Аляксандр Лукашэнка 3 студзеня анансаваў сваю паездку ў Кітай, назваўшы яе «візітам, ад якога нельга адмовіцца». Якія спадзевы ўскладае кіраўнік Беларусі на гэты візіт і чаму ён адбываецца ў разгар агітацыйнай кампаніі перад так званымі выбарамі ў нашай краіне? На гэтыя пытанні «Белсат» шукаў адказ разам з экспертамі.
Сустрэча «ўсепагодных» сяброў
Адразу пасля Новага года Аляксандр Лукашэнка сабраў так званых губернатараў (старшыняў аблвыканкамаў) на нараду, прысвечаную пытанням выбараў, падчас якой заявіў пра сваю паездку ў Кітай. Маўляў, ён сабраў іх цяпер, каб абмеркаваць выбары, бо далей такую сустрэчу правесці не ўдасца: не дазволіць шчыльны графік, у якім ёсць сярод іншага і паездка ў Кітай.
Заявіўшы пра гэта мімаходзь, Аляксандр Лукашэнка тым не менш расставіў некалькі акцэнтаў пра важнасць будучай сустрэчы.
,,«Што такое сустрэча з Сі Цзінь Пінам і візіт у Кітай? Гэта будучыня нашае краіны. Супраца з Кітаем – гэта вялікая справа», – падкрэсліў Лукашэнка.
Гэта будзе ўжо трэці візіт беларускага палітыка ў Кітай цягам двух гадоў. Папярэднія два адбыліся ў 2023 годзе: першы – у канцы лютага – пачатку сакавіка, а другі – у пачатку снежня. Асаблівасцю апошняй сустрэчы было тое, што дзеля яе Лукашэнка перарваў свой візіт у ААЭ, дзе браў удзел у Сусветным саміце ў пытаннях барацьбы са зменамі клімату, таму яна выглядала як раптоўная і незапланаваная.
Сёлетняя сустрэча таксама не анансавалася ў дзяржаўных медыях, і яе адметнасць у тым, што адбываецца яна падчас агітацыйнае кампаніі, якая стартавала ў Беларусі напярэдадні так званых выбараў 26 студзеня. Ці сапраўды Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўсё напярэдадні выбараў пад кантролем, а таму такія далёкія візіты не зробяцца перашкодаю для ўнутраных працэсаў? Або ўсё ж у Кітай яго прыцягвае нешта асабліва тэрміновае, што не церпіць адкладу? Спыталі экспертаў.
Палітычны чыннік – галоўны
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Валер Кавалеўскі мяркуе, што Аляксандр Лукашэнка пачувае сябе даволі ўпэўнена на гэтым этапе перадвыбарчай кампаніі і на нарадах, падобных да той, што адбылася 3 студзеня, дэманструе, што трымае сітуацыю пад кантролем. У краіне працягваюцца рэпрэсіі, што ёсць галоўным інструментам Лукашэнкі для таго, каб сітуацыя развівалася паводле ягонага сцэнара. Таму можна сказаць, што на гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка спакойна пакідае краіну, каб наведаць Кітай.
Тым жа часам, на думку Валера Кавалеўскага, паездка ў Кітай сапраўды выглядае невыпадковаю: нягледзячы на тое што пакуль нічога невядома пра змест, мэты і задачы гэтае паездкі, можна сказаць, што палітычны бок візіту значна больш важны за яго практычную частку.
,,«У кантэксце перадвыбарчай кампаніі выглядае, што гэты выбар для візіту Лукашэнкі зроблены стратэгічна, ён паказвае, што, маўляў, паглядзіце з кім я. Кітай – тая краіна, якая дапамагае нам пераадольваць гэты складаны этап у гісторыі Беларусі», – адзначае Валер Кавалеўскі.
Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, у сваю чаргу, заўважае, што ў межах «спакойнага сцэнару развіцця падзеяў» гэтая паездка пайшла б Лукашэнку ў плюс, бо падвышала б «вартасць беларускага кіраўніка на міжнароднай арэне», бо Кітай – цяжкавагавік у сусветнай палітыцы.
«Але як іншых варыянтаў няма, то Кітай – гэта тое, чым можна казыраць. Бо паездкаю ў Расею ўжо нікога не здзівіш, а тут вось запрасілі моцныя гэтага свету, і ён туды едзе», – адзначае Яўген Красулін.

Запрасілі ці напрасіўся?
На думку Валера Кавалеўскага, гэтая сустрэча магла быць ініцыяваная беларускім бокам: «каб кітайскі бок прапанаваў Лукашэнку прыехаць менавіта ў час перадвыбарчай кампаніі, бо гэта важна для таго, каб прадэманстраваць беларусам, што Лукашэнка міжнародна прызнаны, што ў яго ёсць важныя партнёры».
Як дыпламат, Кавалеўскі адзначыў, што падобныя візіты могуць рыхтавацца абсалютна па-рознаму: на адны могуць пайсці гады, іншыя могуць рыхтавацца вельмі хутка. Але ў канкрэтна гэтага візіту ёсць прыкметы, што яго рыхтаванне вялося вельмі паспешна, бо пра яго не было ніякіх абвестак раней, ён нідзе не абмяркоўваўся.
«Такім чынам, запрашаючы Лукашэнку наведаць Кітай на гэтым этапе, Пекін ускосна, але ўсё ж паказвае [яму] палітычнае падтрыманне. Бо звычайна ў вонкавай палітыцы, у міжнародных адносінах краіны ўстрымліваюцца ад таго, каб мець такія значныя візіты, слаць такія сігналы перад такімі важнымі палітычнымі падзеямі, як выбары… каб гэта не выглядала як спроба нейкім чынам уплываць на вынікі электаральных кампаніяў», – адзначыў Валер Кавалеўскі.
