Аналітыка

Якую «гістарычную праўду» абараняюць улады?

Беларускія піянеры ў форме ў стылі мілітары. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Беларусь Сегодня
Беларускія піянеры ў форме ў стылі мілітары. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Беларусь Сегодня
podpis źródła zdjęcia

Апошнім часам з рупараў дзяржаўнай прапаганды, чыноўнікаў і ідэолагаў усё часцей чуецца наратыў пра абарону «гістарычнай праўды». Але што яны пад ёй разумеюць? Бо з іхных выказванняў становіцца зразумела, што праўда – гэта толькі тое, пра што вяшчаюць яны. Аднак факты часта паказваюць, што гэтая «праўда» не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Трэнд на «праўду»


За пошукі і адстойванне гістарычнай праўды актыўна ўзяліся ў апошнія гады, асабліва ў разрэзе гісторыі перыяду Другой сусветнай вайны. Іншыя перыяды «шукальнікаў праўды» цікавяць крыху менш. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу тым, што тая вайна і ўсё, што з ёй звязана, была ўзведзена ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі – спачатку ў Беларусі, а затым і ў Расеі.

Цяпер гэтыя пошукі і адстойванне «гістарычнай праўды» сталі агульнымі для дзвюх дзяржаваў.

Так, 16 чэрвеня, падчас пасяджэння 68-й сесіі Парламенцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі, які адбыўся ў Берасці, дэпутаты прынялі заяву па пытаннях абароны гістарычнай праўды, захавання гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гадоў.

У гэтай заяве яны выступілі за непрымірымую барацьбу з фальсіфікацыяй гісторыі, недапушчэнне зносу помнікаў, вандалізму ў дачыненні да пахаванняў савецкіх салдат, адраджэння ідэалогій выключнасці – нацызму, русафобіі, антысемітызму і іншых відаў практык, якія спрыяюць эскалацыі сучасных форм расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і звязанай з імі нецярпімасці.

Асабліва старанна «абараняць» гэтую «праўду» пачалі пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, у якім Беларусь выканала ролю суагрэсара, надаўшы сваю тэрыторыю для праходу расейскіх войскаў. І чым больш Расея ўвязвала ў вайне ва Украіне, тым часцейшымі рабіліся спробы абгрунтаваць «праўду гэтай вайны» праз «праўду вайны той».

Наймацней гэта стала адчувацца сёлета – у 80-ю гадавіну Перамогі. Яшчэ на пачатку году Уладзімір Пуцін казаў, што «змацаваць» усе мерапрыемствы, праекты і праграмы ў гэтым годзе мусіць «тэма гістарычнай праўды». Па меры набліжэння да Дня Перамогі падобныя заявы станавіліся ўсё больш голаснымі і пафаснымі – у Беларусі ў тым ліку.

Так, ужо Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка падчас форуму, які прайшоў у Валгаградзе, казаў, што нельга расслабляцца ў справе захавання гістарычнай праўды і для гэтага трэба працаваць з моладдзю, нават не разважаючы пра нейкае траўмаванне псіхікі дзяцей, якія могуць убачыць страшныя здымкі той вайны ў СМІ.

На гэтым жа мерапрыемстве Пуцін выказаўся за стварэнне спецыяльнай камісіі па захаванні гістарычнай памяці, галоўнай задачай якой павінна стаць «кансалідацыя палітычных сіл, нашых грамадзян, найперш маладых людзей, вакол сумесных праектаў, накіраваных на абарону гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, пра Другую сусветную вайну, пра подзвігі савецкага народу».

І вось на нядаўнім пасяджэнні 16 чэрвеня дэпутаты саюзнага парламенту падтрымалі ідэю стварэння такой камісіі. Чым яна будзе займацца, як будзе «кансалідаваць палітычныя сілы і маладых людзей» – не ўдакладняецца. Але варта паглядзець на ўсе папярэднія захады беларускіх уладаў, каб зразумець, у якім рэчышчы будзе праводзіцца гэтая праца.

Пасяджэнне 68-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі, на якім была прынята заява пра неабходнасць абароны гістарычнай памяці. Фота: Беларусь Сегодня
Пасяджэнне 68-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расеі, на якім была прынята заява пра неабходнасць абароны гістарычнай памяці. Фота: Беларусь Сегодня

Справа аб генацыдзе


Папярэднія захады выразна сведчаць пра курс на ўзвядзенне ў культ ран і перамог той вайны, нібыта праз тыя раны і перамогі можна атрымаць індульгенцыю ўласным учынкам у вайне ва Украіне. Логіка «абаронцаў праўды» тут прыблізна такая: маўляў, зараз РФ пры падтрымцы свайго саюзніка (то-бок Беларусі) вядзе вайну ва Украіне з нашчадкамі тых, хто чыніў зверствы на тэрыторыі былога СССР. А значыць, гэтая вайна апраўданая.

