У ноч на панядзелак расейскія войскі ўчынілі масаваную атаку беспілотнікаў на Кіеў. У Шаўчэнкаўскім раёне быў разбураны пад'езд шматпавярховага дому. Загінулі 6 асобаў. На месцы трывае выратавальная аперацыя, і лік ахвяраў яшчэ можа вырасці.
Паветраную трывогу абвясцілі ў Кіеве апоўначы. У выніку атакі дронаў здарэнні зафіксаваныя ў шасці раёнах украінскай сталіцы з дзевяці.
Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, у Дарныцкім раёне абломкі беспілотнікаў упалі на двухпавярховы жылы дом, там абышлося без пацярпелых і пажару.
У Саломянскім раёне адбыліся пажары ў прыватным сектары і ў нежылым будынку, шпіталізаваныя двое параненых.
У Святошынскім раёне – пашкоджанне шматпавярховага жылога дому, ніхто не пацярпеў, узгарання не было. Акрамя таго, абломкі дрона ўпалі на тэрыторыі стадыёну, людзей не зачапіла. Таксама быў атакаваны выхад са станцыі метро «Святошын» і аўтобусны прыпынак побач. Пацярпелі тры асобы.
У Дэснянскім раёне каля жылога дому з'явілася варонка, інфармацыя наконт пацярпелых удакладняецца, напісаў у сваім канале кіраўнік Кіеўскай вайсковай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.
У Падольскім раёне ў выніку абстрэлу загарэўся аўтамабіль і нежылы будынак.
У Шаўчэнкаўскім раёне быў зруйнаваны пад'езд шматпавярховіка. Паводле міністра ўнутраных справаў Украіны Ігара Клымэнкі, загінулі 4 асобы. Выратаваныя 10 жыхароў, ім надаецца ўся неабходная дапамога.
Пазней у паліцыі паведамілі, што колькасць ахвяраў вырасла да 6.
На месцы трывае выратавальная аперацыя. Пад заваламі могуць заставацца людзі.
Уначы была атакаваная і Кіеўская вобласць. У горадзе Белая Царква пашкоджаная жылая і медычная інфраструктура. Загінула адна асоба, 8 пацярпелі.
Папярэдні масаваны ўдар украінская сталіца зазнала ў ноч на 17 чэрвеня. Тады таксама часткова абрынуўся шматпавярховы жылы дом. Там загінулі 23 асобы, а агульны лік ахвяраў расейскага абстрэлу ў тыя содні дасягнуў 28.
Сцяпан Кубік belsat.eu














