень стасункаў» дзвюх краінаў і прапанаваў палепшыць супрацу ў вытворчасці лекаў і прадуктаў, прафесійнай адукацыі і павышэнні кваліфікацыі. А ў верасні 2023 года, пасля візіту ў Расею кіраўніка КНДР, палітык прапанаваў прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну «падумаць і пра супрацу недзе на траіх». Неўзабаве стасункі Менску і Пхеньяна актывізаваліся.

У студзені 2024 года ўжо міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік на палях саміту Руху недалучэння ва Угандзе абмеркаваў паглыбленне двухбаковай супрацы з намеснікам міністра замежных справаў КНДР Кімам Сонгам Жыёнгам. А 16 красавіка ў Пхеньян прыбыў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўгеній Шастакоў. Апроч супрацоўнікаў МЗС, разам з ім у Пхеньян прыляцелі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Міністэрства аховы здароўя і Барысаўскага заводу медычных прэпаратаў. Беларускі бок пра візіт паведаміў толькі праз тыдзень – паводле МЗС, гэта былі планавыя кансультацыі вонкавапалітычных ведамстваў.
23-25 ліпеня Пхеньян з афіцыйным візітам наведаў ужо новы міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў. Там ён сярод іншага сустрэўся з міністаркай замежных справаў Чвэ Сон Хі і прэм’ер-міністрам Кімам Докам Хунам. У беларускім МЗС адзначылі, што бакі «падрабязна абмеркавалі ўвесь блок двухбаковых пытанняў, дамовіліся аб канкрэтных мерах па інтэнсіфікацыі кантактаў паміж краінамі на розных узроўнях».
У прыватнасці, бакі дамовіліся «па далейшаму развіццю дагаворна-прававой базы і актывізацыі ўзаемадзеяння паміж вонкавапалітычнымі ведамствамі, а таксама па шэрагу напрамкаў», у тым ліку сферы аховы здароўя, адукацыі, сельскай гаспадаркі, культуры і спорту. Было разгледжанае ўзаемадзеянне дзвюх краін у міжнародных арганізацыях, супрацьстаянні санкцыям і абмежаванням з боку заходніх дзяржаваў. Абмяркоўвалася развіццё двухбаковай эканамічнай супрацы ў сферах, не абмежаваных санкцыямі Рады бяспекі ААН. Асаблівая ўвага ўдзелена пастаўкам беларускіх прадуктаў харчавання (сухога малака, мяса і дзіцячага харчавання) у КНДР, а таксама карэйскай касметыкі ў Беларусь. Апроч таго, планавалася пераймаць паўночнакарэйскі досвед у падрыхтоўцы медыкаў і выхаванні дзяцей, было дамоўлена аб супрацы з КНДР беларускіх універсітэтаў – БДПУ, БДУ і БДМУ.
Па выніках візіту Рыжанкоў казаў, што паўночнакарэйскаму боку была перададзеная інфармацыя паводле пэўнай таварнай наменклатуры з акцэнтам менавіта на тое, што неабходна КНДР.
,,«З таго боку надзейны і вельмі ўпэўнены партнёр, які нас не кіне ва ўгоду нейкім заакіянскім інтарэсам», – упэўнена заяўляў кіраўнік МЗС.
Паводле яго, Беларусь таксама гатовая разгледзець варыянты ўдзелу ў трохбаковых ініцыятывах, рэалізуючы тыя ці іншыя праекты не толькі непасрэдна з КНДР, але і ва ўзаемадзеянні з Расеяй або Кітаем. Паводле яго, «нашы краіны павінны адна адну трымацца».
Стратэгія далейшай супрацы з КНДР абмяркоўвалася на нарадзе ў Лукашэнкі 29 ліпеня, праўда, падрабязнасці не раскрываліся.
«Перакананы, Менск і Пхеньян хутка дасягнуць значнага прагрэсу ў наладжванні практычнага ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, медыцына і фармацэўтыка, адукацыя», – пісаў Лукашэнка ў віншаванні Кім Чэн Ыну ў верасні.
Той жа ў ліпені выказваў «упэўненасць у тым, што традыцыйныя стасункі сяброўства і супрацы паміж дзвюма нашымі краінамі будуць пашырацца».
