Аляксандр Лукашэнка просіць Казахстан не слухаць «непатрэбных медыяў» і запэўнівае ў сяброўскіх стасунках з яе прэзідэнтам. Але гісторыя іх дачыненняў за апошнія гады сведчыць хутчэй пра адваротнае.
Прымаючы 1 кастрычніка даверчыя граматы ад замежных паслоў, Аляксандр Лукашэнка нечакана падышоў да амбасадара Казахстану і заявіў пра нейкія праблемы ў стасунках з прэзідэнтам гэтай краіны Касым-Жамартам Такаевым.
«Перадайце Касым-акэ, што ён заўсёды быў і будзе нашым самым сапраўдным сябрам. Менш чытайце і слухайце непатрэбныя медыі. Дзякуй вам вялікі. Я спадзяюся, што сустрэнемся і яшчэ абмяркуем нашыя пытанні», — заявіў Лукашэнка.
Пры гэтым не ўдакладнялася, пра якія праблемы ён казаў.
Як Такаеў сапсаваў імідж Лукашэнкі
У стасунках Лукашэнкі і Такаева напружанасць існуе ўжо не першы год. Напрыклад, яшчэ ў кастрычніку 2021 года на паседжанні лідараў краінаў ЕАЭС, якое праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадаючы слова Такаеву, Лукашэнка назваў яго прэзідэнтам Кыргызстану. Такаеў тады адрэагаваў усмешкай, але неўзабаве сапсаваў яму імідж ратавальніка ад «заходніх змоваў».
У студзені 2022 года Лукашэнка шмат зрабіў для арганізацыі аперацыі АДКБ, дзе тады адбываліся пратэсты. Пра важнасць гэтай аперацыі для палітыка сведчыла тое, як ён доўга «без хвальбы» расказваў пра яе. Паводле яго, «уся гэтая аперацыя, аж да дэталяў» «на працягу адной гадзіны» была распрацаваная непасрэдна ім разам з Уладзімірам Пуціным. Ён актыўна стэлефаноўваўся з кіраўнікамі краінаў АДКБ, даваў ім свае каштоўныя ўказанні (Казахстану і Кыргызстану раіў «разам паспрабаваць вырашыць цяжкія праблемы», а Узбекістану — зрабіць высновы) і дзяліўся канспіралагічнымі тэорыямі. Дый агулам, падобна, адчуваў сябе фігурай сусветнага маштабу — тым, хто можа нават пагражаць Захаду:
«АДКБ што паказала — пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць ля Ла-Маншу».

Але імідж ратавальніка Казахстану Лукашэнку сапсаваў менавіта Такаеў, які ўжо 12 студзеня запатрабаваў іх вываду з тэрыторыі краіны. Скарыстаўшыся дапамогай саюзнікаў, ён здолеў задушыць пратэсты і заадно з дапамогай Лукашэнкі канчаткова адхіліць ад улады папярэдняга прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Пасля гэтага замежныя войскі Такаеву сталіся непатрэбнымі.
Як заявіў Такаеў у студзені 2024 года, «сілы АДКБ не ўдзельнічалі ў антытэрарыстычных аперацыях і не зрабілі ніводнага стрэлу», толькі ахоўвалі розныя прадпрыемствы. А пасля «былі выведзеныя з Казахстану без папярэдніх патрабаванняў, прычым датэрмінова».
Супярэчнасці працягваюць нарастаць
Тым больш, прэзідэнт Казахстану не збіраўся ўцягвацца ў далейшыя авантуры Масквы і Менску, якія не толькі не здолелі дайсці да Ла-Маншу, але і захапіць Кіеў «за тры дні». У адрозненне ад Лукашэнкі, які актыўна следуе ў фарватары крамлёўскай палітыкі і нават стаў суагрэсарам у вайне, Такаеў у чэрвені 2022 года на Пецярбуржскім міжнародным эканамічным форуме ў прысутнасці Пуціна заявіў, што не збіраецца прызнаваць самаабвешчаных ДНР і ЛНР, назваўшы іх «квазідзяржаўнымі тэрыторыямі».
А ў траўні 2023 года на Еўразійскім эканамічным форуме Такаеў адкрыта троліў Лукашэнку і Пуціна, якія «нават ядравую зброю маюць адну на дваіх», і разважаў у звязку з гэтым пра канцэптуальныя праблемы развіцця ЕАЭС. Прапанову ж Лукашэнкі ўступіць у Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі дзеля таго, каб мець доступ да ядравай зброі, Такаеў агулам назваў жартам:
,,«Я па заслугах ацаніў ягоны жарт. Я думаю, што неабходнасці ў гэтым няма, бо існуюць і іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні, перш за ўсё Еўразійскі эканамічны саюз. Што да ядравай зброі, то яна нам не патрэбная».