Ці не таму адной з выразных тэндэнцый у Беларусі стаў наратыў аб генацыдзе беларускага народу? Пра яго зараз гавораць з усіх каналаў, вывучаюць у школе па спецыяльна створаных падручніках, паказваюць па тэлебачанні. Пры гэтым кіруюцца, відавочна, словамі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, каб не шкадаваць дзіцячую псіхіку. Сябра рады Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ірына Кашталян адзначала, што «сачыла за каналам Генпракуратуры» і чула аргументы пра жаданне «паказаць дзецям пабольш фотаздымкаў трупаў, каб яны больш ведалі».

Гісторыкі ж кажуць, што тэрмін «генацыд» сёння набывае палітычнае вымярэнне, і казаць, што падчас Другой сусветнай вайны адбываўся менавіта генацыд беларускага народу, некарэктна, бо ў нямецкіх акупантаў не стаяла задачы знішчэння беларусаў як такіх, адзначаў у размове з «Белсатам» дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі. Так, ні ў якім разе нельга адмаўляць безлічы фактаў, што немцы праводзілі масавыя расстрэлы беларусаў падчас вайны, палілі вёскі і чынілі зверствы, але, на думку гісторыка Паўла Церашковіча, тое, што адбывалася, трэба кваліфікаваць не як генацыд, а як злачынствы супраць чалавечнасці.

Як бы там ні было, у рамках наратыву пра генацыд у Беларусі сёння адбываюцца суды над даўно памерлымі людзьмі, датычнымі масавых расстрэлаў беларускага насельніцтва ў часе Другой сусветнай вайны. Так, 18 сакавіка 2024 года Вярхоўны Суд Беларусі вынес рашэнне ў справе аб генацыдзе беларусаў, пачатай супраць памерлага Уладзіміра Катрука. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 127 Крымінальнага кодэксу РБ («Генацыд»). Па гэтым жа артыкуле судзілі памерлага яшчэ ў 1960 годзе байца 118-га батальёну «Шуцманшафт» Канстанціна Смоўскага. У сакавіку 2024 года генпракурор Андрэй Швед заяўляў, што агулам заведзена 5 справаў па гэтым артыкуле.

На думку гісторыка, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандра Пашкевіча, тэма з генацыдам беларускага народа з'яўляецца адным з яскравых прыкладаў маніпуляцый беларускіх уладаў. Асабліва гэта праявілася пасля 2020 года.

У гэтым, лічыць Пашкевіч, рэжым Аляксандра Лукашэнкі шукае спосаб сваёй легітымізацыі: маўляў, мы перажылі генацыд, і цяпер, нават калі нашы дзеянні жорсткія, рэпрэсіўныя – то гэта толькі таму, што некалі нам зладзілі генацыд і хочуць яшчэ раз гэта паўтарыць.

,,

«І мы – нашчадкі тых, хто перемог у вайне – маем права на любыя злачынствы дзеля таго, каб захаваць сябе», – пераказвае пазіцыю беларускіх уладаў суразмоўца «Белсату».


Больш за тое, апошнім часам улады ўсімі сіламі спрабуюць перакваліфікаваць масавыя пахаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у ахвяраў нацысцкіх расстрэлаў і запісаць у тую ж «папку» генацыду над беларускім народам. Паказальны тут апошні выпадак, калі падчас работ у раёне былой дачы кіраўніка НКУС Лаўрэнція Цанавы былі знойдзены 75 целаў, якіх беларуская пракуратура выдала за ахвяр ваеннага «генацыду беларускага народа». 