Хто ў кім зацікаўлены
Здавалася б, стасункі Менску і Пхеньяну набіраюць рост, але нечаканая ўзлупка ад сястры Кім Чэн Ына паставіла іх развіццё пад пытанне. І калі ад заходніх краінаў або нават Арменіі і Казахстану нешта такое не было б дзіўным, то заявы з боку КНДР ставяць пад пытанне суб’ектнасць Лукашэнкі нават сярод аўтарытарных краінаў.
Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін у каментары «Белсату» адзначыў, што Кім Ё Чонг – гэта «чалавек нумар два ў іерархіі паўночнакарэйскага кіраўніцтва». І калі яна кажа, што пра нешта не ведае, «значыць, такога не было».

Гісторык прызнаў, што заява Кім Ё Чонг, паводле дыпламатычных нормаў, была рэзкай. Пры гэтым яна паспрабавала змякчыць свае словы, спасылаючыся на паведамленне расейскага ТАСС, а не беларускіх медыяў, хоць розніцы ў іх не было.
«На мой погляд ключавым момантам з'яўляецца тое, што там [у заяве. – рэд. belsat.eu] гаворыцца: «Мы гатовы пайсці на сустрэчы, але толькі вы ж вызначыцеся, а што вы жадаеце ад гэтага ўсяго», – сказаў Красулін.
Паводле яго, гэта сведчыць пра тое, што ліпеньскі візіт Рыжанкова ў Пхеньян «быў ні аб чым» – толькі дзеля таго, каб «памалявацца» перад камерамі і паказаць «чарговы дыпламатычны прарыў Лукашэнкі». Але заява Кім Ё Чэн паказвае, што апроч жадання сябраваць Лукашэнка нічога не можа прапанаваць КНДР:
,,«Гэта даволі моцны шчаўчок па носе беларускаму дыктатару, што, маўляў, хлопец, ты наагул, што такое вярзеш».
Амаль не вырашальная задача для Рыжанкова
Красулін адзначыў, што кіроўная дынастыя Паўночнай Карэі глядзіць на сябе як на сярэдзінную дзяржаву, «вакол якой усё круціцца». Ён падкрэсліў, што да Кіма Чэна Ына «на каленях прасіць снарады і вайскоўцаў» прыязджаў Пуцін, яго зрабіў «зоркай міжнароднай палітыкі» падчас мінулай кадэнцыі прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.
«Так што Кім Чэн Ын якраз адчувае сабе на вышыні і глядзіць на гэтых далёкіх заходніх варвараў, як на нешта такое, што зноўку чакае літасці ад кіраўніцтва Паўночнай Карэі. Вядома, ён не будзе гэта казаць наўпрост, але ён будзе на гэта ўказваць, магчыма, не сваім голасам», – адзначыў эксперт.
На думку гісторыка, КНДР не супраць сябраваць з Менскам, але для пачатку таму трэба «сфармуляваць змест гэтага сяброўства». А з гэтым у беларускіх уладаў праблемы.
Калі Расея можа паставіць у Паўночную Карэю энерганосьбіты, падзяліцца касмічнымі і ядравымі тэхналогіямі, каб узамен атрымаць снарады і вайскоўцаў, то ў лукашэнкаўскіх уладаў гэтага няма. Тым больш, што паўночнакарэйскія вайскоўцы вернуцца пасля на радзіму хай і «вельмі прарэджанымі», але дасведчанымі ваярамі. Беларусь жа, мяркуючы па заяве Кім Ё Чонг, пакуль не знайшла, чым зацікавіць КНДР, а карцінка ля трапу самалёта Пхеньян не так цікавіць, мяркуе Красулін.
,,«Трэба падключаць фантазію таварышам у Менску дзеля таго, каб прыдумаць, чым ім зацікавіць таварышаў паўночнакарэйскіх. Бо тыя, як мы бачым, даволі пераборлівыя», – сказаў гісторык.
Паводле яго, у Беларусі наўрад ці ёсць вайсковыя тэхналогіі, якія б маглі быць цікавымі для КНДР, а такія беларускія тавары, як то харчаванне, можа пастаўляць і Расея. Так што, заключыў Красулін, «перад ведамствам Рыжанкова стаіць вельмі складаная, амаль не вырашальная задача».
Макар Мыш belsat.eu