У слоўнае супрацьстаянне з Лукашэнкам Такаеў уступіў і на сесіі АДКБ у кастрычніку 2023 года. Там Лукашэнка доўга распавядаў, як «сучасныя выклікі і пагрозы» «сплятаюць нашыя нацыянальныя інтарэсы ў адзін вузел», а «змена эпох» разбурае «аднапалярную заходнецэнтрычную мадэль». А вось казахстанскі кіраўнік наадварот заявіў, што «няма неабходнасці пастаянна гаварыць аб росце пагрозаў бяспецы дзяржаваў — удзельніц АДКБ, нават калі такія існуюць».
Палкоўніку ніхто не піша
Варта адзначыць, што ў Такаева і Лукашэнкі таксама вельмі малая гісторыя наўпроставых кантактаў са студзеня 2022 года. Апроч супольнага ўдзелу ў пасяджэннях розных арганізацыяў, яны практычна не размаўлялі адзін з адным. Асобная сустрэча ў іх адбылася толькі 13 кастрычніка 2022 года на палях саміту Нарады ўзаемадзеяння і захадаў даверу ў Астане. Таксама 21 лістапада 2022 года кіраўнік Беларусі па тэлефоне павіншаваў Такаева з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Больш палітыкі, як паведамляюць іхныя сайты, паміж сабою сам-насам не размаўлялі. А з таго часу мінула практычна два гады.
19 чэрвеня 2023 года падчас візіту ў Менск міністра замежных справаў Казахстану Мурата Нуртылева Лукашэнка прызнаў, што ў стасунках дзвюх краінаў «ёсць над чым працаваць». А таксама папрасіў перадаць «самыя добрыя пажаданні» былому кіраўніку краіны Назарбаеву.
Апошняе пажаданне заўважылі ў Казахстане. Выданне Orda.kz падкрэслівала, «што іншыя лідары дзяржаваў першага прэзідэнта не згадваюць, ды і ў нашай краіне ў рамках дэелбасізацыі пра яго лішні раз казаць не варта — улады гэта не любяць». Не прайшлі міма ў Астане і тэлефонных размоваў Лукашэнкі і Назарбаева.
Язык да Астаны давядзе
Найбольшага ж накалу двухбаковыя стасункі дасягнулі ў жніўні 2024 года. Тады ў інтэрв’ю «Россия 1» Лукашэнка раскрытыкаваў «некаторыя нашы постсавецкія дзяржавы», якія «ад Расеі хочуць нечага ўзяць, а ўзамен нічога не даць».
У прыватнасці, у інтэрв’ю прагучала крыўда Лукашэнкі на падзеі студзеня 2022 года, «калі ў Казахстане «нешта здарылася». Тады, паводле яго, Такаеў звярнуўся «не да Кітаю, Індыі або Пакістану», а да Расеі і Беларусі.
«Вось „Пуцін, Лукашэнка, дапамажыце!“ І мы перакінулі туды цягам паўдня — нашыя ўжо самалёты там прызямляліся ў Казахстане. Уціхамірылі», — «не ў папрок» сказаў Лукашэнка, заявіўшы, што наступны раз «ніхто вам на дапамогу не прыйдзе».

Адказваць за крыўды Лукашэнкі давялося амбасадару Беларусі Паўлу Уцюпіну, якога выклікалі ў МЗС Казахстану. Кіраўнік ведамства Нуртылеў паведаміў яму, што «Казахстан праводзіць збалансаваную і мірную замежную палітыку згодна са Статутам ААН і асноватворнымі нормамі міжнароднага права».
«Нашая краіна цвёрда ўпэўненая, што ўсе рознагалоссі паміж дзяржавамі павінны вырашацца палітычна-дыпламатычнымі сродкамі. У цяперашніх геапалітычных умовах выпрацаваны кіраўніком дзяржавы замежнапалітычны курс краіны даказаў сваю эфектыўнасць», — сказаў міністр, заклікаўшы Менск «аб’ектыўна ацэньваць пазіцыю Астаны адносна працэсаў, якія адбываюцца».
Менавіта з апошнім дыпламатычным канфліктам казахстанскія журналісты звязваюць словы Лукашэнкі пра сябра Такаева і просьбу не давяраць медыям. Але ці палепшаць яны стасункі паміж краінамі, пакуль казаць зарана. Асабліва з улікам усё большай фрагментацыі постсавецкай прасторы.
Макар Мыш belsat.eu