Перапахаванне парэшткаў 75 чалавек, знойдзеных непадалёк вуліцы Парніковай у Менску, Чыжоўскія могілкі, 17 чэрвеня 2025 года. Фота: Юрый Мазалеўскі / «Менск-Навіны»
Перапахаванне парэшткаў 75 чалавек, знойдзеных непадалёк вуліцы Парніковай у Менску, Чыжоўскія могілкі, 17 чэрвеня 2025 года. Фота: Юрый Мазалеўскі / «Менск-Навіны»

Адной рукой – супраць, другой – за


Паралельна з раскручваннем тэмы генацыду ў Беларусі пачалася цэлая хваля руйнавання помнікаў, крыжоў і памятных знакаў у месцах, дзе адбываліся расстрэлы рэпрэсаваных падчас сталінскага тэрору (як гэта ўвесь час адбываецца ў Курапатах, ці ў менскай Лошыцы, ці ў Хайсах, якія называюць віцебскімі Курпатамі).

І агулам трэба сказаць, што ў рамках аднаўлення гістарычнай праўды практыка руйнавання няўгодных беларускім уладам помнікаў асабліва пашырылася. Так, помнікі польскім салдатам рэгулярна знішчаюцца: або «невядомымі», як на месцы пахавання салдатаў Арміі Краёвай у Варзянах, або камунальнымі службамі, як у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну (вядома, што без загаду зверху гэтага адбывацца не можа).

А каб добра асэнсаваць маштабы гэтай «праўды», трэба адзначыць, што толькі цягам 2022 года было знішчана або пашкоджана як мінімум 13 пахаванняў. Як пасля гэтага ацэньваць заявы парламентароў Саюзнай дзяржавы пра недапушчальнасць руйнавання помнікаў, аб чым пісалася вышэй?

Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну, зруйнаваныя ўладамі ў жніўні 2022 года. Да і пасля зруйнавання (справа). Фота: Glosznadniemna.pl
Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну, зруйнаваныя ўладамі ў жніўні 2022 года. Да і пасля зруйнавання (справа). Фота: Glosznadniemna.pl

Адзінай праўды быць не можа


На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, гістарычная праўда ў разуменні беларускіх і расейскіх уладаў і іхных прапагандыстаў – гэта тая праўда, якую яны самі такой лічаць. Гэта тая гістарычная канцэпцыя, якую яны прасоўваюць у масы праз свае каналы і абвяшчаюць адзіна правільным разуменнем гісторыі.

Аляксандр Пашкевіч лічыць, што ўлады маюць погляд на падзеі Другой сусветнай вайны, які сфармаваўся яшчэ ў савецкі час, перажыў яго, і дайшоў да нас у трошкі мадэрнізаваным выглядзе. 

,,

«Але ці з'яўляецца гэта праўдай? Звычайна на любую гістарычную падзею ёсць розныя погляды, і ніколі такой строга акрэсленай праўды, строга замацаванай быць не можа, калі гаварыць пра гісторыю як навуку, а не гісторыю як ідэалогію, частку прапаганды», – адзначае Аляксандр Пашкевіч.


Таму калі чыноўнікі Беларусі ці Расеі кажуць пра «захаванне гістарычнай праўды», то гэта найчасцей сведчыць пра іхнае раздражненне на спробы паглядзець на гісторыю інакш, чым прапанавана ідэолагамі.

На думку гісторыка, Беларусь доўгі час захоўвала больш савецкую версію гісторыі, чым Расея, але ў апошнія гады адбываецца ўніфікацыя. Нават георгіеўскія стужкі, супраць якіх беларускія ўлады раней выступалі, цяпер усё шырэй прысутнічаюць у публічнай прасторы.

Падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай айчыннай вайны». Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь
Падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай айчыннай вайны». Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь

Адкрыйце архівы!


Але чаму, шукаючы гістарычную праўду, улады пры гэтым не адкрываюць архівы, у тым ліку архівы КДБ, дзе яшчэ вельмі шмат нявывучаных фактаў?

,,

«Таму што выступленні за праўду – гэта такі чыста ідэалагічны канцэпт, фігура маўлення. Але насамрэч праўда трэба абсалютна канкрэтная – тая, якой яны самі трымаюцца і якую самі хочуць давесці. І любыя звесткі, якія гэтым дзяржаўным канцэпцыям супярэчаць, непажаданыя. Адпаведна, непажадана і адкрыццё нейкіх архіваў, нейкай сур'ёзнай рэфлексіі, дыскусіі і дапускання альтэрнатыўных пунктаў гледжання, таму што яны падрываюць якраз тую праўду дзяржаўную», – кажа Аляксандр Пашкевіч. 


На думку гісторыка, у «сапраўднай праўдзе» нікому ва ўладзе няма патрэбы, патрэбная толькі тая праўда, «якая служыць інтарэсам захавання цяперашняга рэжыму».

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10