Пры гэтым, мяркуе Кавалеўскі, Лукашэнку такое падтрыманне з боку Пекіну зусім не лішняе, калі браць пад увагу ягоныя складаныя стасункі з Уладзімірам Пуціным: такі кантакт абсалютна будзе заўважаны ў Крамлі, ад волі якога залежыць, ці будзе Лукашэнка далей заставацца ва ўладзе.
Яўген Красулін, у сваю чаргу, адзначае, што Кітай насамрэч ніколі «не дае свайго ўхвалення напярэдадні чаго-небудзь», а будзе глядзець па выніку: калі выбары ў Беларусі пройдуць спакойна і Лукашэнку напішуць патрэбную колькасць галасоў, каб застацца пры ўладзе, тады, канешне, Сі Цзінь Пін першым дашле тэлеграму з віншаваннем.
,,«Калі гэтага не адбудзецца, не трэба думаць, што для Кітаю гэта будзе вялікая драма… Для Кітаю галоўны той, хто кантралюе тэрыторыю дадзенай дзяржавы. І калі замест Лукашэнкі прыйдзе хтосьці іншы, Лукашэнку адразу забудуцца і будуць наладжвацца кантакты з новай уладаю. Бо такая ў Кітая канцэпцыя, яна склалася гістарычна даўно, і яны ад гэтай канцэпцыі пакуль не адыходзілі, яны не будуць зноўку прыкладаць вялікіх высілкаў, каб дапамагчы Лукашэнку захаваць сваю ўладу ў Беларусі», – адзначыў Яўген Красулін.
За стол перамоваў
Не сакрэт, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка намагаецца ўсімі сіламі выбіць сабе месца за сталом мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінаю. Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што менавіта Кітай можа зрабіцца краінаю, якая паспрыяе таму, каб ён заняў адно з крэслаў перамоўнага працэсу.
На думку Валера Кавалеўскага, гэтае пытанне сапраўды прыярытэтнае для Лукашэнкі, нароўні з тым, як пройдуць так званыя выбары 26 студзеня. Кітай у гэтым сэнсе важны, перакананы наш суразмоўца, але «ўсё ж не вызначальны», як, напрыклад, Расея, Украіна і ЗША. Аднак заручыцца кітайскім падтрыманнем у імкненні Аляксандра Лукашэнкі трапіць за стол перамоваў будзе для яго не лішнім.
Яўген Красулін у гэтым пытанні больш катэгарычны: ён упэўнены, што Аляксандр Лукашэнка стаўся таксічнай персонаю, а Кітай цяпер робіць сабе імідж «уплывовага і паважанага на міжнароднай арэне гульца». «І калі гэты гулец будзе за стол перамоваў цягнуць такую персону, як Лукашэнка, гэта толькі ў мінус Кітаю. Кітаю гэта не трэба. У яго ёсць свае падыходы, сваё бачанне – навошта яму ўскладняць задачу набліжэння да рэалізацыі яго бачання ці, скажам, пабудовы нейкіх кампрамісных варыянтаў? Лукашэнка тут толькі будзе замінаць рэалізацыі гэтага плану, таму я думаю, што Кітай хутчэй будзе супраць таго, каб Лукашэнка ўдзельнічаў у гэтых перамовах. Як, уласна, і большасць удзельнікаў патэнцыйнага працэсу», – падкрэсліў Красулін.

Чаму адмаўляцца нельга
Такім чынам, сапраўды гэты візіт робіцца для Аляксандра Лукашэнкі такім, ад якога нельга адмовіцца, бо на кон пастаўленая сума розных чыннікаў. Сярод іх Валер Кавалеўскі называе і суб’ектнасць Лукашэнкі, і ягоныя шанцы на выбарах, ягоную рэпутацыю, імідж у вачах беларусаў. Таксама, на думку Кавалеўскага, сюды можна аднесці магчымасць прадэманстраваць Расеі адсутнасць абсалютнай залежнасці Лукашэнкі ад Пуціна і магчымасць для палітычнага манеўру. Тут жа і развязанне нейкіх практычных задачаў.
«Але ёсць таксама і сур’ёзнае спадзяванне з боку Лукашэнкі на тое, што Кітай будзе далей дапамагаць Беларусі праходзіць эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя выпрабаванні, якія ёсць у краіне. Сапраўды, Кітай на сённяшні дзень – адна з найбольш важных краінаў у міжнароднай палітыцы, і любы кантакт з кітайскім лідарам будзе для Лукашэнкі такім значным плюсам у ягоным міжнародным рэйтынгу», – падкрэсліў Валер Кавалеўскі.
Суразмоўца адзначае, што гэта ўсё мае вялікае значэнне для Лукашэнкі, бо «ёсць вельмі сур’ёзныя чыннікі, што стрымліваюць міжнароднае прызнанне і нармалізацыю стасункаў з міжнароднаю супольнасцю: удзел у вайне, рэпрэсіі, працяг мігранцкага крызісу, крызіс у супрацьстаянні з Еўразвязам.
Але, уважае Кавалеўскі, Лукашэнка будзе патроху разгойдваць гэтую міжнародную пазіцыю, а таму яму неабходна прадэманстраваць нават краінам Захаду, што ён не ізаляваны, што палітыка ізаляцыі супраць яго не працуе і што ў яго ёсць магчымасць падтрымліваць палітычныя кантакты і рэалізоўваць свае эканамічныя і гандлёвыя інтарэсы ў самых розных краінах. «І Кітай у гэтым сэнсе выглядае надзвычай выгадна для Лукашэнкі», – рэзюмаваў Валер Кавалеўскі.
Раман Шавель belsat.eu