навіны

Маршалак польскага Сейму распавёў, што мусіць зрабіць Лукашэнка, каб мець транзітныя калідоры

Маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня.
Маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня. Фота: marszalek.sejm.pl
podpis źródła zdjęcia

Маршалак польскага Сейму Шыман Галоўня на канферэнцыі ў пытаннях бяспекі GLOBSEC заявіў, што Польшча працягвае ціск на рэжым Лукашэнкі для вызвалення Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітвязняў. Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

«На дыпламатычным узроўні мы робім усё магчымае, каб паслаць Лукашэнку сігналы, што ён мусіць вызваліць палітвязняў, — сказаў Шыман Галоўня, адказваючы на пытанне «Свабоды». — Што калі ён хоча адкрыцця памежных пераходаў, калі ён хоча мець транзітныя калідоры, яму трэба супрацоўнічаць з намі ў гэтым пытанні. Мы спрабуем паказаць, што калі ён не будзе супрацоўнічаць, дык наступствы для яго, для ягонага рэжыму і для ягонай краіны будуць сапраўды складанымі».


Галоўня назваў «гістарычным» нядаўні візіт прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў Польшчу і Украіну. Паводле польскага палітыка, «гэта быў значны сігнал не толькі для Расеі, але і для Лукашэнкі».


Маршалак польскага Сейму таксама адзначыў, што міграцыйны ціск на польскую мяжу з боку Беларусі істотна знізіўся параўнальна з тым, што было некалькі месяцаў таму ці год таму. Паводле яго, гэта адбылося дзякуючы крокам польскага ўраду.


Пры гэтым Галоўня прызнаў, што польскія палітыкі часам не ведаюць, «на якія кнопкі варта націскаць, каб актываваць працэсы ў Беларусі».


Нагадаем, на мінулым тыдні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв’ю «Kanał Zero» паведаміў, што Варшава працягвае актыўныя намаганні па вызваленні беларускага палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута і бачыць пэўныя «сімптомы зменаў» з беларускага боку. «Я думаю, мы нашмат бліжэй [да вызвалення Пачобута]. Мы не на паўкроку бліжэй. <…> Мы вельмі старанна працуем, і я бачу сімптомы зменаў з іншага боку. <…> Мы значна бліжэй», – заявіў прэзідэнт. 


Глеб Нержын belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10